У Дзятлаве ў парафіі касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася ўрачыстасць у гонар Марыі Успамогі Хрысціян. Мерапрыемства прайшло ў рамках падрыхтоўкі да жнівеньскага святкавання 200-годдзя з дня нараджэння святога Яна Боска.
Як настаўнік і апякун моладзі, стваральнік салезіянскага ордэна, у сваіх пропаведзях да прыхаджан Ян Боска неаднаразова паўтараў : «Даверцеся Марыі Успамозе Хрысціянаў і ўбачыце, што такое цуды», тым самым заклікаючы людзей да шчырай веры ў заступніцтва Найсвяцейшай Панны.
У час Святой імшы ў дзятлаўскім касцёле аб гэтым прыхаджанам нагадаў Біскуп Юзаф Станеўскі, дапаможны Біскуп Гродзенскай дыяцэзіі.
У супольнай малітве, духоўных песнапеннях вернікі падзякавалі Марыі Успамозе Хрысціян за яе клопат і духоўную апеку, за яе заступніцтва. Таксама прыхаджане касцёла, святары, вернікі з Бараўлянаў, Мінска, Смаргоні ўшанавалі Найсвяцейшую Панну ўрачыстай працэсіяй вакол касцёла, якая суправаджалася акампанементам Наваельнянскага духавога аркестра.
Са святам усіх вернікаў павіншавалі не толькі святары, але і прадстаўнікі раённай улады. Ад Дзятлаўскага райвыканкама ўдзельнікаў урачыстасці ў гонар Марыі Успамогі Хрысціян павітаў намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Мацюкевіч.
Пасля Святой імшы і працэсіі свята прадоўжылася на плошчы 17 Верасня. Тут прайшла канцэртная праграма ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Праграму падрыхтавала моладзь араторыяў з Дзятлава, Бараўлянаў, Мінску, Смаргоні.
Былі падведзены і вынікі конкурсу «Верш для Дона Боска». Узнагароды пераможцам уручыў ксёндз-пробашч дзятлаўскага касцёла Здзіслаў Пікула.
З заключным словам да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся Рэгіянальны Настаяцель Каталіцкай Місіі «Таварыства святога Францішка Сальскага» ксёндз Віктар Гайдукевіч.
А. ДУБРОЎСКАЯ