Сістэма адукацыі Беларусі да пачатку навучальнага года гатова. Аб гэтым Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку далажыў сёння міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Мы да школы гатовы ў поўнай меры. Усе работы, якія былі намечаны да пачатку летняга перыяду, да 1 верасня будуць выкананы ў поўным аб’ёме, — сказаў міністр. — Выкананы капітальны і бягучы рамонт школ, іх аснашчэнне, у тым ліку спецыяльным абсталяваннем для кабінетаў фізікі, хіміі. Закуплены новыя аўтобусы для арганізацыі падвозу школьнікаў з малых населеных пунктаў у школы ў буйных райцэнтрах».
«Магу з поўнай упэўненасцю сказаць, што сістэма адукацыі да пачатку навучальнага года гатова», — падкрэсліў Міхаіл Жураўкоў.
Ён адзначыў, што ў гэтым годзе ў краіне будзе закрыта 45 малакамплектных школ, дзе колькасць вучняў меншая за 25. Гэтыя вучні размеркаваны па бліжэйшых школах, будзе арганізаваны іх падвоз. У той жа час у краіне адкрыты 43 новыя навучальныя ўстановы.