Які ён, настаўніцкі хлеб? Лёгкім яго не назавеш. Ёсць у ім салодкі прысмак ад пачуцця выкананага абавязку і дасягнутых мэтаў, ёсць і гаркаватая нотка дробных няўдач, недахопу часу. Але хлеб гэты заўсёды сагрэты цяплом дзіцячых усмешак, удзячнасцю бацькоў, і таму ён такі жаданы і жыццёва неабходны для тых, хто з дзяцінства марыў прысвяціць сябе педагагічнай справе.
Гэта дынастыя педагогаў бярэ свае вытокі на Дзятлаўшчыне, у вёсцы Труханавічы, дзе жыла шматдзетная сялянская сям’я Канапінь. У 1964 годзе адна з іх старэйшых дачок Надзея вырашыла паступаць у Гродзенскі педагагічны інстытут на факультэт хіміі і біялогіі. На жаль, з першага разу стаць студэнткай не атрымалася. Але дзяўчына не страчвала надзеі на поспех і часова ўладкавалася працаваць у Дзятлаве школьным бібліятэкарам. З-за хваробы бацькі (нагадала аб сабе баявое раненне), паступленне Надзеі адклалася яшчэ на некалькі гадоў, і толькі ў 1968-ым мара дзяўчыны здзейснілася: яна стала студэнткай завочнага аддзялення Брэсцкага дзяржаўнага педінстытута імя А. Пушкіна па спецыяльнасці «настаўнік беларускай мовы і літаратуры». Пасля заканчэння вучобы пяць гадоў Надзея Міхайлаўна працавала настаўніцай у пачатковай школе вёскі Калпінскія, затым выкладала беларускую мову і літаратуру ў Малых Шастаках. У 1972 годзе выйшла замуж за Міхаіла Іванавіча Абрамчыка, працавала спачатку настаўніцай, пазней намеснікам дырэктара ў школе вёскі Раклевічы. З 1974 года Надзея Міхайлаўна папоўніла калектыў настаўнікаў сярэдняй школы №1, дзе і дапрацавала да выхаду на пенсію ў 2003 годзе.
У след за старэйшай сястрой прафесію педагога абралі малодшыя Ганна і Валянціна. Ганна Міхайлаўна Канапінь скончыла Ваўкавыскае педвучылішча і рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Працавала ў Ашмянскім раёне, пазней пераехала ў Слонім, дзе прадоўжыла педагагічную кар’еру і сёння з’яўляецца вядучым спецыялістам раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Слонімскага райвыканкама.
Валянціна Міхайлаўна скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка па спецыяльнасці «настаўнік беларускай мовы і літаратуры». Там яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Аляксандрам Віктаравічам Балмаценкавым, які вучыўся на факультэце псіхалогіі. Працоўную дзейнасць жанчына пачынала на Дзятлаўшчыне ў вёсцы Стараельня. Калі выйшла замуж, пераехала ў Ліду, дзе выкладала беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе №15. Яе муж працуе ў Лідскім каледжы выкладчыкам псіхалогіі. Іх сын Дзмітрый Аляксандравіч скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы па спецыяльнасці «гісторыя і архіўная справа», працаваў выхавальнікам у Лідскім доме дзіцяці.
На Дзятлаўшчыне прадаўжальніцай гэтай вялікай педагагічнай дынастыі з’яўляецца дачка Надзеі і Міхаіла Абрамчыкаў — Аксана Міхайлаўна Пацыновіч, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы №1 горада Дзятлава. Аксана Міхайлаўна расказвае, што з дзяцінства марыла працаваць з дзецьмі: меркавала, што стане педагогам або інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх. Маці, ведаючы, як нялёгка даецца настаўніцкі хлеб, доўга адгаворвала дачку ад такога выбару, але Аксана праявіла характар і пасля заканчэння 8 класа паступіла ў Лідскае педагагічнае вучылішча. Таксама яна скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы. Аксана Міхайлаўна мэтанакіравана выбрала спецыяльнасць настаўніцы пачатковых класаў, бо лічыла, што з малодшымі школьнікамі працаваць заўжды цікавей.
Калі былая студэнтка вярнулася на Дзятлаўшчыну і ўладкавалася на работу ў сярэднюю школу №1, яе чакаў сюрпрыз: у школе ўпершыню быў адкрыты клас з беларускай мовай навучання, які і дастаўся маладому спецыялісту. Безумоўна, Аксана Міхайлаўна выдатна ведала беларускую мову, часта чула яе ад матулі-настаўніцы, але спецыяльную лексіку і тэрміналогію па матэматыцы, іншых прадметах давялося паўтараць. Першы год быў складаны для маладога спецыяліста, але ёй дапамагалі старэйшыя калегі.
— За метадычную і маральную падтрымку я вельмі ўдзячная Яўгеніі Рыгораўне Савань, якая паспрыяла майму прафесійнаму станаўленню. Калі Яўгенія Рыгораўна прыходзіла на ўрокі да маладых настаўнікаў, яна заўсёды шчыра ўсміхалася, ківала галавой, дзякуючы гэтаму, адступала хваляванне, урок удаваўся. Пры яго аналізе Яўгенія Рыгораўна пачынала са станоўчых момантаў, з таго, што атрымалася, і толькі пад канец размовы тактоўна тлумачыла памылкі і недахопы. Яна ўмела падтрымаць, навучыць, паправіць, падбадзёрыць і ўсяліць у сэрца надзею на далейшыя поспехі.
Ішоў час, назапашваўся вопыт. Бацькі вучняў усё з большым даверам адносіліся да мяне, маладой настаўніцы. Аднойчы на бацькоўскім сходзе ў выпускным чацвёртым класе ад бабулі сваёй вучаніцы я пачула словы, якія запомніла назаўсёды: «Дзякую вам, Аксана Міхайлаўна, што мая ўнучка, якая не мае асаблівых здольнасцяў і паспяховасці ў вучобе, за гэтыя чатыры гады ніколі не баялася ісці на ўрокі». Вядома, я і раней старалася, каб усе мае вучні адчувалі сябе ў класе камфортна, радавалася, калі яны выпадкова называлі мяне «мама», бо гэта сведчыла аб тым, што адаптацыя прайшла паспяхова і школа стала для іх другім домам. А ў той момант я канчаткова пераканалася, што школьнікі ніколі не будуць роўнымі ў вучобе, бо ў кожнага дзіцяці свае схільнасці, здольнасці, але самае галоўнае для педагога, каб дзеці не страчвалі жадання вучыцца.
Цяпер Аксана Міхайлаўна Пацыновіч — вопытны педагог, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. У яе заўсёды шмат справаў: гэта падрыхтоўка і ўдзел школьнікаў і педагогаў у разнастайных акцыях, мерапрыемствах, конкурсах, праектах, абагульненне вопыту работы, пазашкольныя мерапрыемствы, экскурсіі і многае іншае. Рэдка выпадае вольная хвілінка, але яе настаўніца стараецца патраціць на сям’ю і блізкіх.
— У мяне двое сыноў. Старэйшы — курсант Мінскай акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў, у малодшага, які яшчэ вучыцца ў школе, схільнасці да дакладных навук, мяркую, ён стане эканамістам. Сыны ніколі не выказвалі жадання стаць педагогамі, бо і самі, як усе настаўніцкія дзеці, былі крыху абдзелены ўвагай, аднак заўжды з разуменнем адносіліся да маёй пастаяннай занятасці, вялікіх нагрузак. Цяпер для нас шчасце, калі сям’я на святы збіраецца разам. Мы ходзім і да бабулі, бо там таксама патрэбна наша дапамога па гаспадарцы.
Калі сёння ў мяне пытаюцца, ці памяняла б я пры магчымасці што-небудзь у сваім жыцці, упэўнена адказваю — не. Педагагічная справа назаўсёды стала маім прызваннем. А вось калі даваць парады тым, хто толькі збіраецца звязаць сваё жыццё з прафесіяй настаўніка, з пазіцыі вопыту зазначу: працаваць у школу варта ісці людзям, якія шчыра любяць дзяцей і гатовы поўнасцю ахвяраваць сябе прафесіі, толькі ў гэтым выпадку выбар будзе правільны.
І. КАЎКЕЛЬ