Інспектар дзяржаўнага пажарнага нагляду. У чым асаблівасць гэтай прафесіі? Аб гэтым карэспандэнтка газеты пагутарыла са старшым інспектарам дзяржаўнага пажарнага нагляду Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргеем Кухарчыкам.
— Сяргей Іванавіч, як вы прыйшлі ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях?
— Пасля армейскай службы паўстала пытанне выбару далейшага працоўнага шляху. Я зрабіў яго на карысць раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях — прыйшоў працаваць дыспетчарам цэнтра аператыўнага кіравання аддзела. На гэтай пасадзе служыў 10 гадоў.
Па прапанове начальніка аддзела Уладзіміра Аляксандравіча Нячаева паступіў у Мінскі камандна-інжынерны інстытут, і ўжо пасля трэцяга курса завочнага навучання быў прызначаны інспектарам дзяржаўнага пажарнага нагляду. Праз два гады — старшым інспектарам.
— Якія асноўныя кірункі работы старшага інспектара пажарнага нагляду?
— Гэта кантроль за ходам будаўніцтва і прыём у эксплуатацыю аб’ектаў на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна. Акрамя гэтага,кантроль, улік, планаванне праверак пажарнай бяспекі аб’ектаў.
Дадзеныя паўнамоцтвы інспектара пажарнага нагляду вызначаны адпаведным указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Таксама, як і для ўсяго асабовага складу інспекцыі пажарнага нагляду, у мае абавязкі ўваходзіць праверка стану пажарнай бяспекі ў жылым сектары. Яна праводзіцца кожны чацвер.
— Якія сельскія саветы замацаваны за вамі?
— Вензавецкі і Жукоўшчынскі. Я ўвахожу у склад аглядавай камісіі гэтых сельвыканкамаў, прымаю ўдзел у днях прафілактыкі, якія праходзяць на іх тэрыторыі.
— А ці звяртаюцца да вас жыхары , каб атрымаць кансультацыйную дапамогу ў свайго участковага інспектара?
— Так, звяртаюцца. Тэлефануюць, задаюць пытанні, якія іх цікавяць. Напрыклад, вясной і восенню частае пытанне, як правільна спальваць смецце, каб не парушаць правілы пажарнай бяспекі і потым не быць прыцягнутымі да адміністрацыйнай адказнасці. Адказныя людзі перш пракансультуюцца наконт гэтага, каб пасля не мець непрыемнасцяў.
— Сяргей Іванавіч, з чаго пачынаецца ваш працоўны дзень?
— З планавання, якое ўлічвае тыя мэты і задачы службы, пастаўленыя перад інспекцыяй непасрэдна кіраўніцтвам аддзела, абласнога упраўлення. З улікам гэтага ідзе паэтапная работа.
— А ці ёсць у вас службовае крэда?
— Пастаўленыя задачы неабходна выконваць своечасова.
— А жыццёвы дэвіз?
— Да ўсяго трэба ставіцца адказна.
— З улікам свайго вопыту службы, што параіце маладым спецыялістам, якія толькі пачынаюць працаваць у інспекцыі пажарнага нагляду?
— Абавязкова павінна быць жаданне працаваць. Акрамя гэтага, паступіўшы на службу, неабходна яшчэ шмат вучыцца. І тут дапамогуць старэйшыя калегі.
Таксама неабходна дэталёва ведаць адпаведную нарматыўныю базу, дзеля таго каб стаць граматным спецыялістам і правільна прымаць рашэнні. Ну і вядома, у нашай справе важна ўмець ладзіць стасункі з людзьмі.
— Сяргей Іванавіч, а чым вы захапляецеся ў вольны ад службы час?
— Яшчэ са школьных часоў мне падабаецца спорт. Нават пасля заканчэння школы была думка пайсці далей менавіта па гэтым шляху.
З першага класа займаўся футболам, наведваў футбольную секцыю. З 4-5 класа захапіўся баскетболам. Уваходзіў у склад школьных камандаў па гэтых відах спорту. Пазней, ужо працуючы у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, быў у камандзе па міні-футболе.
— Напэўна, ёсць у вас і любімая футбольная каманда, за якую «хварэеце»?
— Пэўнай няма. Падабаецца футбол увогуле. Заўсёды стараюся сачыць за гульнямі лігі Еўропы, лігі чэмпіёнаў. Таксама падабаецца і хакей.
— А ці любіце чытаць?
— Пераважна — навіны. Імкнуся быць у курсе тых падзеяў, якія адбываюцца ў краіне, у свеце ў цэлым.
— А якому кіно аддаяце перавагу?
— Стужкам пра вайну, дэтэктывам з цікавым сюжэтам.
— Напрыканцы размовы, чаго пажадаеце сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята?
— Цярпення ў нашай нялёгкай рабоце, здароўя, павагі да сваіх калегаў.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА