Дзень Жукоўшчынскага сельсавета

Падзеі

Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Жукоўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета” адбылося ў Жукоўшчынскім сельскім савеце.

У ім удзельнічалі кіраўнікі райвыканкама, старшыні сельскіх і пасялковых выканкамаў, кіраўнікі шэрагу раённых арганізацый і службаў,  ідэалагічныя работнікі СВК

З сацыяльна-эканамічным становішчам Жукоўшчынскага сельскага савета ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміў яго старшыня І. Жыдко.

 

Тэрыторыя сельсавета складае 161 квадратны кіламетр, з названай колькасці 9,1 квадратнага кіламетра займаюць землі сельскіх паселішчаў, якіх налічваецца 18. У аграгарадках і вёсках жывуць 2 593 чалавекі (зарэгістраваны 2 647), з іх 1 493 (58 працэнтаў) працаздольныя, 728 (28 працэнтаў) пенсіянераў, 372 (14 працэнтаў) непаўналетніх. У сельсавеце жывуць 2 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, 2 былыя малалетнія вязні, 50 адзінокіх грамадзян, 457 чалавек жывуць адзінока, 16 шматдзетных сем’яў, 124 інваліды першай і другой групы, 8 інвалідаў з дзяцінства. У сельсавеце зарэгістраваны 1 352 гаспадаркі.

Самыя буйныя паселішчы – аграгарадок Гезгалы (1 443 жыхары), аграгарадок Жукоўшчына (457 жыхароў), вёска Погіры (126). Ёсць тры паселішчы – Глушыца, Пецюкі, Коскі, —  у якіх жывуць менш, чым па 5 чалавек.

Дэпутацкі корпус нядаўна рэарганізаванага Жукоўшчынскага сельскага Савета складаюць 22 дэпутаты. У склад выканаўчага камітэта ўваходзяць 7 чалавек. Жукоўшчынскі сельскі Савет дэпутатаў і сельскі выканаўчы камітэт ажыццяўляюць сваю дзейнасць на падставе Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”.

Вытворча-сацыяльную інфраструктуру сельсавета складаюць СВК “Жукоўшчына”, Гезгалаўскае лясніцтва, два аддзяленні паштовай сувязі, 10 магазінаў (з іх 2 магазіны індывідуальных прадпрымальнікаў), 2 комплексныя прыёмныя пункты ў аграгарадках Ггезгалы і Жукоўшчына, Жукоўшчынскі дзіцячы сад-сярэдняя школа, Гезгалаўскі яслі-сад, Гезгалаўская сярэдняя школа, 2 бібліятэкі, Жукоўшчынскі дом культуры, Гезгалаўскі дом культуры, ФАП, амбулаторыя доктара агульнай практыкі, Гезгалаўская БСУ, Дом сумеснага пражывання ў Гезгалах, праваслаўная царква.

Медыцынскае абслугоўванне жыхароў сельсавета забяспечваюць Гезгалаўская амбулаторыя доктара агульнай практыкі і Жукоўшчынскі фельчарска-акушэрскі пункт, а таксама Дзятлаўская раённая паліклініка. Медработнікі рэгулярна праводзяць медыцынскае абследаванне ветэранаў вайны, адзінокіх і грамадзян, якія жывуць адзінока, аказваюць ім патрэбную медыцынскую дапамогу.Распрацаваны графікі наведвання медработнікамі грамадзян на даму. Праводзяцца прафілактычныя гутаркі за здаровы лад жыцця.

 

Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва выконваюць 10 стацыянарных гандлёвых кропак. Паселішчы, дзе адсутнічаюць магазіны, па зацверджанаму графіку абслугоўваюць аўталаўкі.

Установы паштовай сувязі, акрамя традыцыйных паслугаў, аказваюць дадатковыя. Праз паштальёнаў можна набыць і заказаць амаль любы тавар.

 

Комплексны прыёмны пункт службы быту з’яўляецца асноўнай формай сэрвісу ў вёсцы. Работа КПП дазваляе наблізіць бытавыя паслугі да месца працы і жыхарства грамадзян.

Колькасць выхаванцаў у школах і садках сістэмы адукацыі налічвае 281 чалавека, з гэтай колькасці 54 – выхаванцы Гезгалаўскага яслі-саду, 78 – вучні і выхаванцы Жукоўшчынская сярэдняй школы-дзіцячага саду, 149 – вучні Гезгалаўскай сярэдняй школы.

Адным з кірункаў дзейнасці выканаўчай улады сельсавета з’яўляецца сацыяльная абарона насельніцтва, асабліва пажылых людзей, сярод якіх 50 адзінокіх і 457 чалавек, якія жывуць адзінока. Аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму ў Жукоўшчынскім сельсавеце абслугоўвае 64 чалавекі. На ўмовах частковай аплаты абслугоўваюць 10 чалавек, поўнай аплаты – 38.

Вялікую ўвагу сельвыканкам надае рабоце з насельніцтвам па месцы жыхарства. Адна з формаў такой работы – сходы грамадзян. З улікам пажылога ўзросту вясковых жыхароў і аддаленасці шэрагу вёсак ад цэнтра сельсавета асноўнай формай работы становяцца падворныя абходы.

Пры сельвыканкаме працуюць розныя грамадскія фарміраванні – добраахвотная дружына, аглядавая камісія, камісія садзеяння кантролю за выкананнем заканадаўства “Аб свабодзе веравыяўлення і рлігійных арганізацыях”, грамадскі пункт аховы правапарадку, інфармацыйна-прапагандысцкая група. Вялікую работу праводзяць старасты паселішчаў і дамавыя камітэты, якія з’яўляюцца сувязнікамі паміж жыхарамі вёсак і сельвыканкамам. Усе грамадскія фарміраваанні ўзначальваюць ініцыятыўныя людзі, якія сумленна ставяцца да выканання грамадскіх абавязкаў. Грамадскія фарміраванні праводзяць прафілактычную работу з ненадзейнымі сем’ямі, сямейнымі скандалістамі, асобамі, якія злоўжываюць спіртным. У дамах ненадзейных і шматдзетных сем’яў, адзінокіх грамадзян устаноўлены аўтаномныя пажарныя паведамляльнікі з мэтаю папярэджання пажараў. Праводзяцца пастаянныя рэйды-праверкі, выкананне прадпісанняў актаў абследванняў знаходзіцца на кантролі. Грамадскія фарміраванні стараюцца працаваць сумесна, гэта больш вынікова.

Усяго знесена 55 апусцелых дамоў, з гэтай колькасці 3 – сёлета. Мясцовыя арганізацыі даглядаюць навакольную тэрыторыю, арганізавана планавая работа па добраўпарадкаванні.

На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 3 помнікі загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, абеліск. Дзейнічае праваслаўная царква.

З кіраўніцтвам СВК “Жукоўшчына”, Гезгалаўскага лясніцтва, выпраўленчай калоніі-пасялення № 26, камунальнага ўчастка ў Гезгалах наладжана ўзаемасувязь.

Актуальнай задачай для сельвыканкама з’яўляецца належнае санітарнае ўтрыманне паселішчаў. Трэба знайсці спадчыннікаў апусцелых дамоў, вырашыць з імі далейшы лёс пабудоваў. Вялікай увагі вымагаюць месцы пахаванне, іх належны санітарны стан.

Мясцовай праблемай з’яўляецца працаўладкаванне беспрацоўных жыхароў аграгарадка Гезгалы.

Удзельнікі мерапрыемства наведалі школу-дзіцячы сад, магазін у Жукоўшчыне, пабылі на ферме ў Краглях, у выпраўленчай калоніі-пасяленні, у дзіцячым садку, школе і доме сумеснага пражывання ў Гезгалах.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Камароў пазнаёміў прысутных з вынікамі анкетнага апытання жыхароў Жукоўшчынскага сельсавета. Найбольш хвалююць мясцовае насельніцтва распаўсюджанасць п’янства сярод аднавяскоўцаў, недастатковая колькасць моладзі ў вёсках, хібы дарожнага пакрыцця. Акрамя таго, рэспандэнты канкрэтна адзначылі нездавальняючы стан дарогі па вуліцы Палявой у Жукоўшчыне, прапанавалі адбудоўваць і падтрымліваць жыццё ва ўсіх вёсках сельсавета, а не толькі ў аграгарадках, пажадалі аднаўлення руху аўтобуса Дзятлава – Ліда з заходам у Жукоўшчыну хоць раз на тыдзень. Апытаныя выказалі прэтэнзіі да якасці вады, адзначылі нездавальняючае абсталяванне дзіцячых гульнявых пляцовак і нястачу парка ў Жукоўшчыне.

Кіраўнікі аглядавых груп выказалі свае ўражанні ад агляду стану паселішчаў раёна па сельсаветах, у прыватнасці, яны адзначылі наступнае.

А. Гросс, першы намеснік старшыні райвыканкама: у чэрвені адбыўся традыцыйны агляд пасеваў з параўнаннем двух суседніх раёнаў – Дзятлаўскага і Слонімскага. Летась лепш выглядаў Слонімскі раён, сёлета – наш. Гэта датычыць і ўласна палеткаў, і сельскіх дарог. Ёсць, вядома, і негатыў, трэба працаваць, каб яго ліквідаваць.

А. Жыдко, намеснік старшыні райвыканкама: нават аддаленыя вёскі Парэцкага сельсавета выглядаюць някепска, вялікіх прэтэнзій да іх санітарнага стану няма. Уражанне ад Вензавецкага сельсавета горшае. Апусцелыя сядзібы кідаюцца ў вочы, трэба шукаць людзей, якім належыць спадчына і вырашаць з імі, як распарадзіцца маёмасцю.

Ю. Залеўскі, намеснік старшыні райвыканкама: работа па добраўпарадкаванні ў Дварэцкім сельсавеце доўжыцца, падкошваюць, прыбіраюць. У Мяляхавіцкім сельсавеце гаспадарамі невялікіх вёсачак становяцца дачнікі, даглядаюць іх. Ёсць пртэнзіі да дарожнай службы: некаторыя дарогі дагледзелі добра (абкасілі, адгрэйдавалі), іншыя – не зусім. Да прыкладу, перад Белагурнам трава паднялася да дарожнага знака.

А. Андруцэвіч, кіраўнік справамі райвыканкама: у Дзятлаўскім сельсавеце вёскі жывыя, работа ідзе. Але не дагледжаны пад’езд да Плябанаўцаў.

 

Вынікі Дня Жукоўшчынскага сельсавета падвёў старшыня райвыканкама І. Крахмальчык. Ён, у прыватнасці, адзначыў: пасля асфальтавання дарог у Войневіцкім сельсавеце ў вёскі пачалі вяртацца людзі, хоць бы на лета: абгароджваюць сядзібы, падфарбоўваюць фасады. Людзі выказваюць прэтэнзіі, што камунальная служба спілоўвае дрэвы; трэба замест старых дрэваў саджаць маладыя, як гэта акуратна зрабілі па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве. Што датычыць абласнога свята “Дажынкі” ў Дзятлаве, то фінансаванне падрыхтоўчых работ на 37,5 мільярда рублёў пацверджана: найбольш капіталаёмістыя работы будуць выкананы на двух вуліцах горада, у бальніцы і на будаўніцтве новага корпуса райвыканкама. Старшыня райвыканкама падзякаваў кіраўнікоў Жукоўшчынскага сельсавета і СВК “Жукоўшчына” І. Жыдко і І. Свіба за належную падрыхтоўку да Дня сельсавета. Наступны Дзень сельсавета прызначаны ў Мяляхавіцкім і Дварэцкім сельскіх Саветах.

Б. ВАРНА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *