Маладзёжны праект БРСМ «Адкрытыя дэбаты «Выбірай.by!» будзе доўгатэрміновым. Аб гэтым паведаміў сёння першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Андрэй Белякоў у час анлайн-канферэнцыі «Маладзёжныя трэнды сучаснай Беларусі» на сайце БЕЛТА.
«Гэты праект, безумоўна, не скончыцца 11 кастрычніка. Мы плануем, што ён будзе паўсюдным і пройдзе на ўсіх узроўнях. Дарэчы, адзін са слоганаў дэбатаў «Узброены інфармацыяй — значыць карысны». Важна разумець, што праз асваенне новай інфармацыі можна прыносіць карысць — сабе, сваёй сям’і, свайму населенаму пункту, сваёй краіне. Гэта, можа, гучыць крыху высакамоўна, але без гэтага нікуды. Нельга, не прыносячы карысці, думаць аб тым, як краіна будзе развівацца ў далейшым», — сказаў Андрэй Белякоў.
Ён адзначыў, што адкрытыя дэбаты па сваёй сутнасці з’яўляюцца новым этапам «Адкрытага дыялогу», у час якога моладзь мае магчымасць за круглым сталом абмеркаваць розныя пытанні і праблемы. Адна з задач праекта — навучыць маладых людзей аргументаваць свой пункт гледжання, даказваць сваю пазіцыю. У той жа час удзельнікі праекта атрымаюць вялікую колькасць інфармацыі, паколькі ў іх будзе магчымасць абмеркаваць розныя тэмы.
Немалаважна і тое, што ў дэбатах прымуць удзел эксперты. «Гэта людзі, якія шмат дабіліся ў сваёй кар’еры, якія могуць нечаму навучыць, даць ацэнку. Паколькі мэтай дэбатаў з’яўляецца не спрэчка, а ўменне даказаць свой пункт гледжання, выслухаць апанентаў, экспертаў, зрабіць высновы, зразумець свае памылкі і аб’яднацца», — рэзюмаваў першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ».