Беларусь гатова да адкрытага супрацоўніцтва з Індыяй па ўсіх напрамках

Падзеі

Беларусь гатова да адкрытага супрацоўніцтва з Індыяй па ўсіх напрамках. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся з міністрам гандлю і прамысловасці Індыі Нірмалай Сітхараман і Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Індыі ў Беларусі Маноджам Кумарам Бхарці, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Фундаментам любых адносін з’яўляюцца гандаль і эканоміка, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Гандлёва-эканамічныя сувязі — гэта аснова нашых узаемаадносін, і наколькі актыўна будуць узаемадзейнічаць ключавыя міністэрствы Беларусі і Індыі, настолькі паспяховымі будуць двухбаковыя адносіны па ўсіх напрамках».

Вітаючы Нірмалу Сітхараман, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў ёй за візіт і падкрэсліў: «Гэта вельмі важная сустрэча пасля перагавораў на вышэйшым узроўні з Прэзідэнтам Індыі, які наведаў Беларусь у чэрвені бягучага года». Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў час свайго нядаўняга візіту ў Кітай сустракаўся з Прэзідэнтам Пакістана. «І мы вельмі шмат гаварылі пра Індыю, пра тыя намаганні, якія яна прыкладае для нармалізацыі адносін у поўным аб’ёме з гэтай краінай», — расказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў у цэлым узровень узаемаадносін з Індыяй і ў прыватнасці вынікі перагавораў на вышэйшым узроўні з кіраўніком індыйскай дзяржавы. «Мы добра правялі перагаворы і шмат аб чым дамовіліся. Думаю, што ваш візіт будзе каштоўны тым, што мы пачнём рэалізоўваць гэтыя дамоўленасці на практыцы», — сказаў ён. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі няма закрытых тэм у супрацоўніцтве з Індыяй. «Нішто не перашкаджае нам узаемадзейнічаць па любым напрамку», — дадаў ён.

Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, Нірмала Сітхараман у час свайго візіту ў Мінск можа азнаёміцца з магчымасцямі Беларусі ў розных сферах. «І калі ў вас будзе інтарэс да якой-небудзь тэмы, мы гатовы з вамі супрацоўнічаць для рэалізацыі таго ці іншага напрамку», — запэўніў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што Індыя з’яўляецца дружалюбнай для Беларусі краінай яшчэ з савецкіх часоў, і цяпер гэтыя адносіны, якія складваліся дзесяцігоддзямі, развіваюцца і мацнеюць.

Logo BelTA



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *