Для Эвеліны Бародзіч захапленнем з’яўляецца маляванне. Цяпер дзяўчынка развівае свае мастацкія здольнасці ў Дзятлаўскай дзіцячай школе мастацтваў пад кіраўніцтвам Таццяны Станіславаўны Русінай і Жанны Вячаславаўны Лукашэні.
Старанная, займаецца з цікавасцю — так характарызуюць яны сваю выхаванку.
Як кажа сама Эвеліна, больш за ўсё ёй падабаецца маляваць простым алоўкам. А яшчэ яна спрабуе сябе ў прыкладным канструяванні з паперы.
Мастацкія здольнасці ў Эвеліны заўважылі яе бацькі. Яны і прывялі дзяўчынку ў школу мастацтваў. Тут яна займаецца яшчэ пакуль год, аднак ужо паспела дасягнуць першых поспехаў.
Работы Эвеліны прымалі ўдзел у раённай выставе «Фарбы Перамогі», у конкурсе «Вялікодны куліч», у вялікоднай выставе ў музеі.
А вось першым сур’ёзным поспехам на мастацкай ніве для Эвеліны стаў абласны агляд-конкурс дзіцячых малюнкаў «Вялікая Перамога», які праводзіла Упраўленне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці. На конкурсе работа дзяўчынкі адзначана дыпломам 1 ступені. Па выніках рэспубліканскага этапу конкурса «Вялікая Перамога» Эвеліна атрымала дыплом прызёра.
А. ДУБРОЎСКАЯ
НА ФОТАЗДЫМКУ: Эвеліна Бародзіч
Фота Б. ВАРНЫ