З 16 па 18 ліпеня ва ўрочышчы Рыбакі праходзіў абласны турысцкі злёт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «Здаровы я — здаровая краіна!».
Арганізатары сёлетняга мерапрыемства — Гродзенскі абласны камітэт ГА «БРСМ», Дзятлаўскі раённы камітэт ГА «БРСМ», Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт пры падтрымцы Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Летась лепшыя моладзевыя каманды з розных раёнаў Гродзеншчыны ўпершыню прыехалі ў Рыбакі на турысцкія спаборніцтвы, і цяпер вырашылі зноў сустрэцца на гасціннай дзятлаўскай зямлі.
Cіламі тут мераліся 17 мацнейшых рэгіянальных каманд.
На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства песняй «Сэрца зямлі маёй» прысутных павіталі Валерый Макарчык і Таццяна Дудкіна.
У якасці ганаровых гасцей на абласны моладзевы турысцкі злёт былі запрошаны намеснік старшыні абласнога Савета дэпутатаў, галоўны рэдактар газеты «Гродзенская праўда» П. Сухарукаў, начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама А. Андрэйчык, начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Н. Янулевіч, намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама М. Мацюкевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама І. Кухарэвіч, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Д. Ёда.
Да моладзі на ўрачыстым адкрыцці злёту звярнуўся першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» А. Коўш:
— Я рады, што месца, дзе мы сёння знаходзімся, становіцца традыцыйным для нашага турзлёту працоўнай моладзі. Хочацца, каб вы не страцілі мінулагодні спартыўны запал і зноў на высокім узроўні паказалі сябе ў творчых, турысцкіх і спартыўных конкурсах, на якія багата праграма мерапрыемства. Жадаю вам даказаць, што вы каманды, адчуць ва ўсіх конкурсах надзейнае сяброўскае плячо. Сонечнага вам настрою на працягу турзлёту, і абавязкова прывязіце выдатны настрой да сябе на радзіму.
Права ўзняць сцяг злёту прадаставілі камандзе Гродзенскага раёна — пераможцы мінулагодніх абласных спаборніцтваў.
Удзельнікаў павітаў намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама М. Мацюкевіч:
— Мы рады вас бачыць на Дзятлаўшчыне ў Год моладзі, год 70-ай гадавіны Вялікай Перамогі, 75-годдзя Дзятлаўскага раёна. Адчувайце сябе, як дома. Спадзяюся, што вы пазнаёміцеся, атрымаеце зарад бадзёрасці і добрага настрою. Жадаю вам спартыўных і творчых поспехаў, шчасця і ажыццяўлення мараў.
Ужо стала традыцыяй у час абласнога турысцкага злёту ўручаць узнагароды пераможцам штогадовых абласных спаборніцтваў сярод маладых механізатараў, занятых на вясновай падрыхтоўцы глебы і сяўбе сельскагаспадарчых культур. Гэты год не стаў выключэннем: пераможцам уручылі граматы Гродзенскага абласнога камітэта грамадскага аб’яднання «БРСМ» і каштоўныя падарункі. Першынстваваў Астравецкі раён, другое месца заняў прадстаўнік Шчучынскага раёна. Сярод прызёраў — наш зямляк, механізатар СВК «Дварэц-Агра» Андрэй Ляўкевіч.
На сёлетнім абласным турысцкім злёце стартавала дабрачынная сацыяльная акцыя БРСМ, якая, як спадзяюцца арганізатары, у далейшым стане традыцыйнай. Моладзь Гродзеншчыны падарыла спартыўны інвентар Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Прымалі падарунак дырэктар установы Святлана Лагута і яе выхаванцы, якія адразу ж паказалі гасцям майстар-клас валодання мячом.
Намеснік старшыні абласнога Савета дэпутатаў, галоўны рэдактар газеты «Гродзенская праўда» Павел Сухарукаў, звяртаючыся да ўдзельнікаў злёту, узгадаў у прыватнасці, што раней і ён працаваў у моладзевай сферы, быў арганізатарам такіх жа мерапрыемстваў. Сэрца радуецца, адзначыў прамоўца, калі бачыш, як вырасла моладзевая арганізацыя. Нельга не згадзіцца, што моладзь — будучыня нашай краіны. А таму варта заўжды памятаць: нам усё па плячы, калі мы разам!
Падтрымліваючы яшчэ адну добрую традыцыю — ушанаванне памяці загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, кожная 17 з каманд-удзельніц адправіла сваіх дэлегатаў ускласці кветакі і вянкі да помніка героям.
У гарадскім скверы Дзятлава моладзевую дэлегацыю сустрэлі піянеры, настаўнікі, работнікі Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Пра жахі вайны і цану Вялікай Перамогі ад імя ветэранаў Дзятлаўшчыны маладому пакаленню нагадаў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Юльянавіч Лях.
Прысутныя ўсклалі кветкі да брацкай магілы і ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання.
У Рыбаках удзельнікі злёту тым часам завяршалі арганізацыютурысцкіх лагераў, рыхтаваліся да конкурсу «Быт турыста». Мінулагоднія прызёры — бераставічане — запрашалі гасцей у беларускую хату. На іх падворку настрой турыстам падымала вясёлая вавёрка — сімвал Бераставіцкага раёна. Нашы землякі — каманда СВК «Хвінявічы» — усталявалі сваё кафэ «Бліндажок» з удасканаленым дызайнам і «вырасцілі» на ўчастку шыкоўную пластыкавую пальму.
Наогул, усе тры дні турзлёту былі творчыя, актыўныя і багатыя на падзеі. Турысты спаборнічалі ў падыманні гіры (перамагла каманда Гродзенскага раёна), падцягванні (лепшы вынік ў Ашмянаў), дартсе (самымі трапнымі былі шчучынцы), перацягванні каната (мацнейшая была каманда Смаргоні), армрэслінгу (перамагла каманда горада Гродна), праходзілі паласу перашкодаў (лепшы вынік у каманды Дзятлаўскага раёна, другія — шчучынцы, трэцяя — каманда горада Гродна), дэманстравалі інтэлектуальныя здольнасці (пераможцы — Свіслач), быт турыста (найлепш наладзіла яго каманда Мастоў), гулялі ў валейбол (выйгралі лідчане), «Гарады» (лепшы вынік у Свіслачы), выпускалі турысцкія газеты (самая цікавая атрымалася ў Шчучына).
Прызёраў і пераможцаў агульнакаманднага заліку спаборніцтваў узнагародзілі падарункамі ў час закрыцця турысцкага злёту. Каманды, якія занялі 1-3 месцы, атрымалі кубкі, прызы і дыпломы. Пераможцам сёлетняга абласнога турзлёту стала каманда Дзятлаўскага раёна з СВК «Хвінявічы» — выніковая сума балаў — 286. На другім месцы фінішыравалі мінулагоднія пераможцы — Гродзенскі раён (260). Каманда Шчучынскага раёна замкнула тройку лідараў (244). Удзельнікі каманд-пераможцаў таксама былі ўзнагароджаны прызамі, медалямі і дыпломамі.
І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА