Гэту жанчыну ніколі не пабачыш у “горадзе майстроў” на раённых мерапрыемствах, яна не ладзіць свае выставы і не прадае плён уласнай працы. А займаецца Раіса Гурневіч даволі рэдкім па сённяшнім часе відам рукадзелля – вяжа кручком у тэхніцы “ірландскія карункі”.
— Я амаль не вяжу цяпер нейкія звычайныя рэчы, – кажа Раіса Уладзіміраўна. – Хочацца рабіць нешта такое, каб ні ў каго не было.
Захапленне незвычайным відам вязання пачыналася для майстрыхі з простых-няпростых рэчаў: вязала ажурныя шалікі, распускаючы старыя вязаныя рэчы, давала ім новае жыццё. Новыя ідэі брала са спецыялізаваных часопісаў, якія набывала ў час камандзіровак.
Галоўныя натхняльніцы і карыстальніцы прыгажосці, якую вяжа Раіса Гурневіч, – яе ўнучкі, якія жывуць у Гродне, але часта наведваюць бабулю з дзядулем. Усе ўборы, звязаныя для іх бабуляй, непаўторна-прыгожыя, мабыць, таму, што зроблены з любоўю. Нават выпускная сукенка ў старэйшай дзяўчынкі была таксама аўтарскай бабулінай работы.
А вось на замову або на продаж Раіса Уладзіміраўна не вяжа: маўляў, гэта занятак па душы і натхненні, а спецыяльна нешта рабіць не атрымліваецца.
Затое жанчына ваўсю прыкладае свае ўмелыя рукі да стварэння ўтульнасці ў доме – сама шые накідкі на крэслы, гардзіны, вяжа аб’ёмныя пакрывалы; ільняныя даматканыя абрусы, якія ім яшчэ на вяселле дарылі, з дапамогай кручка пераўвасабляе ў сапраўдныя творы мастацтва.
Па-словах майстрыхі, тэхніка “ірландскія карункі” – не складаны від рукадзелля але ім мала хто займаецца. Бо вязаць тут трэба з тоненькіх нітак, а адзін гатовы выраб можа складацца з сотняў, а то і тысячаў дробных дэталяў. Раней іх ідэі жанчына брала з часопісаў, цяпер дапамагае Інтэрнэт. Але канчатковы вобраз складвае яе ўласная фантазія
— Летам жа агароды і работы шмат. Ці хапае часу на вязанне? – пытаюся ў жанчыны.
— Калі хочаш нечым займацца, часу заўсёды хапае, – адказвае Раіса Уладзіміраўна. – Я “жаваранак”, устаю ранкам гадзінаў у пяць, а то і раней, некалькі гадзінаў да працы аддаю любімай справе.
Знаходзіцца ў майстрыхі час і на сям’ю, і на дом, і нават на чытанне, рарытэтны сёння занятак. Сярод любімых аўтараў – Галсуорсі і Нагібін, беларускія пісьменнікі і рускія класікі паэзіі.
— Не бывае, каб мне было сумна і адзінока, – кажа Раіса Уладзіміраўна. – Бо чалавек, якія займаецца справай, адзінокім ніколі не бывае.
Тэкст і фота Н. АВЯРЧУК