Пачаўся новы навучальны 2015-2016 год. Старт яму быў дадзены на ўрачыстых школьных лінейках, якія прайшлі ва ўстановах адукацыі Дзятлаўшчыны 1 верасня.
Свята першага званка у гімназіі №1 горада Дзятлава наведалі старшыня райвыканкама І. І. Крахмальчык, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І. С. Кухарэвіч, начальнік упраўлення спецыяльных работ горада Дзятлава ААТ «Будкомплекс» А. В. Лашко.
Віншаванні гімназісты прымалі таксама ад сваіх настаўнікаў і бацькоў.
Пасля ўрачыстай лінейкі дзеці накіраваліся на першы ў гэтым навучальным годзе ўрок па тэме «На цябе, наша моладзь, надзея». Таксама на ўрачыстых лінейках ва ўстановах адукацыі Гродзеншчыны сёлета стартаваў марафон ведаў па гісторыі вайны, прымеркаваны да 70-годдзя Вялікай Перамогі. У Дзятлаўскай гімназіі марафон распачаўся з флэшмоба, у час якога у неба былі выпушчаны паветраныя шары — як сімвал мірнага жыцця, шчаслівага дзяцінства.