Ярмошына: Тры ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты подпісы пакуль не здавалі

Улада

Тры ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты подпісы ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі пакуль не здавалі, заявіла сёння старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына на сустрэчы з кіраўніком місіі наглядальнікаў ад СНД на прэзідэнцкіх выбарах Сяргеем Лебедзевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«На гэты момант з васьмі ініцыятыўных груп, якія працуюць і збіраюць подпісы, тры групы наогул пакуль подпісы не здавалі», — адзначыла старшыня ЦВК. Паводле яе слоў, гэта групы ў падтрымку вылучэння кандыдатамі ў прэзідэнты Анатоля Лябедзькі, Віктара Цярэшчанкі і Жанны Раманоўскай.

«Цяжка сказаць, колькі будзе кандыдатаў у выніку, таму што на гэты момант толькі адна група перасягнула ўстаноўленыя заканадаўствам бар’еры і прадставіла больш як мільён подпісаў — у дзесяць разоў больш, чым патрабуецца», — сказала Лідзія Ярмошына, адзначыўшы, што размова ідзе аб ініцыятыўнай групе дзеючага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Старшыня ЦВК таксама нагадала, што ў краіне да выбараў утвораны 153 тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. На гэты момант ідзе вылучэнне прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій (на тэрыторыі Беларусі іх утворана 6080, яшчэ 49 — за мяжой). 23 жніўня — апошні дзень падачы дакументаў па вылучэнні ў склад участковых выбарчых камісій, а пасля 26 жніўня місія наглядальнікаў ад СНД зможа азнаёміцца з першымі крокамі дзейнасці ўчастковых выбарчых камісій асноўнага звяна.

«Думаю, што да 10 верасня мы зможам зарэгістраваць кандыдатаў у прэзідэнты, пасля чаго пачнецца найбольш цікавы для назірання перыяд выбарчай кампаніі — перыяд перадвыбарнай агітацыі», — падкрэсліла Лідзія Ярмошына.

Як паведамлялася раней, Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў дапусціла да ўдзелу ў зборы подпісаў 8 ініцыятыўных груп: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна, Сяргея Гайдукевіча, Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Улаховіча, Жанны Раманоўскай, Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі. Для таго каб кандыдат быў зарэгістраваны, трэба сабраць не менш як 100 тыс. подпісаў. Пры гэтым канкрэтны грамадзянін Беларусі мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але ён не можа падпісвацца два і больш разы за аднаго прэтэндэнта.

Logo BelTA



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *