Беларусь гатова актыўна развіваць эканамічную інтэграцыю ў Еўразіі. Аб гэтым заявіў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, выступаючы на 14-й нарадзе міністраў эканомікі і гандлю краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, праведзенай у горадзе Сіань (КНР), паведамілі БЕЛТА ў Мінэканомікі.
Уладзімір Зіноўскі выступіў з дакладам аб напрамках развіцця супрацоўніцтва з краінамі ШАС і ролі Беларусі ў гэтай арганізацыі. Ён падкрэсліў, што, улічваючы прынятае на саміце кіраўнікоў дзяржаў ШАС ва Уфе 10 ліпеня рашэнне аб павышэнні статусу Беларусі ў арганізацыі да наглядальніка, Беларусь мае намер пашыраць супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, навукова-тэхнічнай, транспартнай, энергетычнай, інфармацыйна-тэхналагічнай, сельскагаспадарчай, гуманітарнай і іншых сферах.
Таксама ён заявіў, што Беларусь гатова актыўна садзейнічаць спалучэнню Еўразійскага эканамічнага саюза і Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, развіваць эканамічную інтэграцыю ў Еўразіі.
Уладзімір Зіноўскі канстатаваў, што, выступаючы ў якасці вузлавой платформы Эканамічнага пояса Шаўковага шляху і важнага транспартна-лагістычнага, інфармацыйна-камунікацыйнага звяна, Беларусь прапануе эфектыўную пляцоўку для рэалізацыі праектаў у Еўразійскім рэгіёне — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» ужо разглядаецца як важны вузел новага Шаўковага шляху. Удзяляецца ўвага рэгіянальнаму гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву.
У гуманітарнай сферы ў якасці ініцыятыў прапануецца стварэнне ў Беларусі Акадэміі Шаўковага шляху, беларуска-кітайскага аналітычнага цэнтра развіцця і іншых асветных устаноў, стварэнне ўмоў, механізмаў і структур па пашырэнні турыстычных і маладзёжных абменаў.
У нарадзе міністраў у горадзе Сіань прынялі ўдзел краіны — члены ШАС, наглядальнікі, у тым ліку Беларусь, і партнёры па дыялогу.
У Мінэканомікі падкрэслілі, што Беларусь падтрымлівае дружалюбныя адносіны і цесныя эканамічныя сувязі практычна з усімі краінамі — удзельніцамі ШАС. У агульным тавараабароце Беларусі за 2014 год гандаль з краінамі — членамі ШАС склаў $42 млрд, або амаль 54 працэнты, і павялічыўся на трэць за апошнюю пяцігодку. Валавыя інвестыцыі краін ШАС у эканоміку Беларусі за гэты перыяд склалі $6,7 млрд, або 43 працэнты ад агульнага аб’ёму замежных інвестыцый.