Днямі сяброўкі па Беларускім саюзе жанчын наведалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Марыю Пятроўну Глебаву. Нагода была прыемная: уручылі ёй дыплом-пасведчанне, што яна стала пераможцай абласнога этапу конкурсу “Жанчына года-2014” у намінацыі “Дзякуй за Перамогу!”, і падарунак ад абласной жаночай арганізацыі.
Меркавалася, што Марыя Пятроўна сама пабудзе на шанаванні ў Гродне, але падвяло здароўе, і паездка не атрымалася. Таму госці завіталі да ветэрана ў Таркачы. Для Марыі Пятроўны гэта стала прыемнай нечаканасцю.
— Я думала, што клічуць у школу выступіць, а тут такі сюрпрыз – і госці, і кветкі, і падарункі, і пачастункі, — шчыра радуецца Марыя Пятроўна.
Сустрэцца з новымі людзьмі, пагутарыць, прыгадаць былое жанчына любіць. Яна з цікавасцю распытвае пра Беларускі саюз жанчын, бо ў Расіі, адкуль прыехала, пра такую арганізацыю не чула, не давялося мець стасункаў.
— Якія ж беларускія жанчыны працавітыя, — шчыра захапляецца ветэран, — вунь як на сотках працуюць!
Таму і ў свае 90 Марыя Пятроўна стараецца больш рухацца. Як прызнаецца, раніцу пачынае з лёгкай фіззарадкі.
— Я і дзецям кажу, каб больш рухаліся, не сядзелі па хатах. Цяпер на канікулы прыехала многа дзятвы. Каля нашага дома чалавек 15-20 збіраецца. Хай бы мяч ганялі.
Сваіх дзяцей Марыя Пятроўна не мае, жыве пры радні. Таму ўся ўвага – чужым дзецям. Для іх бабуля Марыя ці цукерку прыпасе, ці пячэнне. А калі трэба, то і павучальнае слова скажа. Прыслухоўваюцца гарэзы. Тым больш, што ўсе ведаюць: была бабуля Марыя ў вайну зенітчыцай, потым параненым дапамагала, мае баявыя ўзнагароды.
З Беларуссю Марыю Пятроўну Глебаву, у дзявоцтве Някрасаву, звязвае найперш ваеннае ліхалецце. На Магілёўшчыне загінуў бацька, доўгі час сям’я не ведала пра яго лёс. А ўжо значна пазней, пасля шматлікай перапіскі з установамі, знайшлі пасёлак Янева, дзе ён пахаваны. У Беларусі ваяваў старэйшы брат. У Беларусі жылі і жывуць сваякі. Да іх пераехала Марыя Пятроўна, калі ў Расіі не засталося блізкіх.
Дзятлаўшчына расіянцы падабаецца: добрыя людзі, добрая прырода. Але і з радзімай Марыя Пятроўна не парывае сувязі.У Мурманску, дзе раней жыла, ёсць яшчэ сяброўкі-ветэранкі, якім яна дасылае лісты. Піша пісьмы, па звычцы, і адпраўляе іх поштай. Сучасная інтэрнэт-сувязь – не для бабулі Марыі.
— Буду пісаць землякам, абавязкова пахвалюся сваёй узнагародай, — усміхаецца Марыя Пятроўна.
А мы, хто наведаў яе, просім паабяцаць сустрэчу ў 100-гадовы юбілей. Прычакаем, Марыя Пятроўна!
Тэкст і фота І. МІХАЙЛОЎСКАЙ