Галерэя мастацтваў Ларысы Ненартовіч

Падзеі

Сустрэча з Ларысай Васільеўнай Ненартовіч, народным майстрам, які займаецца саломапляценнем, адбылася ў  Гезгалаўскай школе. Распачалася яна з экскурсіі па школьнай галерэі мастацтваў. У чатырох экспазіцыях невялікага пакоя прадстаўлены работы, выкананыя ў розных дэкаратыўных тэхніках — роспіс па шкле і тканіне, дэкупаж,  саломапляценне, лепка з цеста. Гэтая прыгажосць створана Ларысай Васільеўнай і  яе вучнямі. Як майстар саломапляцення, яна перадае сваё майстэрства дзецям. Як настаўнік і чалавек творчы, вучыць іх і іншым дэкаратыўным тэхнікам, якія дазваляюць ствараць непаўторныя вырабы.

Ненартовіч

МАЙСТЭРСТВА ПАЧЫНАЕЦЦА З КНІГІ

— Ужо і не памятаю, — узгадвае Ларыса Васільеўна, — якім чынам да мяне трапіла кніга «Вазьмі простую саломку». Непрыкметная на першы погляд, яна  адкрыла  цэлы свет народнага мастацтва,  якое захапіла мяне ўсур’ёз.

Першымі крокамі да вяршыняў  майстэрства стала аплікацыя з саломкі, першымі сур’ёзнымі работамі — карціны-аплікацыі «Восеньскі букет», «Кветкі». Іх убачылі наведвальнікі абласной выставы ў Гродне, куды пачынаючы майстар паехала разам з іншымі  майстрамі Дзятлаўшчыны, а  таксама арганізатар выставы з Мінска. Ён і запрасіў Ларысу Васільеўну на рэспубліканскую выставу народнай творчасці.

За дваццаць гадоў майстар прыняла ўдзел у шэрагу разнастайных мерапрыемстваў. Яны далі магчымасць не толькі прадэманстраваць уласны вопыт у рабоце з саломкай, але і пераняць вопыт іншых майстроў, паколькі ў кожнага свой стыль, творчы почырк. Што тычыцца Ларысы Васільеўны, то яе работы у большасці выкананы з неапрацаванай адбельвальнікамі або фарбавальнікамі саломкі. У такім выпадку, кажа майстар, саломка становіцца «мёртвай», губляе свой натуральны бляск.

САЛАМЯНЫ КАПЯЛЮШ І НЕ ТОЛЬКІ

— Калі ў чалавека кепскі настрой, — гаворыць Ларыса Васільеўна, — ён  звычайна займаецца тым, што прыносіць яму задавальненне. Так і для мяне работа з саломкай з’яўляецца адпачынкам ад стомленасці,  дорыць супакоенасць і добры настрой.

IMG_4367s

У творчым багажы Ларысы Васільеўны — шэраг разнастайных работ  з саломкі.  Гэта і кветкі, і карзінкі, і карціны-аплікацыі, і галаўныя ўборы.  Многія работы жанчына падарыла сваім сябрам, знаёмым. У гэтым спісе — і саламяная тройка коней, і народныя галаўныя ўборы, саламяныя кветкі і вазы. Ёсць вырабы Ларысы Васільеўны і ў раённым Доме рамёстваў, дзе шмат гадоў яна вяла гурток «Саламяны капялюш». У той перыяд жанчына спляла галаўныя ўборы для ансамбля народнай песні «Ятранка».

Цяпер, ужо працуючы ў школе,  Ларыса Васільеўна вучыць дэкаратыўным тэхнікам дзяцей на ўроках працоўнага навучання і выяўленчага мастацтва.  Тыя з вучняў, хто хоча асвоіць саломапляценне, наведваюць адпаведны факультатыў. Магчыма, хтосьці з іх таксама захопіцца работай з саломкай усур’ёз, стане сапраўдным майстрам, папоўніць кагорту таленавітых людзей Дзятлаўшчыны. Дарэчы, у школьнай галерэі мастацтваў ёсць і пэўны каталог майстроў  Дзятлаўскага раёна. У іх ліку і былыя вучні Ларысы Васільеўны. Як настаўнік, яна спадзяецца, што гэты спіс у далейшым будзе папаўняцца.

МАСТАЦТВА САМАБЫТНАЙ КУЛЬТУРЫ

IMG_4361

Побач з  дэкаратыўнымі вырабамі з саломкі ў школьнай галерэі мастацтваў экспануюцца вырабы, упрыгожаныя мастацкім роспісам — па шкле і тканіне.

Кветкавыя арнаменты прысутнічаюць на льняных сукенках, карцінах, дэкаратыўных куфрах.

— Звычайна, — гаворыць Ларыса Васільеўна, — у народнай культуры распісвалі драўляныя куфры. Аднак у нашым выпадку дэкаратыўны куфар абцягнуты тканінай. На яе нанесены роспіс. Атрымліваецца такое спалучэнне тэхнік — народнай і сучаснай.

Гарманічнае спалучэнне народных і сучасных матываў прысутнічае ў многіх работах, змешчаных у школьнай галерэі.  Так, напрыклад на адной з карцін, роспіс дапоўнены аплікацыяй , у якасці якой выкарыстаны тканы пояс. Зроблены ён рукамі дзяцей — сатканы з дапамогай дошчачак.

Разам з азамі дэкаратыўных тэхнік Ларыса Васільеўна знаёміць дзяцей і з гісторыяй народнага мастацтва, якое з’яўляецца часткай самабытнай культуры беларусаў. Спрыяе таму і  выстава народных рэчаў традыцыйнага  вясковага побыту. Цяпер у ёй змешчаны каля 30 экспанатаў. Іх выкарыстоўваюць дзеці на ўроках выяўленчага мастацтва ў якасці кампазіцыйнага матэрыялу для стварэння малюнка.

Змешчаны ў экспазіцыі і ўласныя рэчы Ларысы Васільеўны — вясельны бабулін ручнік і намітка, вышытая прапрабабуляй.

— Мая бабуля ўмела добра вышываць, а яшчэ яна была выдатнай ткачыхай, — расказвае Ларыса Васільеўна. —  У дзіцячыя гады, летам, я вельмі любіла ездзіць да бабулі ў госці. У яе быў цэлы «музей»  цікавых народных рэчаў. Сярод іх і саламяныя корабы.  Пазней я даведалася, што іх умеў плесці мой прадзед. Гледзячы на гэтыя рэчы,  я нават не меркавала, што сама калі-небудзь буду займацца саломапляценнем.

Аднак лёс вырашыў інакш. Відаць, нездарма кажуць, што жыццёвыя шляхі неспавядальныя.

А. ДУБРОЎСКАЯ

НА ФОТАЗДЫМКУ: народны майстар з Гезгалаў Л.Ненартовіч.

Фота Б. ВАРНЫ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *