На ніве аховы здароўя дзяцей
Жанна Аляксандраўна Едчык у выбары прафесіі кіравалася прыкладам сваёй мамы Алены Вітальеўны, якая шмат гадоў адпрацавала медыцынскай сястрой у тэрапеўтычным аддзяленні Дзятлаўскай раённай бальніцы.
На пачатку паступіла ў Гродзенскае медвучылішча. Пасля яго заканчэння вышэйшую адукацыю Жанна атрымала ў Гродзенскім медыцынскім інстытуце. А пасля стажыроўкі ў Лідзе працаваць прыехала ў Казлоўшчынскую паліклініку.
За сем гадоў яна зарэкамендавала сябе выдатным спецыялістам-педыятрам, які ведае псіхалогію маленькага пацыента, умее знайсці да яго падыход. Дзеці таксама з любоўю ставяцца да свайго ўчастковага доктара. Сустракаючы на вуліцы, заўжды вітаюцца.
Усяго пад медыцынскай апекай Жанны Аляксандраўны знаходзяцца 632 дзіцяці, 36 немаўлят — ва ўзросце да года.
— Калі дзіця здаровае, калі на яго твары свеціцца ўсмешка, то і ў мяне настрой становіцца бадзёрым, — кажа педыятр.
Сама Жанна Аляксандраўна — таксама мама. Сыну Арцёму — ужо 11 гадоў. Яго выхаванне, хатнія справы, прагулка з хатнім гадаванцам — сабакам Кірай, займаюць вольны час жанчыны. Таксама яна любіць чытаць. У ліку перавагаў — спецыялізаваная медыцынская літаратура, якая дапамагае пастаянна ўдасканальваць свой прафесійны ўзровень.
Увогуле, не спыняцца на дасягнутым, з’яўляецца своеасаблівым жыццёвым дэвізам Жанны Аляксандраўны. Гэтага ж яна жадае і ўсім сваім калегам з нагоды прафесійнага свята, а таксама шчасця, здароўя, ветлівых пацыентаў.
НА ФОТАЗДЫМКУ: педыятр Казлоўшчынскай паліклінікі Ж. Едчык прымае маленькіх пацыентаў і іх матулю.
У медыцыне — больш за сорак гадоў
Таццяна Кайтанаўна Власенка, загадчыца Казлоўшчынскай бальніцы, сваё прафесійнае свята сёлета адзначыць у сорак другі раз. Сустрэне яго на працоўным месцы — у суботу традыцыйна паліклініка будзе прымаць жадаючых прайсці вадзіцельскую медкамісію.
Пасля працоўнага дня Таццяну Кайтанаўну са святам павіншуюць родныя, сябры, суседзі.
— А пацыенты віншуюць?
— Не заўсёды. Магчыма, не ведаюць пра гэтае свята, магчыма, па іншых прычынах.
— Гэта засмучае?
— Крышку. Паколькі заўжды прыемна пачуць на свой адрас цёплыя словы.
На пасадзе загадчыцы паліклінікі Таццяна Кайтанаўна з 1998 года, пяць гадоў загадвае і бальніцай. А, увогуле, у медыцыне жанчына з 1973 года.
Калі толькі прыйшла працаваць, узгадвае яна, на абслугоўванні паліклікнікі знаходзіліся 8000 жыхароў. Сёлета гэтая лічба складае пяць тысяч.
Насельніцтва старэе, вёскі выміраюць, дзетак нараджаецца мала. Так, за прайшоўшы перыяд бягучага года на ўчастку нарадзілася толькі 16 немаўлят. А яшчэ гадоў дзесяць-пятнаццаць таму за год гэтая лічба складала 40-50 дзяцей.
Радыус абслугоўвання Казлоўшчынскай паліклінікі даволі вялікі — гэта непасрэдна гарадскі пасёлак, 49 вёсак, 7 ФАПаў. У вёсках, як вядома, засталіся жыць пажылыя людзі. Не заўжды яны могуць своечасова трапіць на прыём у паліклініку — няма транспартных зносін.
— Як вырашаеце праблему?
— Ездзім у вёскі самі. Наведваюць жыхароў участковыя тэрапеўты. Асаблівая ўвага надаецца адзінокім пажылым людзям. А штомесяц нашы тэрапеўты выязджаюць у ФАПы, якія замацаваны за паліклінікай, праводзяць прыём.
Таксама вядзем мы і асветніцка-прафілактычную работу. Нашы медыкі прымаюць удзел у мерапрыемствах, якія праводзяць школа, у рэалізацыі Дэкрэта №18, работу па вакцынацыі, флюараграфічным абследаванні.
— Таццяна Кайтанаўна, ці ўкамплектавана бальніца поўнасцю кадрамі?
— Усяго ў нас працуюць 62 чалавекі. Не хапае тэрапеўтаў, ёсць і свабодныя вакансіі медыцынскіх сясцёр. Разам з гэтым існуе і яшчэ адна праблема: 46% медыцынскіх сясцёр — пенсійнага ўзросту. Ёсць і дактары пенсійнага ўзросту.
А, увогуле, калектыў паліклінікі — згуртаваны, тут працуюць выдатныя людзі. Пра кожнага з іх можна сказаць толькі добрыя словы. Шмат гадоў працоўнага стажу ў тэрапеўта Анатоля Лявонцьевіча Юркевіча, у старэйшай медсястры Марыны Мікалаеўны Макарчык, медсясцёр Вольгі Вікенцьеўны Лазоўскай, Галіны Валянцінаўны Лычкоўскай, Станіславы Францаўны Грыб. Сем гадоў у нас працуе педыятрам Жанна Аляксандраўна Едчык. Яна зарэкамендавала сябе як выдатны спецыяліст.
— А на ваш, погляд, як медыка з вялікім стажам працы, што з’яўляецца галоўным складальнікам вашай прафесіі?
— Маладыя спецыялісты, якія яшчэ толькі прыходзяць працаваць, павінны любіць сваю справу, калі што не атрымліваецца — не баяцца пытацца ў старэйшых калегаў, а вучыцца ў іх, пераймаць вопыт.
— Таццяна Кайтанаўна, што пажадаеце сваім калегам напярэдадні іх прафесійнага свята?
— Здароўя, поспехаў на працы. А таксама, каб пацыенты ставіліся да іх ветліва і паважліва.
НА ФОТАЗДЫМКУ: загадчыца Казлоўшчынскай паліклінікі Т.К. Уласенка
Памочнік доктара
Таццяна Пятроўна Санцэвіч — ураджэнка Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Пазней бацькі пераехалі на Дзятлаўшчыну, у вёску Дзянісава. Тут Таццяна Пятроўна жыве і цяпер.
На будучы выбар прафесіі, як адзначае сама Таццяна Пятроўна, паўплывалі курсы на вучэбна-вытворчым камбінаце ў 10-11 класах. Прафесія медыцынскай сястры настолькі спадабалася, што Таццяна вырашыла асвоіць яе ўсур’ёз ужо ў Слонімскім медыцынскім вучылішчы.
Пасля яго заканчэння прайшло больш за 10 гадоў. Большую частку з іх Таццяна Пятроўна працавала фельчарам у Парэцкай амбулаторыі. Тры гады — у Казлоўшчынскай паліклініцы. Цяпер Таццяна Пятроўна — памочнік доктара.
Азіраючыся назад, яна ўдзячна таму лёсавырашальнаму рашэнню выбраць справай жыцця медыцыну, галоўнае ў якой — дапамагаць людзям захаваць здароў. І тут важныя не толькі лекі, адзначае жанчына, але і добрае слова, шчырая ўвага да пацыента.
У вольны час Таццяна Пятроўна любіць хадзіць па грыбы і ягады. Быў перыяд, калі захаплялася вязаннем кручком. Цяпер на гэта не хапае часу.
Прафесійнае свята Таццяна Пятроўна адзначыць у коле сям’і, сяброў. А ўсім медыкам Дзятлаўшчыны яна пажадала здароўя, працоўных поспехаў на ніве захавання здароўя людзей.
А. ДУБРОЎСКАЯ
НА ФОТАЗДЫМКУ:Т. Санцэвіч
Фота Н. АВЯРЧУК