Як і дзе адпачывае моладзь дзятлаўшчыны

Падзеі

Лета — час адпачынку, і пераважна на гэты сезон людзі стараюцца запланаваць свой водпуск. А дзе і як ён будзе праходзіць, залежыць толькі ад фантазіі і фінансавых магчымасцяў самога чалавека. Адны стараюцца паехаць на марскі курорт, другія імкнуцца наведаць гістарычна-культурныя аб’екты, а некаторыя, наогул, аддаюць перавагу актыўнаму адпачынку і пешаму турызму.

Карэспандэнтка газеты пацікавілася ў самых актыўных і ініцыятыўных жыхароў Дзятлаўшчыны, працоўнай моладзі: дзе яны правялі свой самы незабыўны адпачынак, як плануюць правесці працоўны водпуск сёлета, куды мараць паехаць у ідэале, калі выдасца такая магчымасць?

 

Таццяна Малец, юрысконсульт Наваельнянскага КХП:

— Самым запамінальным быў мой першы водпуск, які супаў з нашым вясельным падарожжам. Мы з мужам Арцёмам ездзілі ў Балгарыю. Гэта быў ідэальны адпачынак ва ўсіх адносінах. Магчыма, яшчэ і таму, што да нас ніхто не мог дазваніцца, мы змаглі адкласці на апасля ўсе клопаты і праблемы: проста адпачывалі, любаваліся краявідамі, ездзілі на экскурсіі. Дарэчы, менавіта тады я ўпершыню пабачыла мора, яно здалося мне вельмі прыгожым і велічным. Не менш уразіў горад Несебр, які знаходзіцца на Чарнаморскім узбярэжжы Балгарыі, на скалістым паўвостраве. Гэты горад дзеліцца на дзве часткі: Новы Несебр — курортны комплекс Сонечны бераг і Стары Несебр — адзін з найбольш старажытных гарадоў Еўропы, занесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Калісьці ён быў грэчаскай калоніяй. З тых старадаўніх часоў тут захаваліся разваліны цытадэлі, вежы, вароты, рэльефы. Усё гэта цікава пабачыць, дакрануцца да даўніны.

Сёлетні водпуск я планую правесці на Дзятлаўшчыне. Будзем ездзіць на возера, на шашлыкі, сустракацца з сябрамі, якіх даўно не бачылі.

А мару — аб сямейным адпачынку ў Францыі, а яшчэ лепш, аб турнэ па Еўропе. Як прыемна, напрыклад, было б пасядзець у кафэ на Эйфелевай вежы.

 

Сяргей Санцэвіч, механік РУП ЖКГ:

— Мне найбольш запомніўся водпуск, які я правёў на курорце Краснадарскага краю ў горадзе Ейску, на беразе Азоўскага мора. Гэта прыгожы прыморскі горад з багатай гісторыяй і адметнай архітэктурай. Ейск лічыцца самым зялёным горадам Кубані. Найбуйнейшы зялёны масіў горада-курорта — парк імя Івана Паддубнага, знакамітага савецкага артыста цырка, атлета, барца, які за час выступленняў не прайграў ніводнага спаборніцтва. У парку шмат атракцыёнаў, летніх кафэ, фантанаў. У спякотны дзень тут прыемна прагуляцца адпачывальнікам.

Сёлетні водпуск, калі ўсё атрымаецца, планую правесці з сябрамі на браслаўскіх азёрах. А ў будчым збіраюся трапіць на які-небудзь чарнаморскі курорт, найлепш, калі гэта будзе Турцыя.

 

Вольга Гульнік, старшы інспектар групы інфармацыйнага забеспячэння АУС Дзятлаўскага райвыканкама:

— Самы прыемны свой водпуск я правяла ў Латвіі, дзе жывуць мае родныя цётка і дзядзька з сем’ямі. Рыга — гэта вельмі прыгожы, утульны горад з велічнымі палацамі і касцёламі, сеткай мастоў праз раку Даўгаву. Мне спадабалася Парахавая вежа з байніцамі і гарматамі. Цікава было пастаяць ля сцяны мясцовага банка і паразглядаць гербы: кажуць, што тут можна знайсці герб кожнага латвійскага горада. Асобная тэма — начная Рыга, якая патанае ў агнях ілюмінацыі: ззяюць саборы і масты, прыгожа асветлены будынак Літоўскага нацыянальнага тэатра. У час нашых прагулак мы каталіся і на катарах. Дарэчы, на параходзе адсюль можна за суткі прыплыць у Германію. І што вельмі прываблівае: Рыга — пераважна рускамоўны горад, тут паўсюль можна пачуць рускую гутарку.

Сёлета ў час водпуску я зноў планую паехаць у Латвію. У маёй сястры будзе вяселле, якое пройдзе з мясцовым каларытам, бо тата сястры, як і яе будучы муж, — карэнныя жыхары краіны.

А яшчэ ў мяне ёсць мара — з’ездзіць у Грэцыю. Я шмат чытала пра гэту краіну, мяркую, там вельмі прыгожа.

 

Мікалай Райко, інжынер-энергетык СВК «Граніт-Агра»:

— Самай цікавай лічу сваю паездку ў Польшчу, у горад Кракаў. Гэта чысты, прыгожы горад са старажытным цэнтрам, дзе адчуваецца дух даўніны. Там атрымліваеш асалоду ад пешых прагулак, любуешся архітэктурай. Мне давялося патрапіць на выставу карцін, намаляваных сухой пастэллю — было цікава. А яшчэ мне ўдалося наведаць галоўны будынак Музычнай акадэміі горада Лодзь, былы палац Познаньскага. Там вельмі велічна і прыгожа, здаецца, што трапіў у мінулае.

Сёлета ў час водпуску буду рыхтавацца да вяселля, а пасля мы з жонкай, хутчэй за ўсё, адправімся ў падарожжа ў Егіпет.

Калі казаць пра мару, то ў дзяцінстве я шмат разоў ездзіў у Італію, у курортны прыморскі горад Тэрачына, дзе мне вельмі падабалася. Там прыгожыя пляжы, шмат кафэ, няспешнае жыццё. Калі б з’явілася такая магчымасць, я з’ездзіў бы туды яшчэ шмат разоў. А так, я патрыёт сваёй краіны. Адпачынак у Беларусі таксама можа быць цікавы. Асабіста я люблю парыбачыць, а вадаёмаў у нас дастаткова.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ

Фота П. АДАМЧУКА    



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *