Яўген Дворык: «Маладосць даецца толькі раз»

Падзеі

Яўген Дворык, галоўны заатэхнік СВК «Граніт-Агра», родам з вёскі Лапушна Данілавіцкага сельскага савета. Цікавы, актыўны, ініцыятыўны — так яго характарызуюць сябры і калегі. Яўген любіць сваю малую радзіму і заўсёды марыў тут жыць і працаваць. Як зазначае сам хлопец, не ўсіх прывабліваюць шумныя гарады са шматпавярховымі дамамі, інтэнсіўным рухам, запоўненым пасажырамі гарадскім транспартам і раўнадушнымі тварамі незнаёмых людзей. Іншая справа — родныя прасторы, з роснымі летнімі ранкамі, бліскучай белізной зімовых краявідаў, цёплым золатам і грыбным пахам восеньскіх лясоў. А яшчэ — шчырыя ўсмешкі знаёмых з дзяцінства людзей, якія абавязкова пацікавяцца, як у цябе сёння справы.
Ужо ў дзявятым класе Яўген Дворык вырашыў, што стане заатэхнікам і абавязкова вернецца працаваць у СВК «Граніт-Агра»:
— У нашай гаспадарцы я ў свой час праходзіў пераддыпломную практыку, паспеў станоўча сябе зарэкамендаваць, таму і быў сюды накіраваны па размеркаванні. Цяпер нават і не ведаю, як бы склаўся далейшы лёс, калі б працаваў не ў «Граніт-Агра», у іншым сельгаскааператыве, магчыма б, і не застаўся пасля адпрацоўкі.

Яўген Дворык
У «Граніце» я змог яшчэ больш палюбіць сваю прафесію, паглыбіць веды, удасканаліць навыкі. Стаць энтузіястам абранай справы атрымалася дзякуючы старшыні гаспадаркі і намесніку па жывёлагадоўлі — людзям, якія здольны зразумець і падтрымаць ва ўсіх пачынаннях, дапамагчы карыснай парадай. Яны прывілі мне пачуццё адказнасці за работу і ўчынкі. А нядаўна гаспадарка выдзеліла мне новы дом. Думаю, моладзь ведае, як сёння складана займець сваё жыллё. Дарэчы, у СВК «Граніт-Агра» працуе шмат маладых людзей, якія засталіся ў калектыве пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі, і ў гэтым, я зноў падкрэслю, вялікая заслуга кіраўніка — Станіслава Станіслававіча Мазура. Наш старшыня зацікаўлены ў маладых кадрах, умее выслухаць любога работніка, дапамагчы ў вырашэнні праблем.
На пытанне, ці лічыць ён сябе шчаслівым і паспяховым, Яўген адказвае:
— Мне падабаецца працаваць на карысць гаспадаркі, расці прафесійна, рэалізоўваць сябе ў якасці спецыяліста. А галоўнае, што дзеля гэтага ў СВК «Граніт-Агра» створаны ўсе ўмовы. І, вядома, прыемна, калі наш сельгаскааператыў займае ў раёне лідзіруючыя пазіцыі па розных накірунках работы, але на вынік заўсёды працуе ўвесь калектыў. Добра, калі людзі разумеюць, для чаго жывуць і працуюць, калі ёсць стымул, тады нікому не захочацца куды-небудзь ехаць, шукаць лепшай долі.
У вольны ад работы час Яўген Дворык не прывык сядзець перад тэлевізарам, ён аматар актыўнага адпачынку. У студэнцкія гады хлопец захапіўся пейнтболам, гуляў у яго з сябрамі. Калі вярнуўся на Дзятлаўшчыну, адчуў настальгію па гульні і падумаў, што ў мясцовай моладзі таксама няма асаблівай альтэрнатывы, дзе і як цікава правесці выхадныя і святы. Так упершыню ўзнікла задумка стварыць свой пейнтбольны клуб «Stalker». Падрыхтаваць пляцоўку для будучых баталій моладзі гаспадаркі дапамог зноў жа кіраўнік — Станіслаў Станіслававіч Мазур. Касцюмы і зброю набылі ў Гродне і Навагрудку. Цяпер клуб праводзіць турніры не толькі для работнікаў сельгаскааператыву, але і для моладзі раёна. Ужо адбыліся дзве раённыя сустрэчы пад эгідай раённай арганізацыі ГА «БРСМ» з удзелам камандаў гаспадарак і прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны, на якіх Яўген быў у ролі галоўнага суддзі. Каб зрабіць гульню яшчэ больш займальнай, хлопцы нядаўна мадэрнізавалі пляцоўку.
— Многія ўдзельнікі пасля раённых турніраў цікавіліся, ці можна згуляць яшчэ, — расказвае Яўген. — Я не супраць, няхай звяртаюцца. Наогул, цаню ў людзях ініцыятыўнасць: не трэба чакаць, пакуль хто-небудзь прапануе, трэба рабіць самому! Мне вельмі падабаюцца такія раённыя моладзевыя мерапрыемствы, як пейнтбол, турзлёт. Тут можна сустрэцца з сябрамі, паразмаўляць, адпачыць. Такія сустрэчы згуртоўваюць калектыў, аб’ядноўваюць моладзь раёна.
Нягледзячы на тое, што Яўген Дворык прыкіпеў сэрцам да роднага раёна, ён любіць падарожнічаць. Як прызнаецца хлопец, ён ужо пабыў ва ўсіх абласных цэнтрах роднай Беларусі, ездзіў у Польшчу і Літву. А яшчэ, нягледзячы на пастаянную занятасць, Яўген знаходзіць час, каб пачытаць. З нядаўна прачытанага і найбольш захапіўшага — Барні Сцінсан «Кодэкс братана».
На развітанне прашу Яўгена Дворыка сказаць некалькі словаў для моладзі нашага раёна.
— Даўжэй заставайцеся маладымі, вясёлымі, здаровымі і шчаслівымі, — жадае Яўген. — Маладосць даецца толькі раз. Яна — падмурак усяго нашага жыцця: што пачнём будаваць цяпер — атрымаецца ў далейшым, чаго не паспеем зрабіць, магчыма, ужо не зробім ніколі!
Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *