У Наглядальны савет па кантролі за захаваннем парадку і правіл правядзення перадвыбарнай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі паступіла адна скарга ад патэнцыяльнага кандыдата ў прэзідэнты. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына.
Яна, у прыватнасці, адзначыла, што галоўная функцыя наглядальнага савета — выступаць у якасці эксперта і даваць парады Цэнтрвыбаркаму ў выпадку атрымання адпаведных скаргаў, у тым ліку на незаконныя дзеянні СМІ або на незаконныя дзеянні, з пункту гледжання кандыдатаў, іншых кандыдатаў і іх каманд. «У такім выпадку яны маюць права звярнуцца са скаргай, савет разгледзіць яе і вырашыць, у першую чаргу з пункту гледжання журналісцкай этыкі і закона аб СМІ», — растлумачыла Лідзія Ярмошына.
Паводле слоў старшыні ЦВК, адна такая скарга паступіла. Яна датычылася некаторых пасажаў у аўтарскай праграме, што выходзіць на беларускім тэлеканале. «Тым не менш гэта выступленне не звязана з выбарчым заканадаўствам. Гэта пытанне павінна быць вырашана ў адпаведнасці з законам аб сродках масавай інфармацыі, і перш за ўсё самім кіраўніцтвам тэлеканала», — падкрэсліла Лідзія Ярмошына.
Як паведамлялася, у склад Наглядальнага савета ўвайшлі: галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон Васюкевіч, генеральны дырэктар агенцтва «Мінск-навіны» Кацярына Дубінская, першы намеснік галоўнага рэдактара газеты «Советская Белоруссия» Міхаіл Лябедзік, першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі, намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Марат Маркаў, галоўны рэдактар газеты «Белорусская нива» Сяргей Міховіч, адказны сакратар Беларускага саюза журналістаў Сяргей Сверкуноў.
Скаргі ў савет наконт тых ці іншых публікацый СМІ, якія закранаюць інтарэсы тых ці іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты, можна падаваць з самага пачатку выбарчай кампаніі.