Навіны тыдня

Падзеі

АФІЦЫЙНЫ ВІЗІТ ПРЭЗІДЭНТА МАЛДОВЫ

Прэзідэнт Малдовы Мікалай Цімофці быў з двухдзённым афіцыйным візітам у Беларусі.

Адбыліся перагаворы лідараў дзвюх краін. Кіраўнікі дзяржаваў правялі сустрэчы ў фармаце сам-насам, а таксама ў пашыраным складзе, у час якіх абмяркавалі стан і перспектыўныя напрамкі развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Малдовы, узаемадзеянне на міжнародных пляцоўках.

Падпісалі шэраг дакументаў па пытаннях супрацоўніцтва і абмену прававой інфармацыяй, па ўзаемадзеянні ў сферы прамысловасці, міжрэгіянальных сувязяў.

Таксама ў Мінску адбылося пасяджэнне двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, і прайшоў беларуска-малдаўскі бізнэс-форум. Абодва мерапрыемствы праходзілі напярэдадні афіцыйнага візіту ў Беларусь Прэзідэнта Малдовы і накіраваны на наданне дадатковага імпульсу развіццю гандлёва-эканамічных адносінаў.

 

РАБОТА ПА ЎСТУПЛЕННІ Ў СУСВЕТНУЮ ГАНДЛЁВУЮ АРГАНІЗАЦЫЮ

Тэхнічная работа па ўступленні Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю можа заняць год. Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных справаў Аляксандр Гур’янаў.

Работа па Беларусі ўжо вядзецца. “Мы ўжо атрымалі сігнал ад Сакратарыята СГА, што гатовы больш часу прысвяціць беларускаму пытанню”, — сказаў намеснік міністра.

Паводле яго словаў, усе добра разумеюць, што трымаць адну краіну, удзельніцу такога вялікага інтэграцыйнага аб’яднання, як Еўразійскі эканамічны саюз, па-за Сусветнай гандлёвай арганізацыяй не зусім правільна. “Мы прадаўжаем перагаворныя двухбаковыя трэкі з шэрагам краінаў і спадзяёмся, што актывізуецца дзейнасць рабочых груп па далучэнні Беларусі”, — адзначыў Аляксандр Гур’янаў.

Адказваючы на пытанне аб магчымых тэрмінах уступлення Беларусі ў Сусуветную гандлёвую арганізацыю, ён растлумачыў: “Шмат папяровай работы. Калі ўсё пойдзе правільна, не будуць умешвацца палітыкі, то прынамсі тэхнічную работу мы можам выканаць за год”.

 

БЕСПРАЦОЎЕ Ў БЕЛАРУСІ НА ЎЗРОЎНІ 1 ПРАЦЭНТ

Зарэгістраванае беспрацоўе ў Беларусі ўжо тры месяцы захоўваецца на ўзроўні 1 працэнт да эканамічна актыўнага насельніцтва. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Такун.

З пачатку бягучага года ў рэспубліцы адзначаўся рост беспрацоўя: на 1 студзеня гэты паказчык складаў 0,5 працэнта, на 1 лютага — 0,7 працэнта, на 1 сакавіка — 0,8 працэнта, на 1 красавіка — 0,9 працэнта, на 1 мая, 1 чэрвеня і 1 ліпеня — 1 працэнт. Дарэчы, за чэрвень на 0,1 працэнтнага пункта павысіўся ўзровень беспрацоўя ў Мінску (да 0,6 працэнта), а ў рэгіёнах рэспублікі ён застаўся на ранейшым узроўні.

Як адзначыў Алег Такун, сітуацыя на рынку працы характарызуецца стабільнасцю: колькасць зваротаў у службу занятасці па садзейнічанне ў працаўладкаванні і колькасць вакансій застаюцца без істотных змяненняў, масавых вызваленняў работнікаў у сувязі з аптымізацыяй штату і скарачэннем не чакаецца. “Прагназуем зніжэнне са жніўня патоку зваротаў грамадзян у службу занятасці”, — дадаў прадстаўнік міністэрства.

 

БЕЛАРУСЬ ВІТАЕ ДАМОЎЛЕНАСЦІ ПА ІРАНСКАЙ ЯДЗЕРНАЙ ПРАГРАМЕ

Беларусь вітае дамоўленасці па іранскай ядзернай праграме, дасягнутыя «шасцёркай» міжнародных пасрэднікаў і Іранам у Вене.

«Знаходжанне кампрамісу па гэтым пытанні ўмацоўвае міжнародную бяспеку, не парушаючы існуючага ў Ірана права на развіццё мірнай ядзернай энергетыкі, і з’яўляецца яскравым сведчаннем магчымасці вырашэння палітычнымі і дыпламатычнымі сродкамі нават самых складаных міжнародных крызісаў», — гаворыцца ў заяве.

Як падкрэслілі ў беларускім знешнепалітычным ведамстве, канчатковае ўрэгуляванне рознагалоссяў па іранскай ядзернай праграме і зняцце санкцый з Тэгерана будуць садзейнічаць павышэнню даверу, умацаванню рэжыму нераспаўсюджвання, а таксама забеспячэнню міру і стабільнасці ў рэгіёне і за яго межамі.

 

СТАРШЫНЮ БЕЛАРУСКАГА САЮЗА ЖАНЧЫН ПЕРАВЫБЕРУЦЬ НА ПАЗАЧАРГОВАЙ КАНФЕРЭНЦЫІ 15 ЖНІЎНЯ

Пазачарговая канферэнцыя Беларускага саюза жанчын, на якой будзе перавыбрана яе старшыня, пройдзе 15 жніўня. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні праўлення ГА «Беларускі саюз жанчын».

Выказваючы сваю пазіцыю наконт вызвалення ад пасады старшыні Беларускага саюза жанчын, Надзея Ермакова адзначыла, што лічыць важным даваць магчымасць актыўна працаваць маладым.

На канферэнцыі таксама плануецца ўнесці змяненні ў статут арганізацыі.

Грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз жанчын» створана 14 снежня 1991 года. На добраахвотнай аснове аб’ядноўвае жаночыя саветы, створаныя ва ўсіх абласцях, раёнах, гарадах, у многіх працоўных калектывах, і навучальных установах, і па месцы жыхарства. Цяпер у саюзе больш за 170 тысяч жанчын, дзейнічае каля 3 тысяч пярвічных арганізацый.

 

ГРОДНА АДСВЯТКАВАЛА 71-Ю ГАДАВІНУ ВЫЗВАЛЕННЯ

Гродна 16 ліпеня  адсвяткавала 71-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Да падножжа брацкай магілы воінаў і партызан у гарадскім парку імя Жылібера прадстаўнікі працоўных калектываў, ветэраны, кіраўніцтва горада і вобласці щсклалі вянкі і кветкі ў гонар вызваліцеляў.

Па традыцыі ў гэты дзень ўшанавалі заслужаных жыхароў горада. Напярэдадні былопрынята рашэнне аб занясенні ў Кнігу Славы Гродна іменаў сямі гродзенцаў, якім уручылі ганаровыя пасведчанні.

Гродна быў вызвалены 16 ліпеня 1944 года войскамі 2-га і 3-га Беларускіх франтоў. Іменамі многіх вызваліцеляў горада названы вуліцы, школы, памежныя заставы, а Гродна ў ліку іншых населеных пунктаў Беларусі быў узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».

БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *