У межах прэс-тура журналісты Гродзеншчыны наведалі Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф. К. Багушэвіча.
Сёлета спаўняецца 60 гадоў з той пары, як у музеі адкрылася першая экспазіцыя. У год адкрыцця тут працавалі аддзел сацыялістычнага будаўніцтва і куточак, прысвечаны беларускаму паэту-дэмакрату Францішку Багушэвічу. У 1965 годзе ў музеі была адкрыта новая экспазіцыя, якая складалася з 3-х аддзелаў: прыроды, гісторыі дасавецкага часу, гісторыі савецкага грамадства. У 1970 годзе тут працавалі 10 залаў, дзе выстаўляліся 1264 экспанатыасноўнага фонду. Чарговы раз экспазіцыя абнаўлялася ў 1987 годзе. Музей захоўвае прадметы археалогіі і нумізматыкі, асабістыя рэчы мясцовых жыхароў і прадметы народнага побыту, вырабы майстроў-умельцаў і дакументы, зброю і фатаграфіі, чучалы і муляжы, кнігі, партрэты знакамітых ашмянцаў.
У жніўні 2000 года музей атрымаў гістарычны будынак, пабудаваны ў 1850 годзе. Рэканструкцыя будынка музея была завершана ў 2009 годзе, 20 лістапада адбылося ўрачыстае адкрыццё выставачнай залы.
17 чэрвеня 2010 года адбылася прэзентацыя выставы Міжнароднай асацыяцыі «Мастацтва народаў свету» М. І. Карнілава «Дар галереи «НИКОР». Музей атрымаў у дар 431 мастацкі твор (жывапіс, графіка, скульптура), гэта галерэя працуе і сёння.
З лістапада 2013 года ў музеі працуе новая экспазіцыя, якая ўключае 4 залы, прысвечаныя прыродзе, гісторыі і культуры Ашмянскага краю.
Фотасправаздача: прэс-тур па Ашмянах
Экспазіцыйная зала «Свет прыроды»
Зала прысвечана расліннаму і жывёльнаму свету Ашмянскага раёна. Зала паралельна раскрывае тэму зімы, вясны, лета і восені з жывёльным светам лесу, балот, вадаёмаў, лугоў. Так, на фоне зімовага лесу прадстаўлены алені, зубры, вясна прадстаўлена насельнікамі балот, летні вадаём напоўнены вадаплаўнымі птушкамі, а на восеньскім лузе размешчаны чучалы лася, вожыка, казулі і многіх іншых птушак.
Экспазіцыйная зала «Ашмяны ад старажытнасці да ХХІ стагоддзя»
Зала расказвае наведвальнікам пра гісторыю Ашмян ад моманту заснавання па сённяшні дзень. С. І. Верамейкам была распрацавана гіпатэтычная рэканструкцыя старажытных Ашмян, дзякуючы якой наведвальнікі музея могуць даведацца, як выглядаў горад у пачатку свайго развіцця і як развіваўся цягам часу.
Вітражы з выявай Ашмян у розныя гістарычныя перыяды тэматычна звязаны з вітрынамі, у якіх размешчаны экспанаты тых часоў, а таксама з навакольнай прасторай за акном. Шпалеры ў зале маюць выгляд карты Вялікага княства Літоўскага. Паколькі музей носіць імя паэта-дэмакрата Францішка Багушэвіча, чырвонай ніткай праз усю экспазіцыю праходзяць радкі з яго верша «Мая дудка».
Экспазіцыйная зала «Славутыя мясціны Ашмяншчыны»
Увазе наведвальнікаў прадстаўлены славутыя мясціны Ашмянскага раёна: Мураваная Ашмянка, Бруны, Гальшаны і Жупраны. Падарожнічаючы па Ашмяншчыне, госці змогуць даведацца пра помнікі і знакамітых асобаў, якія пакінулі свой след у гісторыі краю. У электронных рамках размешчаны фота і дакументы, якія не ўвайшлі ў прадметны шэраг.
Згодна з мастацкай задумкай, праз музейныя калекцыі асобна паказваюцца шляхецкая і сельская культуры. Для такога паказу ўжыты цікавы экспазіцыйны прыём: на «сельскім» баку выкарыстаны шпалеры, выявы для якіх узяты з ручнікоў і тканін з фондаў музея. На супрацьлеглым баку — дэкаратыўны ўзор на шпалерах, уласцівы шляхецкай культуры. Такі ж прыём прымяняецца і ў асобных пунктах музейнага падарожжа.
Экспазіцыйная зала «Старонкі гісторыі краю ў ХХ стагоддзі»
Падарожжа па Ашмяншчыне перарываецца цёмна-шэрай паласой вайны. У экспазіцыйнай зале прадстаўлены разбуральны вобраз вайны.
Таксама ў зале шырока прадстаўлена бытавая культура пасляваеннага перыяду, адукацыя на Ашмяншчыне ў савецкі перыяд. Лагічнае завяршэнне экскурсіі — мемарыяльны куток Бранцішка Багушэвіча, тут заканчваецца бягучы радок, і наведвальнікі музея могуць прачытаць верш «Мая дудка» цалкам.
Фота Н. АВЯРЧУК