Дзеці малявалі Перамогу і сям’ю

Падзеі

Аддзел адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама ў рамках раённага фестывалю творчасці педагогаў, дзяцей і бацькоў «Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны» правёў раённую выставу-конкурс дзіцячага малюнка «Самая добрая дзіцячая паштоўка». Мерапрыемства, прымеркаванае да 70-годдзя Вялікай Перамогі, Міжнароднага дня сям’і, Года моладзі, прайшло на базе Дзятлаўскага раённага вузла паштовай сувязі.

Больш за пяцьдзясят юных мастакоў, выхаванцаў установаў дашкольнай адукацыі Дзятлаўскага раёна, узяліся за пэндзлі, фарбы, алоўкі, каб намаляваць Перамогу так, як яны ўяўляюць яе па аповядах сваіх педагогаў, дзядуляў і бабуляў, па сюжэтах кніг і кінастужак, а таксама адлюстраваць у малюнку сваё бачанне сям’і.

Працы канкурсантаў, выкананыя ў непасрэднай дзіцячай манеры, змаглі многае расказаць нам, дарослым, пра ўяўленні дзяцей аб свеце, сямейных каштоўнасцях. У юных аўтараў з дапамогай выяўленчых сродкаў атрымалася не толькі перадаць глыбіню любові да сваёй краіны, але і выказаць меркаванне пра асабістую адказнасць кожнага чалавека за яе будучыню.

Журы было вельмі складана выбраць з 50 работ 6 лепшых малюнкаў. Пераможцам у намінацыі “Віншавальная паштоўка, прымеркаваная да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” стаў выхаванец Гезгалаўскага яслі-сада Артур Богінь з работай “Што такое Дзень Перамогі? Гэта святочны парад!” (педагог А.Я. Богінь), другое месца – у гурткоўцаў аб’яднання “Умелыя рукі” ясляў-сада №1 горада Дзятлава з работай “Кветкі для ветэранаў” (кіраўнік Г.І. Лішык), трэцяе месца заняла дашкольніца з Казлоўшчынскага ясляў-сада Аляксандра Венская з работай “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны!” (кіраўнік Н.Л. Данільчык).

У намінацыі “Віншавальная паштоўка, прысвечаная Міжнароднаму дню сям’і” мацнейшай была Дар’я Піваварчык з Наваельнянскага ясляў-сада з работай “Вясёлка маёй сям’і” (педагог Л.Л. Піваварчык), другое месца атрымала работа “Наша дружная сям’я” выхаванкі Таркачоўскага дзіцячага сада-базавай школы Ганны Грыцук (кіраўнік Л.П. Кардаш), трэцяе месца – у Алесі Адамчык з Круцілавіцкага ясляў-сада з работай “Сям’я – калі мы разам” (педагог Г.А. Сёмуха).

Пяць канкурсантаў па выніках адкрытага галасавання на працягу конкурсу былі адзначаны прызам глядацкіх сімпатый. Імі сталі Улада Урбан (я/с №1 г. Дзятлава) – 38 галасоў, Губко Алена і педагог В.У. Лашкоўская (ДЦРД №2 г. Дзятлава) – 38 галасоў, Анастасія Васюкевіч (я/с №1 г. Дзятлава) – 37 галасоў, Ягор Лунь і педагог А.А. Гіго (ДЦРД №2 г. Дзятлава) – 26 галасоў, Паліна Лабарэвіч (Вензавецкі д/с-сш) – 18 гадасоў.

Пераможцаў конкурсу ўрачыста павіншавалі і ўручылі каштоўныя падарункі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама І.С. Кухарэвіч, начальнік Дзятлаўскага раённага вузла паштовай сувязі Н.М. Цітова (спонсар конкурсу).

За тое, што конкурс прайшоў актыўна, аддзел адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама дзякуе ўсім выхаванцам дашкольных навучальных установаў, якія прынялі ў ім удзел, педагогам і бацькам – за дапамогу; асаблівыя словы ўдзячнасці адрасуе адміністрацыі і калектыву Дзятлаўскага раённага вузла паштовай сувязі.

К. ГАЙДУК,

метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама

Фота Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *