Дзень Войневіцкага сельсавета

Падзеі

Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Войневіцкага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета” адбылося 31 жніўня. У ім удзельнічалі кіраўнікі райвыканкама, старшыні сельскіх і пасялковых выканкамаў, кіраўнікі шэрагу раённых арганізацый і службаў,  ідэалагічныя работнікі СВК
IMG_6779
З сацыяльна-эканамічным становішчам Войневіцкага сельскага савета ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміў выконваючы абавязкі старшыні сельсавета Д. Баравік.
Войневіцкі сельскі савет быў утвораны ў 1958 годзе, у снежні 2009-га да яго далучаны сем паселішчаў Раготнаўскага сельсавета. Цяпер тэрыторыю сельсавета складаюць 15 паселішчаў, 440 падсобных гаспадарак, 10 911 гектараў зямлі. У паселішчах жыве 881 чалавек, з гэтай колькасці 395 (44,8 працэнта) – працаздольныя, 392 (44,5 працэнта) – пенсіянеры, 94 (10,7 працэнта) – дзеці і падлеткі. У сельскай гаспадарцы працуюць 193 чалавекі. У сельсавеце жывуць  29 адзінокіх людзей, 277 чалавек жывуць адзінока, 5 былых непаўналетніх вязняў, 66 інвалідаў першай і другой групаў, 10 шматдзетных сем’яў.
У 2008 годзе вёсцы Войневічы нададзены статус аграгарадка, яго насяляюць 190 чалавек. Самая шматнаселеная вёска сельсавета – Горка, у ёй жывуць 198 чалавек, самая маланаселеная – Петрашулевічы (4 чалавекі).
Вытворчую і сацыяльную інфраструктуру сельсавета складаюць СВК “Войневічы” (сельгаспрадпрыемства гаспадарыць на 5896 гектарах зямлі), Войневіцкі дзіцячы сад, Войневіцкі, Прудскі, Горкаўскі, Лядзінскі ФАПы, тры гандлёвыя ўстановы, Войневіцкая сельская бібліятэка-клуб, Горкаўская інтэграваная сельская бібліятэка-клуб, Студзераўшчынскі дом фальклору, 2 праваслаўныя царквы.
Усе ФАПы ўкамплектаваны фельчарамі. Са студзеня 2015 года арганізаваны прыём пацыентаў участковым доктарам-тэрапеўтам, які штомесяц выязджае на ФАПы. Ад Дзятлаўскага філіяла аблспажыўтаварыства працуюць тры магазіны змешаных тавараў, 12 паселішчаў па графіку абслугоўвае аўталаўка. Два паштовыя аддзяленні працуюць у Войневічах і Горцы, акрамя ўласна паштовых паслуг, яны дастаўляюць жыхарам розныя спажывецкія тавары. Войневіцкі дзіцячы садок наведваюць 6 дзяцей. Сёлета закрыта Горкаўская базавая школа. 31 школьнік з аграгарадка Войневічы займаецца ў Казлоўшчынскай сярэдняй школе, арганізаваны падвоз дзяцей у школу. У Войневічах працуе лазня.
Аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму (4 сацыяльныя работнікі) абслугоўвае 23 чалавекі, якія адзінокія ці жывуць адзінока: 20 чалавек – на ўмовах поўнай аплаты за абслугоўванне, 3 – на ўмовай частковай аплаты.
На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 2 помнікі воінам-землякам (у Войневічах і Горцы), 6 грамадзянскіх могілак. 4 могілак поўнасцю агароджаны, 2 – часткова (Горка і Пруд).
Актуальнай задачай сельвыканкама з’яўляецца належнае санітарнае ўтрыманне і добраўпарадкаванне паселішчаў. Сёлета праведзены тры суботнікі, высечана кустоўе ў Войневічах, Даўгялавічах, выдалены стыхійныя звалкі ў Прудзе, Лядзінах. Жыхарам сельсавета выпісаны 15 прадпісанняў. Капітальна адрамантавана дарога Войневічы – Талявічы, закончана асфальтаванне дарогі Нянадавічы – Войневічы. Усяго знесена 38 нежылых дамоў (2 – у 2015 годзе), знесены 2 хутары ў Даўгялавічах.
На цэнтралізаваны вываз смецця транспартам ЖКГ заключаны дагаворы ў Войневічах (48 працэнтаў жыхароў) і Горцы (26 працэнтаў). Міні-палігон для збору смецця месціцца каля Войневічаў.
Пры сельвыканкаме дзейнічаюць грамадскія фарміраванні.
Асноўная праблема сельсавета – змяншэнне колькасці жыхароў. Асноўная прычына змяншэння – старэнне насельніцтва і выезд моладзі ў гарады. Штогод колькасць жыхароў сельсавета змяншаецца ў сярэднім на 50 чалавек, што складае каля 5 працэнтаў ад усяго насельніцтва. У 2014 годзе памёр 21чалавек, сёлета – 12. У 2014 годзе нарадзіліся 5 дзяцей, у 2015-м – 6.
Вырашэннем праблемы добраўпарадкавання сельвыканкам займаецца пры актыўным удзеле жыхароў сельсавета і дзейснай падтрымцы мясцовых прадпрыемстваў і ўстановаў.

IMG_6762
Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з работай Войневіцкіх ФАПа і магазіна, агледзелі жылую забудову вуліцаў Маладзёжнай і Паўднёвай у Войневічах, пабылі на жывёлагадоўчым комплексе ў Ёцавічах і збожжатаку ў Войневічах.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Камароў пазнаёміў прысутных з вынікамі анкетнага апытання жыхароў Войневіцкага сельсавета. Рэспандэнты адзначылі паляпшэнне работы сельвыканкама амаль па ўсіх пунктах апытання.
Намеснікі старшыні райвыканкама А. Жыдко і М. Мацюкевіч выказалі свае заўвагі па добраўпарадкаванні паселішчаў у Парэцкім, Вензавецкім, Данілавіцкім сельсаветах, у Наваельні. Работа вядзецца ва ўсіх запланаваных для бягучага добраўпарадкавання паселішчах. Праблемным застаецца належнае санітарнае ўтрыманне нежылых сядзібаў. Пустазелле вырастае і між вёскамі і аб’язнымі дарогамі, заўвага датычыць, у прыватнасці, Гірычаў, Кашкалаў. У Наваельні па задворках вуліцы і завулка Фурсенкі з’яўляецца расліннае смецце. Вядзецца работа ў Таркачах, Марозавічах, Боцкавічах, шмат зроблена ў Ахонаве. Старшыням сельвыканкамаў трэба звярнуць увагу на запоўненасць адпаведным зместам дошак інфармацыі ў паселішчах.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскі інфармаваў пра работу ў Мяляхавіцкім, Дварэцкім, Дзятлаўскім, Казлоўшчынскім, Жукоўшчынскім сельсаветах. Ухвальна адзначыў добраўпарадкаванне могілак у Харашках, работу ў Дукраве. Зрабіў заўвагу па ачыстцы новага асфальту пад Раготнаю – прысыпаны жвірам і будзе разбівацца машынамі. Значных заўваг па стане паселішчаў Казлоўшчынскага сельсавета няма. У Жукоўшчынскім сельсавеце пасля разборкі пабудоваў застаюцца фундаменты, трэба выдаляць усё.

IMG_6748
Вынікі Дня сельсавета падвёў старшыня райвыканкама І. Крахмальчык. У прыватнасці, ён адзначыў, што парадкаванне паселішчаў трэба прадаўжаць і ашчадна ставіцца да ўжо зробленага, падтрымліваць парадак; межы ўсіх СВК павінны быць абазначаны адпаведнымі знакамі на галоўных дарогах; дворнікам камунгаса належыць завяршаць бягучую прыборку вуліц да пачатку рабочага дня; нельга забывацца ў раёне і на небяспеку АЧС – людзям, якія займаюцца свінагадоўляй, трэба пастаянна праз розныя крыніцы інфармавання нагадваць пра патрабаванні да бяспечнага ўтрымання жывёлін.
Наступны Дзень сельсавета прызначаны на верасень у Данілавіцкім сельскім савеце.

Тэкст і фота: Б. ВАРНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *