Мэтай Праграмы развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2009 — 2014 гады з’яўлялася забеспячэнне даступнай і якаснай дашкольнай адукацыі ў адпаведнасці з сацыяльным заказам грамадства і дзяржавы. Для дасягнення названай мэты неабходна было аптымізаваць сетку дашкольных установаў, сфарміраваць адаптыўную здароўезберагальную сістэму іх функцыянавання, павысіць сацыяльны статус працаўнікоў сістэмы дашкольнай адукацыі.
І што на выхадзе? З 16 мерапрыемстваў, вызначаных Праграмай, 5 (31 працэнт) не выкананы. Не ўведзены 8 аб’ектаў дашкольнай адукацыі ў Карэліцкім, Шчучынскім, Навагрудскім, Ашмянскім, Бераставіцкім, Слонімскім, Воранаўскім раёнах. У Іўеўскім і Навагрудскім раёнах, а таксама ў Кастрычніцкім раёне горада Гродна не выкананы паказчык забеспячэння камп’ютарнымі месцамі. Не дасягнуты планавы паказчык узроўню ахопу ўстановамі дашкольнай адукацыі дзяцей ад 1 да 6 гадоў. Ніжэй за абласны ўзровень гэты паказчык у Астравецкім (70,1 працэнта), Навагрудскім (72,8 працэнта) раёнах і Кастрычніцкім раёне горада Гродна (72 працэнты).
Ужо які год не вырашаецца праблема вызначэння дзяцей ва ўстановы дашкольнай адукацыі па месцы жыхарства ў мікрараёнах-новабудоўлях і жылых раёнах кропкавай забудовы ў Гродне, Шчучыне, Навагрудку, Міры (Карэліцкі раён), дзе на пачатак года пайсці ў дашкольныя ўстановы адукацыі па месцы жыхарства не змаглі 1,8 тысячы дзяцей.
Не далі здавальняючага выніку прынятыя меры па адкрыцці прыватных дзіцячых садоў, сямейных дзіцячых садоў (групаў) на аснове самаакупнасці. У Гродзенскай вобласці такія ўстановы на сёння не адкрыты.
Не прыняты належныя меры для павышэння сацыяльнага статусу працаўнікоў, адкуль вынікае праблема забяспечанасці кваліфікаванымі кадрамі ўстановаў дашкольнай адукацыі.
Адной з самых важных задачаў Праграмы было фарміраванне адаптыўнай здароўезберагальнай сістэмы праз удасканаленне арганізацыі харчавання дзяцей у дашкольных установах. Але і гэта задача не выканана.
Факты парушэння санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства дагэтуль маюць месца: парушэнне тэмпературных умоваў захоўвання прадуктаў харчавання, не захаванне тэрмінаў прыдатнасці харчовых прадуктаў на харчблоках, неадпаведнасць страваў па каларыйнасці рацыёнаў меню- раскладцы. Працаўнікамі харчблокаў не выконваюцца правілы асабістай гігіены.
Устаноўлены факты невыканання нормаў харчаванняў у дзіцячых дашкольных установах па малаку і кісламалочных прадуктах, агародніне, мясе птушцы, рыбе, сухафруктах, садавіне. Але пры гэтым мае месца перавыкананне натуральных нормаў па бабовых, крупах, макаронных, каўбасных і кандытарскіх вырабах.
І гэта не поўны пералік парушэнняў, выяўленых у час кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў.
Маецца шэраг пытанняў да арганізацыі паставак прадуктаў харчавання і харчовай сыравіны на аб’екты грамадскага харчавання дзіцячых дашкольных установаў. Прадпрыемствы-вытворцы Гродзенскай вобласці не актыўна ўдзельнічаюць у працэдурах дзяржаўных закупаў. Не знімаючы адказнасці з камісій па закупах аддзелаў адукацыі, трэба адзначыць, што рыбу купляем у ТДА «АССТОР и К» (Брэсцкая вобласць). Масла жывёльнае – вытворчасці СТАА «Ляхавіцкі малочны завод». Сокі, агуркі марынаваныя, павідла — ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». А ў гэты час УДП “Гродзенскі кансервавы завод» не ведае, як разгрузіць склады з аналагічнай прадукцыяй.
У Наваградскім і Лідскім раёнах на пастаўку мясной і рыбнай прадукцыі, птушак, яек складзены дамовы з арганізацыямі аптовага гандлю ААТ «Вялікая Крыніца» (Навагрудак), ААТ «Навагрудскі камбінат школьнага харчавання», УКП «Камбінат школьнага харчавання» (Ліда) і УКП ТЦ «Патсдам» (Ліда) з часовым іх захоўваннем у складскіх памяшканнях. Такая сітуацыя цягне за сабою падаражэнне кошту прадуктаў харчавання і пры гэтым не заўсёды выконваюцца ўмовы іх дастаўкі.
У многіх раёнах дагэтуль не вырашаны пытанні прамых паставак малочнай, мясной прадукцыі, мяса птушак, рыбы марожанай транспартам прадпрыемстваў-вытворцаў. Маецца практыка, калі ў транспарт аддзелаў адукацыі, спорту і турызму на пляцоўках робіцца перагрузка прадукцыі, якая хутка псуецца, а для часовага захоўвання харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання арандуюцца складскія памяшканні.
Адсутнасць прамой дастаўкі прадукцыі, якая хутка псуецца, транспартам вытворцаў на аб’екты грамадскага харчавання ўстановаў адукацыі, у тым ліку дзіцячых дашкольных установаў, стварае ўмовы для парушэнняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства і не дае гарантыі бяспечнага харчавання дзяцей.
Па выніках праведзеных кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў за дапушчаныя парушэнні заканадаўства вінаватыя службовая асобы будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці.
Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці