Нашы – таксама бягуць

Падзеі

DSC02502

13 верасня ў сталіцы прайшоў мінскі міжнародны паўмарафон (“Polo Марафон”). У забегах гэтага добраахвотнага мерапрыемства прынялі ўдзел больш за 16 тысяч спартсменаў і аматараў, больш за 400 замежных бегуноў з 33 краін свету. На бегавой дарожцы паўмарафона былі і дзятлаўчане.

DSC02494

Забегі ладзіліся на дыстанцыі 5 кіламетраў, 10 кіламетраў 550 метраў, 21 кіламетр 97 метраў (непасрэдна паўмарафон). Дзецям прапаноўвалася паўкіламетровая дыстанцыя. Дарэчы, унучка Сяргея Чудзілоўскага таксама паўдзельнічала ў забегу.

DSC02506

Менш чым дзясятая частка ўдзельнікаў “Polo Марафона” (крыху больш за тысячу чалавек) наважылася пераадолець найбольшую дыстанцыю. Сярод іх – трое нашых бегуноў. Дзятлаўчане Юрый Скрабец і Міхаіл Бельскі, а таксама ураджэнец Дзятлаўшчыны Сяргей Чудзілоўскі загадзя зарэгістраваліся на ўдзел у мерапрыемстве, атрымалі стартавыя нумары і паўдзельнічалі ў адным з самых масавых у Беларусі забегаў апошняга часу.

marafon_yerch_tutby_phsl_20150913_yyd_8219 (1)

Дзятлаўчане прыйшлі да фінішу з вынікам 1 гадзіна 45 хвілін, апынуўшыся ў першай палове фінішнага рэйтынгу.

— Бельскі са Скрабцом перасеклі фінішную рысу разам, нават абняўшыся, абодва фінішавалі 430-мі, – расказвае Лілія Бельская, якая ездзіла з дачкой на паўмарафон як група падтрымкі.

— Што вас больш уразіла на мерапрыемстве? – пытаюся ў яе.

— Калі фінішавалі ўдзельнікі паўмарафона, іх на фінішы чакалі блізкія людзі. Адзін з бегуноў адразу пасля фінішу, прабегшы больш за 21 кіламетр, стаў на калена перад сваёй дзяўчынай, дастаў пярсцёнак і зрабіў ёй прапанову выйсці за яго замуж. Гэта было прыгожа!

Лілія Дзмітрыеўна дадае, што ўсе іх перасцярогі, якія тычыліся надзвычай масавага мерапрыемства, былі марнымі. Мінскі “Polo Марафон” быў добра арганізаваны: маршрут пачынаўся ад Палаца спорта і праходзіў па цэнтральных вуліцах Мінска, па ўсім маршруце дзяжурылі валанцёры з вадой, самі бегуны, нават незнаёмыя, падтрымлівалі адзін аднаго. Таксама працавалі забаўляльныя пляцоўкі. Па заканчэнні забегу кожны з яго ўдзельнікаў атрымаў памятны медаль ад галоўнага спонсара мерапрыемства – кампаніі Volkswagen.

Пра ўражанні ад мінскага “Polo Марафона” цікаўлюся ў яго непасрэднага ўдзельніка Юрыя Скрабца.

— Юрый Васільевіч, як вы знайшлі мінскі паўмарафон?

— Я даўно займаюся бегам і штогод выбіраю сабе прабегі, у якіх буду ўдзельнічаць. Летась бегаў полацкі паўмарафон імя У. Несцерава, кожны год у маі ўдзельнічаю ў “Прабегу Міру” ў Гродне. І нядаўняе мерапрыемства шырока рэкламавалі, так што і мы не абышлі яго ўвагай.

— Ці паспелі разгледзець Мінск, пакуль беглі?

— Спачатку так… Але апошнія два кіламетры было цяжкавата.

— Вы выбралі самую вяліку дыстанцыю з прапанаваных – 21 кіламетр 97 метраў. Не было сумнення, што не адолееце яе?

— Зусім не было. Маю неаднаразовы вопыт прабегу нават класічных марафонаў (42 кіламетры 195 метраў), так што ўпэўненасць у сваіх сілах была. Падбадзёрваў Міхаіла Бельскага, які ўпершыню бег паўмарафон.

— Якія ўражанні пакінуў у вас першы “Polo Марафон”?

— Самыя лепшыя ўражанні ад арганізацыі і асабліва ад людзей. Усе ўдзельнікі стартаў такія добразычлівыя, нават калі мы не разумелі мову адзін аднаго (было нямала замежных бегуноў), адчувалі ўзаемную падтрымку і добры настрой. Спадзяюся, што мінскі паўмарафон стане традыцыйным, а мы будзем і надалей у ім удзельнічаць.

Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *