У нядзелю, 20 верасня, на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве адбылася канцэртная праграма “Моладзь за будучыню нашай краіны”.
Хоць у райцэнтры задажджыла, а 12-й гадзіне на цэнтральнай плошчы горада сабралася нямала школьнікаў і настаўнікаў пад парасонамі і проста цікаўных дзятлаўчан, сярод якіх былі нават маленькія дзеці са сваімі матулямі
Адкрыў канцэртную праграму і звярнуўся да прысутных намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Мікалай Мацюкевіч. Ён нагадаў моладзі і дарослым, што ад актыўнай пазіцыі кожнага з іх на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 11 кастрычніка будзе залежаць будучыня нашай краіны.
Ідэю актыўнага ўдзелу ў надыходзячых выбарах падтрымалі і ўдзельніцы раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”: яны раздалі прысутным памятныя каляндарыкі са слоганам “Усёй сям’ёй – на выбары”.
З лепшымі патрыятычнымі і народнымі беларускімі песнямі перад прысутнымі выступілі мясцовыя работнікі культуры і юныя спевакі. Падтрымалі патрыятычны канцэрт актывісты раённай арганізацыі ГА “БРСМ”, якія ў працяг акцыі “Наш год – наш выбар” раздавалі ўсім жадаючым ужо традыцыйныя чырвоныя яблыкі з вышыванымі стужкамі – сімвал дабрабыту і пераемнасці традыцый.
Тэкст і фота Н. АВЯРЧУК