Факты. Падзеі. Навіны.

Падзеі

ГРУПА ДРУЖБЫ З БЕЛАРУССЮ

Групу дружбы з Беларуссю збіраюцца стварыць у парламенце Эквадора. Гэта рашэнне было прынята па выніках сустрэчы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Эквадоры Ігара Палуяна са старшынёй Нацыянальнай Асамблеі гэтай краіны Габрыэлай Алехандрай Рывадэнэйра Бурбана.
У час сустрэчы Габрыэла Рывадэнэйра паведаміла аб намеры ініцыіраваць стварэнне ў Нацыянальнай Асамблеі групы дружбы «Эквадор  — Беларусь».
Бакі абмяняліся думкамі аб стане і перспектывах развіцця двухбаковых адносінаў, адзначылі важную ролю, якую могуць адыгрываць заканадаўчыя органы нашых краінаў у паглыбленні беларуска-эквадорскага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і іншых сферах.
Акрамя таго, выказана ўзаемная зацікаўленасць у далейшым развіцці міжпарламенцкіх сувязяў, абмене візітамі парламенцкіх дэлегацый, умацаванні ўзаемадзеяння дзвюх краінаў у Міжпарламенцкім саюзе.

БЕЛАРУСЬ МОЖА АТРЫМАЦЬ СТАТУС НАГЛЯДАЛЬНІКА

Беларусь мае намер павысіць свой узровень удзелу ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва са статусу партнёра па дыялогу да статусу наглядальніка. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках праведзеных у Маскве перагавораў з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым.
Уладзімір Макей паведаміў, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка плануе прыняць удзел у сустрэчы лідараў краінаў-удзельніцаў БРІКС з кіраўнікамі дзяржаваў і ўрадаў краінаў, што ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз і Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, якая пройдзе ў ліпені ва Уфе. «Мы разглядаем гэта мерапрыемства як дадатковую пляцоўку для выбудоўвання дыялогу паміж кіраўнікамі дзяржаваў», — сказаў міністр.
Ён адзначыў, што ў Беларусі склаліся добрыя адносіны з усімі краінамі, якія ўваходзяць у БРІКС. Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь гатова актыўна падключыцца па канкрэтных напрамках супрацоўніцтва ў рамках гэтага аб’яднання. У прыватнасці, для Беларусі ўяўляюць значны інтарэс ствараемыя БРІКС фінансавыя інстытуты, у першую чаргу Новы банк развіцця.
Што датычыцца супрацоўніцтва з Шанхайскай арганізацыяй, то, паводле словаў Уладзіміра Макея, у рамках свайго статусу партнёра па дыялогу Беларусь на працягу пяці гадоў максімальна актыўна ўзаемадзейнічае з гэтай арганізацыяй і зацікаўлена ва ўдзеле ў яе дзейнасці на больш высокім узроўні.
У сваю чаргу кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў вітаў актыўную пазіцыю Беларусі і паведаміў, што расійскі бок падтрымае зварот Беларусі наконт атрымання статусу наглядальніка ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

СУСВЕТНЫ РЭЙТЫНГ ВЯРШЭНСТВА ЗАКОНА

Беларусь заняла 50-е месца ў рэйтынгу вяршэнства закона, прадастаўленым Міжнароднай няўрадавай арганізацыяй World Justice Project.
Рэйтынг вяршэнства закона асноўваецца на ацэнках экспертаў, а таксама апытаннях грамадскай думкі ў 102 краінах свету. Складальнікі рэйтынга асноўваюцца на такіх ключавых паказчыках, як адсутнасць карупцыі, парадак і бяспека, абмежаванне паўнамоцтваў інстытутаў улады, празрыстасць інстытутаў улады, абарона асноўных правоў, выкананне законаў, грамадзянскае правасуддзе, крымінальнае правасуддзе.
Згодна з данымі 2015 года, Беларусь у рэйтынгу вяршэнства закона знаходзіцца на 50-м месцы. Пры гэтым Казахстан займае 65-е месца, Малдова — 69-е, Украіна — 70-е, Кыргызстан — 74-е, Расія — 75-е, Узбекістан — 81-е.
Лідарамі рэйтынга сталі Данія, Нарвегія, Швецыя, Фінляндыя і Нідэрланды.

ЭКАНАМІЧНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА БЕЛАРУСІ І ХАРВАТЫІ

Рэалізацыя беларуска-харвацкага міжурадавага пагаднення аб эканамічным супрацоўніцтве пасадзейнічае сур’ёзнаму павелічэнню двухбаковага тавараабароту. Аб гэтым паведаміла намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына.
У адпаведнасці з пагадненнем ствараецца міжурадавая камісія па эканамічным супрацоўніцтве. Алена Купчына выказала надзею, што ў бліжэйшы час будзе зацверджаны састаў беларускай і харвацкай частак камісіі, бакі выйдуць на правядзенне першага пасяджэння гэтага важнага міжурадавага органа.
У Мінску прайшлі палітычныя кансультацыі паміж Міністэрствам замежных спраў Беларусі і Міністэрствам замежных і еўрапейскіх спраў Харватыі. Паводле словаў Алены Купчыной, правядзенне кансультацый — яшчэ адно сведчанне пазітыўнай дынамікі ў адносінах. Беларускі і харвацкі бакі зацікаўлены ў шырокім дыялогу з упорам на гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, а таксама на ўзаемадзеянне ў сферы культуры, турызму, спорту.

НОВЫ ЭТАП У РАЗВІЦЦІ АДНОСІН ПАМІЖ ПАРЛАМЕНТАМІ БЕЛАРУСІ І СЕРБІІ

Візіт старшыні Народнай Скупшчыны Рэспублікі Сербія Маі Гойкавіч адкрые новы этап у развіцці кантактаў паміж парламентамі Беларусі і Сербіі. Такое меркаванне выказаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са спікерам сербскага парламента.
Спікер Савета Рэспублікі нагадаў, што ў 2009 годзе бакі падпісалі пагадненне аб свабодным гандлі. У выніку за 5 гадоў тавараабарот паміж Беларуссю і Сербіяй вырас у 4,5 раза. Усе інвестыцыйныя праекты з удзелам сербскага боку атрымліваюць у Беларусі магутную падтрымку, у тым ліку на ўзроўні заканадаўчых актаў і ўказаў Прэзідэнта. У краіне ствараюцца камфортныя ўмовы для сербскага бізнэсу. На думку Міхаіла Мясніковіча, Сербія — не толькі надзейны партнёр Беларусі, але і своеасаблівы мост паміж ЕАЭС і ЕС. Неабходна актывізаваць кантакты паміж прадпрыемствамі дзвюх краінаў, у тым ліку ў галіне вытворчасці аўтакампанентаў. Акрамя гэтага, больш актыўна маглі б працаваць міжурадавая камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і дзелавы савет, створаны на базе гандлёва-прамысловых палат Беларусі і Сербіі.
У 2014 годзе экспарт тавараў з Беларусі ў Сербію вырас на 15 працэнтаў і склаў $115 млн. Усяго ў Сербію пастаўляецца прадукцыя па 155 пазіцыях, у прыватнасці, гэта газетная папера, халадзільнікі, трактары, аўтобусы.

АКАЗАННЕ ДАПАМОГІ БЕЛАРУСІ Ў МЭТАХ РАЗВІЦЦЯ

Урад Беларусі адобрыў рамачную праграму ААН па аказанні дапамогі Рэспубліцы Беларусь у мэтах развіцця (ЮНДАФ) на 2016-2020 гады. Адпаведная пастанова Савета Міністраў нумар 457 ад 1 чэрвеня апублікавана на Нацыянальным прававым партале.
Рамачная праграма Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ЮНДАФ) па аказанні дапамогі Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца другім па ліку дакументам, які вызначае сумесную стратэгію дзейнасці арганізацый сістэмы ААН у Беларусі. Дакумент падрыхтаваны краінавай камандай ААН у Беларусі сумесна з урадам, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікамі прыватнага сектара, слабаабароненых груп насельніцтва, нацыянальнымі і міжнароднымі партнёрамі.
Новая рамачная праграма сканцэнтруе ўвагу на чатырох найбольш важных для краіны галінах: устойлівае эканамічнае развіццё; інклюзіўнае, адказнае і падсправаздачнае кіраванне; захаванне спрыяльнага навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыроднага патэнцыялу, заснаванае на прынцыпах “зялёнай” эканомікі; устойлівае развіццё чалавечага капіталу з упорам на здароўе, адукацыю, сацыяльную ўключанасць і сацыяльную абарону. Агульны аб’ём фінансавых сродкаў, неабходных агенцтвам сістэмы ААН у Беларусі для дасягнення вынікаў ва ўсіх чатырох асноўных абласцях, складае прыкладна $111,3 млн.
Рэалізацыя дакумента ў 2016-2020 гадах будзе ажыццяўляцца на аснове сумеснага рабочага плана краінавай каманды ААН, краінавых рамак супрацоўніцтва і праграмаў асобных агенцтваў сістэмы ААН па ўзгадненні з урадам Беларусі. Рамачную праграму ААН плануецца падпісаць у 2015 годзе ў Мінску. Пастанова ўступае ў сілу з дня яе прыняцця.

УДЗЕЛ У ЛАГІСТЫЧНЫХ ПРАЕКТАХ

Беларусь прапануе Літве прыняць удзел у рэалізацыі лагістычных праектаў. Такую прапанову агучыла дырэктар Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі (НАІП) Наталля Нікандрава на ХІ Беларуска-літоўскім эканамічным форуме.
Кіраўнік агенцтва адзначыла, што, нягледзячы на ўсе складанасці, эканамічныя сувязі паміж Беларуссю і Літвой даволі моцныя. У прыватнасці, у Беларусі паспяхова працуе амаль 600 кампаній з літоўскім капіталам. Пры гэтым існуючы ў бакоў патэнцыял, на думку Наталлі Нікандравай, далёка не вычарпаны. У сувязі з гэтым узаемадзеянне ў час форуму можа даць штуршок для пошуку новых сфераў супрацоўніцтва і магчымасцяў.
НАІП гатова прапанаваць праекты тым, хто зацікаўлены ў развіцці лагістычных сэрвісаў. У цэлым яна адзначыла, што ў сувязі з удзелам Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе для супрацоўніцтва дзвюх краінаў узнікаюць новыя перспектывы, паколькі, адкрыўшы сваю вытворчасць у нашай краіне, інвестар атрымлівае доступ на 175-мільённы рынак.
XI Беларуска-літоўскі эканамічны форум праходзіў у горадзе Марыямпале (Літва). Асноўная тэма сустрэчы — гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, уключаючы ўзаемадзеянне ў галіне транспарту, транзіту і лагістыкі, фінансавых рынкаў і банкаўскіх паслугаў, сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці.

СУМЕСНЫЯ БЕЛАРУСКА-ІНДЫЙСКІЯ ФІЛЬМЫ

Беларусь прапанавала індыйскаму холдынгу Hinduja Group разгледзець магчымасць сумеснай вытворчасці фільмаў. Аб гэтым на сустрэчы з прэзідэнтам індыйскага холдынга Hinduja Group Ракешам Гупта заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.
«Мы ведаем, што ў складзе вашай групы ёсць свой вытворчы кінадом. Беларусь можа прапанаваць сумесную вытворчасць фільмаў з кінастудыяй «Беларусьфільм», — сказаў кіраўнік урада.
Таксама Андрэй Кабякоў прапанаваў кіраўніцтву індыйскага холдынга супрацоўніцтва ў сферы медыцынскіх паслугаў. «Напрыклад, абмен спецыялістамі для правядзення сумесных аперацый, а таксама аказанне медыцынскіх паслугаў пацыентам», — растлумачыў прэм’ер-міністр.
Акрамя таго, ён падкрэсліў, што візіт кіраўніка Hinduja Group у Беларусь стане важным этапам у развіцці супрацоўніцтва бакоў і будзе садзейнічаць актыўнаму асваенню новых напрамкаў узаемадзеяння.
Ключавымі сферамі дзейнасці кампаній холдынга з’яўляюцца машынабудаванне, нафтахімія, банкаўская справа, энергетыка, інфармацыйныя тэхналогіі, нерухомая маёмасць і будаўніцтва.

ЕЎРАСАЮЗ АДКРЫЕ Ў ТАШКЕНЦЕ НОВЫ ЦЭНТР

ЕС у ліпені адкрые ў Ташкенце рэгіянальны сакратарыят цэнтраў перадавога вопыту для барацьбы з хімічнымі, біялагічнымі, радыёлагічнымі і ядзернымі матэрыяламі ў Цэнтральнай Азіі.
Для адкрыцця цэнтра ўзгоднена і падрыхтавана ўся неабходная юрыдычная база. Ташкенцкі цэнтр стане галоўным, а ў кожнай з краінаў Цэнтральнай Азіі будуць створаны свае цэнтры. Яны зоймуцца абменам перадавой практыкай, разглядам законаў, нарошчваннем тэхнічнага патэнцыялу ў сферы барацьбы з распаўсюджваннем названых небяспечных матэрыялаў.
У сярэдзіне мая ў Брусэлі ўрад Узбекістана і навукова-даследчы інстытут ААН па пытаннях злачыннасці і правасуддзя падпісалі мемарандум аб заснаванні і функцыянаванні сакратарыята. Фінансаванне цэнтра будзе ажыццяўляцца ЕС. Рашэнне аб адкрыцці рэгіянальнага сакратарыята было прынята на пасяджэнні дыялогу высокага ўзроўню па пытаннях бяспекі паміж ЕС і краінамі Цэнтральнай Азіі ў Душанбэ ў сакавіку.

ПАСЯДЖЭННЕ МІНІСТРАЎ ТУРЫЗМУ КРАІНАЎ ШАЎКОВАГА ШЛЯХУ

У Сіані адбудзецца пасяджэнне міністраў турызму краінаў Шаўковага шляху на тэму «Садзейнічанне інтэграцыі турыстычнага рынку на Шаўковым шляху».
Свой прыезд у Кітай для ўдзелу ў гэтым пасяджэнні пацвердзілі кіраўнікі турыстычных ведамстваў з Беларусі, Расіі, Іспаніі, Грузіі, Румыніі, Балгарыі, Венгрыі, Іарданіі, Ірана, Рэспублікі Карэя, Шры-Ланкі, Камбоджы, Кыргызстана.
Пасяджэнне міністраў турызму краінаў Шаўковага шляху пройдзе 19 чэрвеня ў час 7-й міжнароднай канферэнцыі Шаўковага шляху, арганізаванай Дзяржаўным упраўленнем па турызме КНР сумесна з Сусветнай турысцкай арганізацыяй ААН і народным урадам Шэньсі.

НОВЫЯ ВЫБАРЫ ПРЭЗІДЭНТА ФЕДЭРАЦЫІ ФУТБОЛА

Выбары новага прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА) папярэдне запланаваны на 16 снежня 2015 года. Яны пройдуць у Цюрыху. Канчаткова дата выбараў будзе адобрана ў ліпені.
Самы буйны ў гісторыі ФІФА скандал разгарэўся 27 мая ў Цюрыху, калі былі затрыманы сем высокапастаўленых чыноўнікаў арганізацыі па падазрэнні ў карупцыі. Плануецца іх экстрадыцыя ў ЗША, дзе ім могуць быць прад’яўлены абвінавачанні. Адначасова з гэтым стала вядома, што швейцарская паліцыя ўзбудзіла крымінальную справу адносна групы невядомых асобаў, звязаных з адмываннем грошай у час выбараў краінаў — арганізатараў ЧС-2010, ЧС-2018 і ЧС-2022.
На фоне скандала кіраўнік ФІФА Ёзэф Блатэр, перавыбраны 29 мая на чарговы тэрмін, аб’явіў, што пойдзе ў адстаўку.

БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *