Дзяржава не мае намеру пакуль прадаваць ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў». Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы сёння гэта прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Я не хацеў бы прыватызаваць (чытай: аддаваць за бясплатна) тое, што створана народам», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнія год-два навязваюць ідэю прыватызацыі і продажу гэтага прадпрыемства. «Маё стаўленне да прыватызацыі вы ведаеце. Не мы гэта з вамі стваралі, гэта створана некалькімі пакаленнямі, прынамсі, мы трэцяе пакаленне, якое тут працуе, і не нам з вамі вырашаць у корані гэту праблему. Хоць, калі паўстане пытанне, — давядзецца», — адзначыў беларускі лідар.
«Што ў нас такая сітуацыя патавая, што ледзь не бясплатна трэба прадаваць гэта прадпрыемства?» — дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што па правілах для прыватызацыі прадпрыемства першапачаткова трэба згода працоўнага калектыву. Пасля рашэнне прымае Мінскі гарвыканкам і міністр, потым урад, і пасля гэтага дакументы трапляюць на стол Прэзідэнта, і ён канчаткова прымае рашэнне аб прыватызацыі таго ці іншага прадпрыемства.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што вельмі шмат было прапаноў. Паводле яго слоў, вельмі актыўна сябе ў гэтым напрамку паводзіць Расійская Федэрацыя.
«Калі нешта і прадаваць, то гэта трэба прадаваць за вялікія грошы. Але нам часта гавораць: мы можам за мільярд долараў такі завод пабудаваць, а вы ад нас патрабуеце два мільярды. Я кажу: паспрабуйце. Завод можна пабудаваць, сцены нядорага каштуюць, абсталяванне можна купіць, і крэдыты дадуць тыя, хто вырабляе абсталяванне. А вось людзей навучыць працаваць на гэтым абсталяванні ў гэтых сценах, стварыць школу для таго, каб атрымліваць якасны прадукт, — гэта нават не гады, а дзесяцігоддзі», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў яго ўжо ёсць вопыт работы з расіянамі. «Яны і МТЗ хацелі замяніць, недзе на Валгаградскім заводзе нешта хацелі стварыць. Але да гэтага часу купляюць нашы трактары. Гэтак жа купляюць і такую прадукцыю», — канстатаваў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што гэта падштурхнула яго прыехаць на прадпрыемства, каб асабіста пераканацца ў тым, ці можа яно вырабляць дастойную прадукцыю, або ж яго пара прадаваць. «У выніку я ўбачыў, што ні вашы кіраўнікі, ні новы міністр не хочуць прадаваць завод. Мы сёння можам працаваць, працаваць разам з расіянамі па кааперацыі. Мы заўсёды былі абавязковымі людзьмі і вельмі строга выконвалі кантракты і дамоўленасці з нашай Расійскай Федэрацыяй. Мы гатовы працаваць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што як кіраўніцтву МЗКЦ, так і іншых прадпрыемстваў пастаўлена задача не страціць расійскі рынак. «Так, нам там даводзіцца канкурыраваць. Але калі не будзе канкурэнцыі, вы расці не будзеце, вы адстанеце, і ў рэшце рэшт яны будуць закупляць недзе на Захадзе аналагічны тавар, але не наш», — звярнуў увагу Прэзідэнт. Ён дадаў, што канкурэнцыя павінна быць добрасумленнай. Паводле яго слоў, таму Беларусь і ўступіла ў Еўразійскі эканамічны саюз, каб былі агульныя правілы. Пакуль МЗКЦ не прайграе ў гэтай канкурэнцыі, з’яўляючыся не прыватным прадпрыемствам. «Значыць, і дзяржаўныя могуць працаваць», — адзначыў Прэзідэнт.
«Мы пакуль прадаваць гэта прадпрыемства не маем намеру. Яно павінна працаваць у нас. Гэта паказчык, як можна і ў складаных умовах працаваць», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Пры гэтым ён дадаў: «Але калі $3 млрд пакладуць, будзем разглядаць гэта пытанне. Тады я буду адказваць за адно: каб вашы правы як членаў працоўнага калектыву не былі парушаны, каб атрымлівалі нармальную зарплату і каб не рулілі вамі не так, як трэба. Таму што, хто б сюды ні прыйшоў, гэта не іх краіна, не іх зямля, і людзі чужыя. Выціснуць, атрымаць нармальны тавар, менш заплаціць — мы гэта ўжо ведаем. Але яны таксама ведаюць маё стаўленне да гэтага». Ён нагадаў, што ў Беларусі ўжо вярталі дзяржаве прадпрыемствы, дзе нядобрасумленна працаваў прыватнік, і цяпер яны выдатна працуюць. «Таму гэта адна з функцый будучага Прэзідэнта — абараніць людзей і не даць іх у крыўду», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.