На Дзятлаўшчыне адбыўся Рэгіянальны сход дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць сёмага склікання

Падзеі

8 верасня ў Дзятлаўскім раёне адбыўся рэгіянальны сход  мясцовых Саветаў дэпутатаў 27-га склікання, у якім паўдзельнічаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэй Паўлоўскі (фота 1). У пасяджэнні бралі ўдзел дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, прадстаўнікі Дзятлаўскага райвыканкама, кіраўнікі органаў тэрытарыяльнага самакіравання (фота 2). На сходзе былі падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна за 2011-2014 гады і вызначаны задачы на 2015-2020 гады.
Рэгіянальны сход адкрыў старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён перадаў слова для даклада старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Івану Крахмальчыку.
Іван Іосіфавіч Крахмальчык падвёў вынікі развіцця Дзятлаўшчыны на працягу 2011-2014 гадоў. Па словах старшыні райвыканкама, станоўчыя тэндэнцыі ва ўсіх сферах эканомікі раёна за гэты перыяд захаваны і памножаны. Умацавана матэрыяльная база і павялічаны выпуск прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў, пашыраны яе асартымент; пабудаваны дзве ветраўстаноўкі, завод па выпуску алею; уведзены ў эксплуатацыю супермаркет “Еўраопт” і санаторый “Альфа Радон”.

IMG_9935_1
У сельскай гаспадарцы тэмп прыросту валавай прадукцыі склаў 5,3%; валавы збор збожжа павялічыўся на 56,7 тысячы тон, ураджайнасць – больш чым на 9 цэнтнераў з гектара, чаму паспрыяла павышэнне культуры земляробства. У жывёлагадоўлі і малочнай вытворчасці вядучымі гаспадаркамі застаюцца СВК “Граніт-Агра” і СВК “Жукоўшчына”.
Добрымі тэмпамі ў гэты перыяд у раёне развівалася і будаўніцтва. За чатыры гады ў эксплуатацыю былі ўведзены 33,4 тысячы квадратных метраў жылля, 28 аднакватэрных і 3 шматкватэрных дома ў сельскай мясцовасці, 8 шматкватэрных дамоў у райцэнтры і гарпасёлках Казлоўшчыне і Наваельні. Значныя сродкі з бюджэту былі выдаткаваны на будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры. У раёне былі газіфікаваны 5 населеных пунктаў.
Добрыя навіны па азначаным перыядзе тычацца і адукацыі раёна. Сёлета на Дзятлаўшчыне быў адкрыты Дзіцячы дом сямейнага тыпу; многія навучальныя ўстановы раёна былі адрамантаваны і камп’ютарызаваны.
У галіне аховы здароўя за гэты час таксама быў зроблены значны крок наперад. Амбулаторыі раёна былі пераўтвораны ў амбулаторыі доктара агульнай практыкі; набыта 171 адзінка медыцынскага абсталявання; у раённай паліклініцы створана лакальная камп’ютарная сетка, якая дазваляе дыстанцыйна запісацца на прыём да доктара.
У 2011-2015 гадах праводзілася мэтанакіраваная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў культуры раёна. Лепшыя калектывы і артысты былі ўдзельнікамі і лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсаў; 12 творчых калектываў раёна маюць званне “народны” і 3 калектывы – “узорны”.
Вынікова працуюць Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая школа, спартыўныя арганізацыі раёна.
Таксама планамерна з года ў год вядзецца работа з моладдзю. Штогод часткова ці цалкам фінансуюцца ад 20 да 30 моладзевых мерапрыемстваў раённага і абласнога значэння.
Напрыканцы выступлення старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Іван Крахмальчык нагадаў пра важныя падзеі, якія бліжэйшым часам адбудуцца на Дзятлаўшчыне:
— Важнейшай падзеяй грамадска-палітычнага жыцця Рэспублікі Беларусь і нашага раёна ў тым ліку стануць выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Упэўнены, што выбары пройдуць у нашым раёне на высокім арганізацыйным узроўні.
У лістападзе мы будзем сустракаць гасцей на абласных “Дажынках”. Думаю, што мы справімся з гэтай задачай дастойна і пакажам усё лепшае, што ёсць у нас на Дзятлаўшчыне.
Старшыня СВК “Граніт-Агра”, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Станіслаў Мазур распавёў пра развіццё гаспадаркі на працягу 2011-2015 гадоў. Ён падзяліўся метадамі эфектыўнага прыцягнення і “замацавання” маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы.
Дырэктар Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Сіняк нагадаў прысутным, што сёлета спаўняецца 40 гадоў з пачатку газіфікацыі Дзятлаўскага раёна.
— Тады на балансе наша прадпрыемства было толькі 10 кіламетраў газаправоду, – згадаў Уладзімір Аляксандравіч, – сёння працягласць газаправоду ўсіх ціскаў, якія абслугоўвае Дзятлаўскі раён газазабеспячэння, складае 400 кіламетраў.
Як працуе сістэма газазабеспячэння па ўсім раёне, спецыялісты сёння могуць назіраць дыстанцыйна і аператыўна рэагаваць на сітуацыю. Кіраўнік арганізацыі запэўніў прысутных, што кваліфікаваныя спецыялісты Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння сёння здольныя выконваць задачы любой складанасці, якія датычацца газавай гаспадаркі раёна.
Галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Марыя Максімовіч расказала ўдзельнікам сходу пра навінкі медыцыны, якія за чатырохгадовы перыяд прыйшлі на Дзятлаўшчыну. Адна з іх – магчымасць з машыны “хуткай” перадаваць дыстанцыйна дадзеныя электракардыяграмы ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы, хутчэй ставіць дакладны дыягназ і пачынаць правільнае лячэнне.
Старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі заўважыў, што адзін з важнейшых напрамкаў у рабоце мясцовых Саветаў дэпутатаў 27-га склікання – гэта вырашэнне на месцах пытанняў і праблемаў насельніцтва раёна.
— Ад таго, наколькі хутка і эфектыўна на месцах вырашаюцца праблемы жыццезабеспячэння жыхароў раёна, залежыць грамадскае меркаванне, адносіны да мясцовых органаў улады і, як вынік, стварэнне здаровага мікраклімату ў калектывах, пазітыўнага настрою, – адзначыў Аляксандр Станіслававіч.
Ён заўважыў, што на эфектыўнасць работы мясцовых Саветаў дэпутатаў указвае той факт, што колькасць зваротаў ад насельніцтва ў мясцовыя органы кіравання з 2011 да 2014 года значна скарацілася.
Старшыня Наваельнянскага сельскага Савета дэпутатаў Ірына Кунахавец расказала пра развіццё гарпасёлка за 2011-2015 гады. Сярод важных для населенага пункта падзей – адкрыццё новай АЗС, абнаўленне будынка мясцовай аптэкі, устаноўка станцыі абезжалезвання вады, рэканструкцыя маста, які вядзе ў пасёлак, адкрыццё нядзельнай школы для дзяцей. Таксама хуткімі тэмпамі ў Наваельні развівалася прамысловасць і малое прадпрымальніцтва пры ўдзеле прамых замежных інвестыцый.
Па меркаванні старасты вёскі Чырвоны Бор Парэцкага сельсавета Яўгеніі Філідовіч, галоўным пытаннем для вяскоўцаў застаецца навядзенне парадку на зямлі, і старасты спрыяюць яго арганізаванаму вырашэнню.
Прысутныя маглі пазнаёміцца з работай старастаў Парэцкага сельсавета з прадэманстраванага відэасюжэта. Лепшыя старасты атрымалі Падзячныя лісты і грашовыя прэміі з рук старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Івана Крахмальчыка (фота 3).
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэй Паўлоўскі падзякаваў дакладчыкам за змястоўную інфармацыю пра развіццё Дзятлаўскага раёна:
— Кожны раз, наведваючы Дзятлаўшчыну, заўважаю пазітыўныя перамены ў жыцці рэгіёна. Раён развіваецца, настрой у дзятлаўчан пазітыўны, а гэта – самае галоўнае. Ад імя старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча і ад сябе асабіста хачу падзякаваць усім працаўнікам раёна, дэпутатам усіх узроўняў за іх карпатлівую працу.
Рэгіянальны сход дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 27-га склікання на Дзятлаўшчыне завяршыўся канцэртнай праграмай “Разам за Беларусь!”, якую падрыхтавалі работнікі культуры раёна.

Н. АВЯРЧУК

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *