У Беларусі будзе забяспечана далейшае стабільнае развіццё на аснове ўжо дасягнутых раней вынікаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка на нарадзе па актуальных пытаннях развіцця краіны, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы дакладна вызначыў параметры і крытэрыі далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Фармулюючы мэту нарады, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Паспрабую зрабіць гэта сумленна і шчыра. Кожны з кіраўнікоў галін улады і вышэйшых службовых асоб — тыя, хто хочуць працаваць у новым пяцігоддзі, — пры назначэнні на сваю пасаду павінен даказаць сваю здольнасць кіраваць».
Прэзідэнт заўважыў, што з 1 студзеня пачынаецца новы пяцігадовы перыяд, і ён павінен вызначацца сваёй навізной. Менавіта таму патрабаванні да новага ўрада асаблівыя. «Асабліва гэта датычыцца ўрада, Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Бяспекі, сілавых структур. Аб галінах улады я ўжо сказаў. Па-старому працаваць будзе немагчыма, і не толькі таму, што гэтага ад нас патрабуе час, перш за ўсё, гэтага ад вас буду патрабаваць я», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што вялікая ўвага разам з членамі ўрада будзе ўдзелена губернатарам. «Таму што самае галоўнае пытанне, ад якога залежыць суверэнітэт і бяспека краіны, — гэта эканоміка. А эканомікай у краіне займаюцца ўрад, губернатары і падпарадкаваныя ім структуры. У сувязі з гэтым вы будзеце абавязаны — усе, нават тыя, хто не назначаецца Прэзідэнтам, — прадставіць канкрэтныя планы сваіх дзеянняў. Вышэйшыя службовыя асобы — да назначэння на пасады, усе астатнія — за канкрэтны перыяд», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, звяртаючыся да членаў урада, што наперадзе цяжкая і канкрэтная работа. «Схавацца за нечыя спіны не атрымаецца. Хто не можа і не гатовы — ва ўладу лепш не хадзіце», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што цяпер шмат дыскусій наконт будучага складу ўрада. «Урад будучага пяцігоддзя, у асноўным, і ўсе органы ўлады сфарміраваны да прэзідэнцкіх выбараў. Я аб гэтым гаварыў, другія прэзідэнцкія выбары так праходзяць. Людзі павінны ведаць, хто будзе працаваць пасля выбараў, калі гэтага Прэзідэнта выберуць. І наступнае, што мною было сказана, — тыя, хто за гэты перыяд пакажа сваю недзеяздольнасць, з улады пойдуць. Вось таму мне трэба вызначыцца, хто будзе працаваць, а хто пойдзе. Кожны з вас павінен даказаць сваю дзеяздольнасць. Я не хачу, каб людзі гэта зразумелі так, што заўтра мы павыганяем дзяржслужачых. Не дай бог, нехта будзе зыходзіць з крытэрыяў асабістай адданасці «падабаецца — не падабаецца», «дагадзіў — не дагадзіў». Гэта зноў жа пытанне чыстаты нашай улады», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы перасцярог чыноўнікаў ад фанабэрыі і непаважлівага стаўлення да людзей. «Людзі вельмі скардзяцца на чыноўніцкую фанабэрыю. Мы развучыліся размаўляць з людзьмі», — выказаў нездаволенасць Прэзідэнт і падкрэсліў, што такі стыль работы з боку чыноўнікаў зусім недапушчальны, паколькі інтарэсы і праблемы людзей павінны быць самым галоўным для ўсіх органаў улады.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў грамадстве назбіралася вялікая крытычная маса чаканняў, не задаволіць якія ўлада не мае права. Пры гэтым ён падкрэсліў, што не хоча згуляць на папулізме, які павінен быць поўнасцю выключаны з палітыкі. Людзі чакаюць змяненняў да лепшага. «І асаблівасць праведзеных выбараў можна ахарактарызаваць наступным чынам: мы вас падтрымаем і падтрымалі, але патрэбны змяненні да лепшага», — сказаў Прэзідэнт аб пажаданнях людзей. Галоўнае, паводле яго слоў, — забяспечыць рост узроўню жыцця. Тыя, хто выбіраў Прэзідэнта, разлічваюць менавіта на гэта. «Я не кажу якім чынам. Усе вы павінны даць людзям работу і запатрабаваць за прадукцыйнасць працы», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.
Так, урад павінен удзяліць самую сур’ёзную ўвагу пытанням цэнаўтварэння. «Людзі вельмі незадаволены сістэмай цэнаўтварэння, і яны маюць рацыю», — лічыць Прэзідэнт. «Возьмем адно пытанне: хто ў выніку гэтага цэнаўтварэння, а яно звычайна вядзе да росту цэн (асабліва, калі гэта бескантрольна), кладзе асноўныя даходы і грошы ў кішэнь. Вытворца? Як жа. Тыя, хто вырабляе тавары, атрымліваюць мізэрны прыбытак. А тыя, хто потым працуе з гэтым таварам, атрымліваюць шмат незаробленых грошай», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў удзяліць максімальную ўвагу экспарту прадукцыі. «Вельмі важным з’яўляецца пытанне росту вытворчасці і ў сувязі з гэтым — экспарту выпускаемай прадукцыі. Патрабую ад вас у гэты крызісны час распісаць літаральна «паштучна», калі хочаце, кожны трактар, аўтамабіль, кілаграм мяса і малака і вызначыць, куды мы іх будзем пастаўляць, хто адказны, — сказаў Прэзідэнт. — Кантроль — штоквартальны, па некаторых пазіцыях — штомесячны». Кіраўнік дзяржавы лічыць, што адказ на праблемы просты: «Трэба вырабіць прадукцыі як мага больш і прадаць яе па максімальнай цане. Грошы вярнуць у краіну».
Працягваючы тэму рэформ у эканоміцы, Прэзідэнт падкрэсліў, што яны будуць накіраваны на ўдасканаленне ўжо існуючага, а не яго ломку: «Рэфармаваць будзем, удасканальваючы тое, што ёсць». Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што няма і не будзе грошай на тое, каб дашчэнту ламаць нешта, а потым гераічна аднаўляць. «Гэта зусім не значыць, што мы спынімся і застынем, — сказаў Прэзідэнт. — Сістэма толькі тады здольна жыць і выжываць, калі яна пастаянна знаходзіцца ў руху і ўдасканальваецца». Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дадаў: «У нас дастаткова сіл і сродкаў, каб не спыняцца, а ўдасканальвацца». «І ў гэтым сутнасць нашых рэформ», — заявіў ён.
Прэзідэнт таксама перасцярог ад беспадстаўнага скарачэння колькасці працуючых на буйных прадпрыемствах. Паводле яго слоў, да гэтых пытанняў трэба падыходзіць вельмі акуратна і абдумана. «Людзей, якія хочуць працаваць, выкідаць на вуліцу ніхто не мае права. Атрымаеце за гэта крымінальную адказнасць», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі, то гэта пытанне будзе вырашацца толькі з улікам меркавання людзей. Паводле слоў Прэзідэнта, некаторыя прапануюць цяпер прыняць рашэнне наконт гэтага. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што людзі самі павінны вызначыцца, ці неабходна ў бліжэйшы час уносіць такія змяненні. Ён нагадаў, што яшчэ ў перадвыбарны перыяд гаварыў аб тым, што пенсійны ўзрост давядзецца павышаць. «Нам трэба яго павышаць, але людзі гэтага не хочуць. Таму ў нас у краіне невялікія пенсіі. Мы сёння маем той пенсійны фонд, які маем», — падкрэсліў Прэзідэнт. На яго думку, у любым выпадку пытанне павышэння пенсійнага ўзросту можа «вырашацца праз людзей». «Мы павінны параіцца з імі, будзем іх пераконваць, прасіць іх згоды», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Мы папросім у іх падтрымкі, — дадаў Прэзідэнт. — Пагодзяцца — правядзём змяненні. Не — значыць, не».
«Мы ўсюды пішам — дзяржава для народа. Дык давайце слухаць народ», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі заявіў, што выканальніцкая дысцыпліна застаецца пытаннем нумар адзін, паколькі без яе немагчыма рэалізаваць ніводнае мерапрыемства.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад чыноўнікаў аптымізацыі колькасці працуючых у падпарадкаваных ім дзяржструктарах, і за кошт перш усяго гэтага правесці павышэнне зарплаты. «Такога ўзроўню зарплаты і грашовага забеспячэння, якія цяпер ёсць у краіне, не павінна быць да канца будучага года. Гэта галоўная мэта нашай работы», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі патрабуе таксама ад чыноўнікаў выключыць паператворчасць і бюракратызм. «Паператворчасць павінна быць выключана цалкам, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Не дай бог, мне паскардзяцца, што хтосьці з вышэйстаячых патрабуе лішняй, незразумела якой інфармацыі або запрашэння да размовы на нарады, часам бескарысныя, крыўдуйце на сябе. Дні вашы ва ўладзе будуць злічаны». Звяртаючыся да членаў урада, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: «Не перашкаджайце людзям працаваць. Гэта датычыцца ўсіх — і ў эканоміцы, і ў дзяржструктурах, і ў праваахоўных органах, а таксама ў арміі. Ніякіх лішніх званкоў, патрабаванняў інфармацыі і лішніх скліканняў у цэнтр для таго, каб правесці нейкія нарады. Наконт гэтага мною прыняты рашэнні і прашу іх выконваць». «Нарады — толькі ў пазарабочы час, — запатрабаваў Прэзідэнт. — Лепш едзьце на вытворчасць і там вырашайце пытанні».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адкрываецца новая старонка ў развіцці нашай дзяржавы і мы разам павінны адкрыць гэту старонку — сумленна, прынцыпова, адказна. Наперадзе нас чакаюць вельмі сур’ёзныя выпрабаванні, — папярэдзіў Прэзідэнт. — Неабходна забяспечыць не толькі далейшае развіццё, але і захаванне суверэннай незалежнай краіны, якую мы з вамі стварылі». Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, на разварушванне часу няма. Усе сілы і энергію трэба пераключыць на вырашэнне самых актуальных пытанняў.
Менавіта таму на праведзенай нарадзе былі заслуханы службовыя асобы, якія знаходзяцца на ключавых дзяржаўных пасадах. Галоўным пытаннем абмеркавання быў стан і перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Урад прадставіў сваё бачанне далейшага развіцця рэспублікі. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пачатая размова будзе прадоўжана. У прыватнасці, на ўзроўні Прэзідэнта будуць разгледжаны пытанні бяспекі, а таксама асобная размова адбудзецца з кіраўнікамі іншых галін улады.