«Мы — за мір і сяброўства»

Падзеі

Такім сёлета быў дэвіз міжнароднага лагера «Бе-Lа-Русь», які сабраў у палатачным гарадку ў Верхнядзвінскім раёне моладзь трох суседніх дзяржаваў: Беларусі, Латвіі, Расіі. Сярод дэлегатаў ад Гродзенскай вобласці на сустрэчы прысутнічаў і наш зямляк — пажарны аварыйна-ратавальнай часці №1 горада Дзятлава Дзяніс Русін. Карэспандэнтка газеты пацікавілася ў яго, як прайшла сустрэча, што асабліва спадабалася і запомнілася?

р.
— Дзяніс, вы прадстаўлялі молазь Дзятлаўшчыны на міжнароднай сустрэчы. Як гэта атрымалася?
— Мне патэлефанаваў Яўген Баяроўскі — мой знаёмы з Навагрудка. Ён расказаў, што Гродзенскі абласны камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі фарміруе зборную каманду для ўдзелу ў спаборніцтвах па валейболе і дартсе, якія будуць праходзіць у міжнародным моладзевым лагеры «Бе-Lа-Русь». Яўген, ведаючы, што я даўно захапляюся спортам, прапаноўваў маю кандыдатуру і тэлефанаваў, каб высветліць, ці згодны я ехаць. Безумоўна, я даў станоўчы адказ, бо ўжо не раз чуў пра такія сустрэчы, але ніколі не думаў, што і мне выпадзе шанц там папрысутнічаць.
— Значыць, гэта не першае ваша выступленне ў складзе зборнай каманды вобласці?
— Так. Спортам я захапляўся са школьнага ўзросту, удзельнічаў у розных спаборніцтвах. Пазней скончыў факультэт фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. У час студэнцтва даводзілася прымаць удзел ва ўніверсіядзе ў складзе зборнай каманды нашай навучальнай установы. У студэнцкія гады актыўна захапляўся футболам, валейболам, гандболам.
Цяпер таксама стараюся не губляць формы, удзельнічаю ў галіновых, раённых, абласных спартыўных мерапрыемствах. Сярод апошніх і самых цікавых — раённы і абласны турысцкія злёты працоўнай моладзі ў Рыбаках. Я выступаў за каманду СВК «Хвінявічы», якая стала пераможцай. Выступаў сёлета і за зборную каманду МНС Гродзенскай вобласці, якая ўжо другі год запар перамагае ў рэспубліканскіх галіновых спаборніцтвах.
— А як зборная моладзі Гродзеншчыны выступіла ў час сустрэчы ў лагеры «Бе-Lа-Русь»?
— Наогул, ад кожнай краіны-ўдзельніцы прысутнічалі па дзве валейбольныя каманды. За Беларусь гулялі Гродзеншчына і Брэстчына. У выніку беларусы не здолелі перамагчы толькі латышскую моладзь — у іх першае месца. Брэсцкая моладзевая каманда выйшла на другую пазіцыю, а зборная нашай вобласці замкнула тройку прызёраў.
— Чым яшчэ запомніліся дні, праведзеныя ў міжнародным лагеры «Бе-Lа-Русь»?
— Сёлетняя сустрэча была прысвечана 70-годдзю Вялікай Перамогі. Моладзь трох краін сустрэлася з ветэранамі, паслухала іх успаміны аб Вялікай Айчыннай вайне. Разам усклалі кветкі і гірлянды да манументаў у гонар камсамольцаў Прашкоўскага падполля і партызанскай разведчыцы, Героя Савецкага Саюза Марыі Пынто, а таксама гірлянду кветак на Курган Сяброўства. Гэтыя помнікі знаходзяцца на беларускай і расійскай тэрыторыі, а вось вянок да помніка Героя Савецкага Саюза Іманта Судмаліса, які знаходзіцца ў Латвіі, удзельнікі лагера перадалі праз латвійскіх пагранічнікаў.
Па традыцыі, ад якой не адступаюць «крутыя перцы» (так называюць удзельнікаў са стажам), выбралі «тату» і «маму» лагера. Іх місія — праводзіць абрад пасвячэння навічкоў у бе-lа-русы, узнагароджваць ветэранаў і суперветэранаў «моладзевай рэспублікі». Дарэчы, мяне — навічка, як і іншых «першагодак», бе-lа-рускія тата і мама шчодра палілі вадой.
Футбол, валейбол, перацягванне каната, армрэслінг, дартс — звыклыя спаборніцтвы для бе-lа-русаў. Мы і сёлета актыўна хварэлі адзін за аднаго.
Мне надоўга запомняцца песенны фестываль «Бе-La-Русские зори», журы якога ўзначальваў народны артыст Беларусі Эдуард Ханок, і конкурс на лепшую пару. Весела праходзіў канцэрт латвійскай групы «Twins Peek».
— Дзяніс, на ваш погляд, што даюць моладзі дзяржаваў-суседак такія сустрэчы?
— Пачуццё адзінства. Удзельнікі лагера свабодна размаўляюць паміж сабой, дзеляцца меркаваннямі і навінамі, ходзяць адзін да аднаго ў госці, адным словам — адчуваюць сябе вялікай дружнай сям’ёй. За чатыры дні знаходжання ў «Бе-Lа-Русі» ў мяне ў кожнай з каманд-удзельніц з’явіліся сябры, гэта і руская, і латышская, і беларуская моладзь. Мы абмяняліся адрасамі, тэлефонамі, ужо кантактуем ў інтэрнэце. Лічу, калі маладыя людзі разумеюць адзін аднаго, штосьці робяць разам, то і краіны, дзе яны жывуць, абавязкова будуць сябраваць. Наогул, як прызнаваліся многія ўдзельнікі сустрэчы, хто пабыў у «моладзевай рэспубліцы» аднойчы, вельмі хоча трапіць сюды яшчэ, бо сяброўства не мае межаў.
— Чаго напрыканцы размовы пажадаеце моладзі Дзятлаўшчыны?
— Будзьце актыўныя, імкніцеся да ўдзелу ў жыцці раёна, вобласці, рэспублікі, захапляйцеся спортам. Ведайце: усё атрымліваецца ў чалавека, які ставіць перад сабой мэты.
Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *