Д. Мазоль: “Работы ў дарожнікаў заўжды шмат”

Падзеі

Далучэнне слонімскага вытворчага ўчастка і прызначэнне новага кіраўніка – толькі некаторыя сёлетнія перамены ў жыцці Дзятлаўскага ДРБУ-119. Да гэтага дадалася падрыхтоўка да зімовага сезону і абласных “Дажынак-2015”. Чым займаецца арганізацыя і якія мае планы, карэспандэнтка спыталася ў яе кіраўніка Дзмітрыя Мазаля.

Начальнік ДРБУ-119 Д. Мазоль

— Дзмітрый Мікалаевіч, што сёння ўяўляе дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне №119?
— У цяперашні час у нас працуюць 154 чалавекі на двух вытворчых участках – дзятлаўскім і слонімскім. Дзятлаўскі ўчастак абслугоўвае 645 кіламетраў дарог мясцовага значэння, слонімскі – 545.
— Ці шмат цяпер работы ў арганізацыі? На якіх аб’ектах працуеце?
— Работы ў дарожнікаў заўжды шмат. Працуем на капітальным рамонце дарогі Наваельня – Казлоўшчына – Дзераўная (участак 2,6 кіламетра дарогі ад Васявічаў да Раготна) з асфальтаваннем. Работы там вяліся 4 месяцы і ў жніўні завершацца. Таксама працуем на капітальным рамонце аўтадарогі Слонім – Косава (слонімскі ўчастак) – здаём у наступным месяцы. Вядзём бягучы рамонт дарогі Слонім – Дзераўная (мяжа Брэсцкай вобласці) і бліжэйшым часам прыступім да асфальтавання вуліцы моладзёжнай у вёсцы Дзянісава нашага раёна. Нядаўна ўвялі ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту ўчастак дарогі Войневічы – Талявічы – Пруд. Пастаянным клопатам нашых работнікаў з’яўляецца ўтрыманне аўтамабільных дарог на абодвух участках.

Завяршаюцца работы на ўчастку дарогі Наваельня – Казлоўшчына – Дзераўная.

— Якія работы яшчэ будуць выконвацца ў 2015-м?
— З буйных аб’ектаў – гэта два капітальныя рамонты па дзятлаўскім ўчастку і два – па слонімскім. На Дзятлаўшчыне будзем працягваць рамонт аўтадарогі Наваельня – Казлоўшчына – Дзераўная, плануем злучыць дарогу ад Васявічаў да Раготна, будзем асфальтаваць дарогу Жукоўшчына – Каршакі.
— На якія патрэбы раёна сёлета пойдзе так званы “аўтамабільны” падатак?
— Гэтыя сродкі сёлета ўкладваюцца ў рамонт вуліцы Фрунзэ ў Дзятлаве, ДРБУ-119 з’яўляецца генпадрадчыкам на рэканструкцыі яе першай чаргі. Таксама ўдзельнічаем у тэндары на рамонт другой чаргі гэтага аб’екта.
— Ці рыхтуеце “сані” летам? Як у дарожнікаў ідзе падрыхтоўка да зімовага перыяду?
— Ужо сёння мы актыўна рыхтуемся да ўтрымання дарог зімой – закупляем соль, завозім пясок, наладжваем і рыхтуем да сезону зімнюю тэхніку.

Вуліца Кастрычніцкая – для пешаходаў і аўтамабілістаў.

— Якія работы арганізацыя вядзе ў Дзятлаве? Ці прымаеце ўдзел у падрыхтоўцы горада да сёлетніх абласных “Дажынак”?
— Акурат цяпер заканчваем работы на трэцяй чарзе вуліцы Кастрычніцкай. На наступным тыдні яна будзе здадзена ў эксплуатацыю. Вуліца стала цалкам асфальтаванай і скразной. Гэта ў тым ліку і наша работа. У межах падрыхтоўкі да свята хлебаробаў будзем выконваць рамонт двух стадыёнаў у райцэнтры – асфальтаванне цэнтральнага стадыёна “Колас” і выкананне гумавага пакрыцця стадыёна сярэдняй школы №3. Таксама мы асфальтавалі тэрыторыю ў ВУ “Дзятлаварайгаз”, ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, Дзятлаўскай ЦРБ, у хуткім часе будзем асфальтаваць участкі на цэнтральным рынку, у Дзятлаўскім РЭС. Калі выйграем тэндар, папрацуем на рамонце вуліцы Міцкевіча.
— Кожная арганізацыя імкнецца да абласнога свята навесці парадак і на ўласнай тэрыторыі…
— Пра гэта ДРБУ-119 паклапацілася яшчэ летась: сіламі будаўнікоў дзятлаўскага ТАА “Будкомплекс” быў выкананы рамонт  адміністрацыйнага будынка і майстэрняў. Сёлета дастаткова толькі пафарбаваць фасады – і мы будзем годна выглядаць на фоне горада.
— Дзмітрый Мікалаевіч, з нядаўняга часу вы ўзначальваеце ДРБУ-119, адну з буйных будаўнічых арганізацый раёна, адзіную дарожную на Дзятлаўшчыне. Як спраўляецеся з адказнай работай?
— Для арганізацыі я чалавек не новы, больш за пяць гадоў працаваў у ёй майстрам на 3-м Казлоўшчынскім участку, таму добра ведаю дарогі раёна. Ужо трэці месяц з’яўляюся начальнікам дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення №119. Планы перад намі стаяць немалыя, аб’ёмы працы ўнушальныя, будзем старацца іх выконваць не горш, чым заўсёды. Тым больш што калектыў арганізацыі вопытны, спрацаваны. А як папрацуем разам – пакажа час.
Гутарыла Н. АВЯРЧУК
Фота Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *