2 гады 2 месяцы і 2 дні ў Дзятлаўскім раёне вялося будаўніцтва санаторыя рэспубліканскага значэння «Альфа Радон». 28 жніўня адбылася цырымонія яго ўрачыстага адкрыцця, на якой прысутнічалі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Іван Крахмальчык і іншыя высокія госці.
Уладзімір Васільевіч Краўцоў павіншаваў прысутных са знакавай для ўсёй вобласці падзеяй.
— З уводам гэтага санаторыя мы на Гродзеншчыне ў камфортных умовах можам прыняць каля трох тысяч адпачывальнікаў, амаль чвэрць з якіх – замежнікі, – адзначыў кіраўнік вобласці.
Да словаў віншавання далучыўся Іван Крахмальчык. Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама адзначыў, што адкрыццё новага аздараўленчага аб’екта на Дзятлаўшчыне добра паўплывае на раённыя вынікі па экспарце паслугаў, выказаў спадзяванне на далейшае плённае супрацоўніцтва.
Словы ўдзячнасці ўсім, дзякуючы чыёй працы быў пабудаваны і функцыянуе санаторый “Альфа Радон”, выказаў генеральны дырэктар ТАА “Торвлад”, якому належыць новая здраўніца, Сцяпан Сіняўскі:
— Няхай некаторыя кажуць, што ў Беларусі нецікава ўкладваць фінансы. Мы – беларуская кампанія, і 21-ы год паспяхова вядзём бізнэс на сваёй радзіме. Тут працуюць нашы дзеці і, спадзяюся, будуць працаваць нашы ўнукі.
Павіншаваць прысутных з добрым пачынаннем ад імя архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя і блаславіць новую справу прыбылі прадстаўнікі духавенства.
Напярэдадні адкрыцця рэспубліканская камісія па атэстацыі санаторна-курортных установаў надала санаторыю “Альфа Радон” вышэйшую катэгорыю. Новы аздараўленчы аб’ект уяўляе сабой сучасны шматфункцыянальны комплекс, дзе паслугі аказваюцца ў фармаце SPA-medical – прафесійнага лячэння і аздараўлення ва ўмовах павышанай камфортнасці, з прадастаўленнем СПА-сэрвісу. Аднак важны акцэнт у аказанні медыцынскіх паслугаў “Альфа Радона” традыцыйна робіцца на выкарыстанні прыродных багаццяў Дзятлаўшчыны – радонавых водаў і сапрапелевых гразяў возера Дзікае. Профілем санаторыя з’яўляюцца захворванні апорна-рухальнага апарата, нервовай сістэмы, гінекалагічныя і ўралагічныя захворванні. У санаторыі створаны 150 новых працоўных месцаў для дзятлаўчан і жыхароў суседніх раёнаў, працуе самае сучаснае медыцынскае абсталяванне. Адпачываць у “Альфа Радоне” змогуць да 400 чалавек адначасова.
Пасля ўрачыстага адкрыцця гасцей мерапрыемства чакала аглядная экскурсія па санаторыі.
Тэкст і фота Н. АВЯРЧУК