Сёння Антону Канстанцінавічу Лагуну — больш за 80 гадоў. Амаль усе яны прайшлі ў вёсцы Студзераўшчына, дзе ён нарадзіўся, рос, вучыўся. Некалькі гадоў з гэтага звыклага і мірнага жыцця выкрэсліла Вялікая Айчынная вайна.
14 гадоў было Антону Канстанцінавічу, калі яго разам з іншымі вяскоўцамі фашысты забралі ў Германію на прымусовыя работы.
Жанчыны, узгадвае Антон Канстанцінавіч, працавалі на фабрыках, мужчыны — на будоўлі.
Вярнуўся на Радзіму Антон Канстанцінавіч у 1945 годзе.
Пасля армейскай службы, якую праходзіў у горадзе Бійску, пайшоў працаваць у калгас. Быў кавалём, трактарыстам, санітарам.
Майстэрства каваля Антон Канстанцінавіч пераняў у свайго бацькі. Навучыўся ў яго і бондарству. Кадушкі для зерня, даёнкі, невялікія кадкі для сала і мяса — усё гэта вырабляў Антон Канстанцінавіч для гаспадарчых патрэбаў.
Для кожнага посуду, расказвае майстар, патрэбна сваё дрэва. Так, напрыклад, кадушачкі для сала вырабляліся з дубу і асіны, для даёнак выкарыстоўвалася драўніна асіны і ясеня, для кадушак пад зерне — елка і сасна. Гэтая ж драўніна найлепш падыходзіць і для вырабу аконных рамаў.
Сёння інструмент для бондарства ляжыць на паліцы — гады не тыя, ды і здароўе не дазваляе займацца любімай справай. Антон Канстанцінавіч жыве адзін. Цяпер даглядаць яго прыехала дачка з Украіны. А, увогуле, у Антона Канстанцінавіча чацвёра дзяцей, восем унукаў, восем праўнукаў і нават адна прапраўнучка.
А. ДУБРОЎСКАЯ
НА ФОТАЗДЫМКУ: жыхар Студзераўшчыны А. К. Лагун
Фота Н. АВЯРЧУК