У Цэнтрвыбаркаме сёння адбылася жараб’ёўка выступленняў кандыдатаў у прэзідэнты на тэлебачанні і радыё, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам кандыдатам у прэзідэнты Беларусі прадастаўлена магчымасць выступіць на бязвыплатнай аснове на тэлебачанні (у эфіры тэлеканала «Беларусь 1») і радыё (у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё) па два разы. Працягласць кожнага выступлення абмежавана 30 мінутамі.
Па тэлебачанні ўсе выступленні будуць трансліравацца ў 19.30 — найбольш рэйтынгавы час. Першыя выступленні кандыдатаў у прэзідэнты пачнуцца ўжо на наступным тыдні і пройдуць з аўторка па пятніцу — 15, 16, 17 і 18 верасня. Праз тыдзень кандыдаты ў прэзідэнты змогуць выступіць яшчэ раз — 22, 23, 24 і 25 верасня.
Для выступлення на радыё адводзіцца час раніцай — з 6.10 да 7.10. Першыя выступленні па радыё выйдуць у эфір 23 і 25 верасня. Права на наступныя выступленні кандыдаты ў прэзідэнты могуць рэалізаваць 30 верасня і 2 кастрычніка.
Па выніках жараб’ёўкі Сяргей Гайдукевіч выступіць на тэлебачанні 15 верасня і 25 верасня; на радыё — 23 верасня (6.10 — 6.40) і 30 верасня (6.10 — 6.40).
Таццяна Караткевіч выступіць на тэлебачанні 17 верасня і 24 верасня; на радыё — 25 верасня (6.10 — 6.40) і 2 кастрычніка (6.40 — 7.10).
Аляксандр Лукашэнка (канверт цягнуў яго прадстаўнік Міхаіл Орда) атрымаў час для выступлення на тэлебачанні 16 верасня і 23 верасня; на радыё — 23 верасня (6.40 — 7.10) і 30 верасня (6.40 — 7.10).
Мікалай Улаховіч выступіць на тэлебачанні 18 верасня і 22 верасня. Што датычыцца радыё, гэтаму кандыдату будзе выдзелены час 25 верасня (6.40 — 7.10) і 2 кастрычніка (6.10 — 6.40).