«Спорт, здароўе і закон»

Падзеі

Моладзевы праект пад такой назвай стартаваў пад эгідай пракуратуры Гродзенскай вобласці, абласной камісіі па справах непаўналетніх і іншых зацікаўленых органаў. Асноўныя яго задачы — арганізацыя занятасці падлеткаў у час канікулаў, прафілактыка правапарушэнняў, удасканаленне фізкультурна-аздараўленчай работы з непаўналетнімі, прывіццё дзецям здаровага ладу жыцця.

У рамках праекта ва ўсіх раёнах Гродзеншчыны запланавана правесці моладзевыя матчы па міні-футболе і стрытболе сярод школьнікаў з удзелам работнікаў міліцыі, пракуратуры. Спаборніцтвы будуць праводзіцца ў тры этапы: раённыя, занальныя і абласны турніры.

На Дзятлаўшчыне абласное культурна-спартыўнае мерапрыемства для непаўналетніх «Спорт, здароўе і закон» стартавала 10 ліпеня. У гэты дзень адбыўся матч па міні-футболе зборнай каманды падлеткаў супраць каманды прафесіяналаў-дарослых, у склад якой уваходзілі трэнеры і настаўнікі фізічнай культуры. Падтрымаць школьнікаў прыйшлі работнікі міліцыі, члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, прадстаўнікі раённай арганізацыі ГА «БРСМ».

Удзельнікаў турніру павіталі і пажадалі ім паспяховай гульні намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Д. К. Ёда і начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама В. В. Петрукевіч.

Супрацьстаянне пачалося з гола ў вароты каманды падлеткаў, які прафесіяналы забілі на пачатку спаборніцтваў. Гэта прымусіла школьнікаў сабрацца і ўзмацніць абарону, але першы тайм усё роўна скончыўся «на сухую»: з лікам 10:0 перамаглі дарослыя. Наогул падлеткі прапусцілі 12 галоў, перш чым у другім тайме самі здолелі нарэшце забіць мяч у вароты сапернікаў. Аўтарам першага гола стаў Руслан Трахімовіч. Як ні старалася маладосць, але перамагчы вопыт ёй не ўдавалася. Пад канец другога тайма падлеткі толькі павялічылі розніцу ачкоў і адставалі з лікам 20:1. Другі па ліку гол на апошніх хвілінах матча здолеў забіць у вароты прафесіяналаў Ілья Вайтушка. Адпаведна гульня скончылася з вынікам 20:2 на карысць каманды дарослых. Як бачым, загартоўка і вопыт не падвялі: трэнеры і настаўнікі фізкультуры аднолькава добра вучаць дзяцей і перамагаюць на футбольным полі. Ці не час падрастаючаму пакаленню задумацца, чаму не здолелі калі не выйграць, то хоць прайграць з меншым адрывам? Відаць, прыспеў час не сядзець днямі за камп’ютарамі, а выйсці з дому і пачаць гуляць у спартыўныя гульні. Наперадзе яшчэ палова лета, каб пасябраваць з мячом. Дарэчы, па выніках раённага турніру менавіта мяч дастаўся ў падарунак ад раённага камітэта ГА «БРСМ» лепшаму іграку-падлетку. Ім аказаўся Андрэй Гузель, які стаяў на варотах і здолеў адбіць не адну атаку праціўніка. Аднак школьнікам яшчэ далёка да дасканаласці і падарунак, спадзяёмся, дапаможа ім рыхтавацца да занальных спаборніцтваў, якія ўжо не за гарамі.

Для дзятлаўскай зборнай, у склад якой па ўмовах праекта акрамя школьнікаў увойдуць і двое дарослых, занальны тур адбудзецца 20 ліпеня ў Навагрудку. Сярод сапернікаў дзятлаўчан — зборная гаспадароў пляцоўкі, каманды Карэліцкага, Слонімскага і Лідскага раёнаў. Судзейская калегія вызначыць лідараў у гэтай групе для ўдзелу ў абласным фінале, які пройдзе ў Гродне. Пажадаем камандзе нашых землякоў згуртаванасці і волі да перамогі.

І. СТЫРНІК

Фота П. АДАМЧУКА

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *