Бяспека збожжасушыльных комплексаў

Здарэнні і бяспека

У перыяд уборачнай кампаніі вельмі актуальным становіцца пытанне бяспекі пры эксплуатацыі збожжасушыльных комплексаў. І гэта ў значнай ступені звязана з тым, што для работы КЗС выкарыстоўваецца блакітнае паліва — газ, які пры ўзаемадзеянні з паветрам утварае выбуханебяспечную сумесь.

Збожжасушыльныя комплексы павялічваюць тэрміны захоўвання збожжа, зніжаюць яго страты, дазваляюць забяспечыць у самы кароткі тэрмін закладку збожжа на працяглае захоўванне. Таму дакладная арганізацыя работы па якасным абслугоўванні і эксплуатацыі газаразмеркавальнай сістэмы і аб’ектаў газаспажывання збожжасушыльных комплексаў маюць вырашальнае значэнне для своечасовай і эфектыўнай уборкі ўраджаю. Праверкі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў вобласці паказалі, што не ўсе яны выконваюць устаноўленыя патрабаванні, накіраваныя на забеспячэнне прамысловай бяспекі пры эксплуатацыі небяспечных вытворчых аб’ектаў і тэхнічных устройстваў. Пералічу найбольш характэрныя парушэнні, якія ёсць на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу:
— адсутнічаюць ліцэнзіі на права эксплуатацыі газавага абсталявання;
— не наладжаны праверкі аўтаматыкі бяспекі, якая забяспечвае бяспеку работы ў аўтаматычным рэжыме газаспажывальнага абсталявання;
— адсутнічаюць вытворчыя інструкцыі для абслуговага персаналу;
— не вядзецца эксплуатацыйная дакументацыя.
Трэба звярнуць увагу кіраўнікоў прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу на недастатковую работу па абсталяванні газаспажывальных агрэгатаў устройствамі кантролю герметычнасці запорнай арматуры. На дадзены момант абсталяваны названымі ўстройствамі кантролю 76 працэнтаў збожжасушыльных комплексаў, а ў шэрагу гаспадарак вобласці гэта работа не завершана і дагэтуль.
Усе выяўленыя парушэнні звязаны пераважна са слабым кантролем кіраўніцтва прадпрыемстваў за эксплуатацыяй газаразмеркавальнай сістэмы і газаспажываннем.
Дадаткова Гродзенскае абласное ўпраўленне Дзяржпрамнагляду інфармуе, што прымаемыя тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты ў галіне прамысловай бяспекі ўстанаўліваюць больш высокі ўзровень патрабаванняў да арганізацыі і ажыццяўлення на прадпрыемствах вытворчага кантролю. Акрамя таго, у праекце новай рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прамысловай бяспецы» замацавана норма аб абавязковай наяўнасці у штаце адзінкі інжынера па прамысловай бяспецы для суб’ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне прамысловай бяспекі. Падрыхтоўка спецыялістаў па названай спецыяльнасці праводзіцца ў камандна-інжынерным інстытуце МНС Рэспублікі Беларусь. Тэрмін навучання — 18 месяцаў. Форма навучання — завочная. Пасля завяршэння навучання выдаецца дыплом дзяржаўнага ўзору з прысваеннем кваліфікацыі «Інжынер па прамысловай бяспецы».
М. ПАЦЫНКА,
вядучы інспектар Гродзенскага абласнога ўпраўлення
Дзяржпрамнагляду



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *