Вопыт удзелу БРСМ у цяперашняй выбарчай кампаніі заслугоўвае ўвагі. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі, які прыняў сёння ўдзел у маладзёжным праекце БРСМ «Адкрытыя дэбаты» Выбірай.by!».
«Увагі заслугоўвае вопыт грамадскіх арганізацый і, у прыватнасці, вопыт, які напрацоўваецца самай масавай маладзёжнай арганізацыяй, па ўдзеле ў выбарчай кампаніі. Дзякуючы ўдзелу ў палітычных, грамадскіх працэсах моладзі прадастаўляецца магчымасць для рэалізацыі сваіх грамадзянскіх правоў і наогул самарэалізацыі. Пры гэтым сёння ў свеце ёсць тэндэнцыя даволі пасіўнага стаўлення моладзі да такіх грамадска значных працэсаў. Але ў Беларусі арганізацыя работы з моладдзю праз грамадскія фарміраванні адыгрывае важнае значэнне», — падкрэсліў Ігар Бузоўскі.
Ён таксама адзначыў, што на сённяшнім форуме маладыя людзі не проста выступілі ў якасці слухачоў, а занялі актыўную пазіцыю. Яны выказалі сваё меркаванне аб магчымасці ўдасканалення працэсу выбараў, аб тым, якім чынам неабходна прыцягваць моладзь у электаральную кампанію. Таксама ішла размова аб тым, як стымуляваць удзел і моладзі, і ўсёй грамадскасці ў выбарчай кампаніі. Гаварылася аб сацыяльнай і грамадзянскай адказнасці, што сёння актуальна для маладой дзяржавы, якая развіваецца. «Мы пераканаліся ў ходзе гэтага мерапрыемства, што формы выбраны цікавыя, маю пазіцыю, упэўнены, падзеляць усе ўдзельнікі і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, якія там знаходзіліся. Гэтыя формы даюць магчымасць зацікавіць моладзь, падштурхнуць яе да актыўнага ўдзелу ў выбарчым працэсе», — сказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Пытанні, звязаныя з выбарчай сістэмай Беларусі, у час адкрытых дэбатаў «Выбірай.by!» сёння абмяркоўвалі больш як 200 лідараў БРСМ. Традыцыйна маладзёжныя дэбаты складаліся з трох частак: праектная прэзентацыя, абмен пытаннямі і думкамі, віктарына. У якасці экспертаў на гэты раз выступілі старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына, першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў, а таксама прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь», «Беларускі саюз жанчын», ФПБ, Камуністычнай партыі Беларусі.