Больш як 620 нацыянальных наглядальнікаў акрэдытаваны пры тэрытарыяльных выбаркамах

Улада

Пры тэрытарыяльных выбарчых камісіях у Беларусі акрэдытаваны 624 наглядальнікі, паведаміла сёння журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Больш за ўсё наглядальнікаў накіравалі грамадскія аб’яднанні — 494 чалавекі. Першае месца па колькасці заняла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (113 чалавек). Другое месца падзяляюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і аб’яднанне «Белая Русь».

У сваю чаргу ад палітычных партый акрэдытаваны 72 чалавекі, сярод якіх больш за ўсё прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі (46).

Што датычыцца міжнародных наглядальнікаў, Лідзія Ярмошына нагадала, што цяпер маніторынгам выбараў у краіне займаюцца дзве місіі — СНД і БДІПЧ АБСЕ.

У прыватнасці, сярод наглядальнікаў, якія ўваходзяць у місію Садружнасці, 23 з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі і 15 — грамадзянамі Расіі. Далей ідзе Казахстан — 2 чалавекі, Кыргызстан — 1, Таджыкістан — 1, Туркменістан — 3. «Пры гэтым у місію ад Туркменістана ўваходзіць не толькі пасол, але і два прадстаўнікі Цэнтральнай выбарчай камісіі, якія, у прынцыпе, будуць выступаць у дзвюх якасцях — як госці Цэнтрвыбаркама і як члены місіі СНД», — заўважыла Лідзія Ярмошына.

У той жа час, паводле яе слоў, БДІПЧ АБСЕ прадставіла анкеты на наступных наглядальнікаў: Арменія — 1, Вялікабрытанія — 2, Германія — 3, Галандыя — 2, Грэцыя — 1, Данія — 3, Ірландыя — 1, Італія — 1, Кыргызстан — 1, Літва — 1, Македонія -1, Нарвегія — 2, Польшча — 5, Расія — 8, Сербія — 1, ЗША — 4, Украіна — 1, Фінляндыя — 2, Францыя — 2, Чэхія — 2, Швейцарыя — 1 і Швецыя — 3.

«Хто далучыцца да гэтых наглядальнікаў, стане вядома пазней, паколькі мы будзем атрымліваць анкеты ўжо напярэдадні кароткатэрміновага назірання, гэта значыць напярэдадні выбараў», — растлумачыла старшыня Цэнтрвыбаркама.

Яна таксама дадала, што місія СНД фактычна пачала маніторынг яшчэ да пачатку сваёй афіцыйнай работы ў Беларусі і запытвала ў ЦВК неабходныя матэрыялы. «Прававыя эксперты місіі АБСЕ ўжо сёння прыйшлі у Цэнтральную камісію. Мы капіруем ім усе скаргі, якія паступілі, і адказы на іх. Такім чынам, у прынцыпе, яны адразу ўзялі быка за рогі», — сказала Лідзія Ярмошына.

Як паведамлялася, БДІПЧ АБСЕ 26 жніўня афіцыйна адкрыла місію па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Місію ўзначальвае Жак Фор. Наглядальнікі будуць сачыць за працэсамі рэгістрацыі кандыдатаў і выбаршчыкаў, агітацыйнымі мерапрыемствамі, работай выбарчай адміністрацыі і адпаведных урадавых органаў, выбарчым заканадаўствам і яго прымяненнем, а таксама вырашэннем звязаных з выбарамі скаргаў. Місія будзе праводзіць маніторынг асвятлення кампаніі СМІ. Заява аб папярэдніх высновах і заключэннях будзе апублікавана на наступны дзень пасля выбараў, 12 кастрычніка. Канчатковы даклад будзе апублікаваны прыкладна праз два месяцы. У ім будуць, у тым ліку, рэкамендацыі АБСЕ.

Logo BelTA



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *