Ветэраны — у страі

Падзеі

З пленума Дзятлаўскай раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў

IMG_4678

5 мая адбыўся пленум Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў. З дакладам выступіў старшыня раённага савета Л. Кашко:
— Штогод праводзіцца пленум раённага савета ветэранаў і 8 – 10 пасяджэнняў прэзідыума. На парадку дня пленумаў і пасяджэнняў прэзідыума былі наступныя пытанні: аб сацыяльнай абароне ветэранаў; аб ходзе выканання Комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання ў Дзятлаўскім раёне на 2011 – 2015 гады па аказанні дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, адзінокім і пажылым людзям; аб удзеле ветэранскіх арганізацый у рабоце па патрыятычным выхаванні моладзі; аб увекавечанні памяці абаронцаў Айчыны; аб правядзенні абласной Вахты памяці, прысвечанай 70-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкай акупацыі і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне; аб удзеле ў грамадска-палітычнай акцыі “З лампадай Вечнага агню”, якая прысвечана 70-годдзю Перамогі; аб правядзенні ў раёне абласной віктарыны “Гераічнаму подзвігу жыць у вяках”, прысвечанай 70-годдзю Перамогі.
Галоўнае ў рабоце ветэранскай арганізацыі — цесная сувязь з усімі службамі і аддзеламі выканаўчай улады. Эфектыўная дзейнасць прэзідыума раённага савета ветэранаў забяспечана тым, што на ўсе нашы запыты і просьбы адклікаецца раённы выканаўчы камітэт, падтрымлівае нас маральна і матэрыяльна. Пярвічныя ветэранскія арганізацыі заўсёды атрымліваюць падтрымку ад старшыняў сельскіх і пасялковага выканкамаў, сельскіх Саветаў.
Актыўна працуюць ветэранскія арганізацыі Дварэцкага сельсавета (старшыня арганізацыі Вера Сямёнаўна Сёмуха), Дзятлаўскага сельсавета (старшыня Іван Мікалаевіч Кедала), пасёлка Гезгалы (старшыня Канстанцін Дзмітрыевіч Лунь), гарпасёлка Казлоўшчына (старшыня Сцяпан Рыгоравіч Дзянісік), аддзела адукацыі, спорту і турызму (старшыня Раіса Аляксандраўна Ганчарэвіч, намеснік старшыні Яўгенія Рыгораўна Савань). Названыя арганізацыі, іх кіраўнікі заслужылі аўтарытэт у пажылых людзей, ветэранаў вайны праз аказанне ім дапамогі ў вырашэнні сацыяльна-бытавых пытанняў. Сумесна з сельскімі і пасялковым выканкамамі праводзіцца паглыбленае абследаванне матэрыяльна-бытавых умоваў удзельнікаў вайны, адзінокіх састарэлых жыхароў раёна. Прэзідыум раённага савета ветэранаў аналізуе ход выканання мерапрыемстваў для паляпшэння матэрыяльна-бытавога становішча ветэранаў вайны і адзінокіх грамадзян пажылога ўзросту, складзеных па выніках абследавання. Усе мерапрыемствы раённай комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011 – 2015 гады, якія датычны паляпшэння матэрыяльна-бытавога становішча ветэранаў вайны, у 2014-м поўнасцю выкананы, на што затрачаны 124,5 мільёна рублёў. За кошт сродкаў раённага бюджэту ў дамах Таісіі Федасееўны Грахнёвай і Віктара Міронавіча Мазаля зроблены рамонт электраправодкі, наладжана падача вады з калодзежа ў дом Арсеня Канстанцінавіча Каско, каля дома Пятра Міхайлавіча Кучынскага адрамантавана агароджа, у верандзе дома Сцяпана Ігнатавіча Лейкі заменены вокны і веранда ўцеплена, у кватэры Аляксандры Захараўны Сцяпанавай устаноўлена ванна.
Па выніках абследавання на 2015 год запланавана аказанне дапамогі тром ветэранам вайны на суму 12,2 мільёна рублёў. Мерапрыемствы выкананы: каля дома Юліяна Гаўрылавіча Будзько адрамантавана агароджа, у доме Арсеня Канстанцінавіча Каско заменены газавы абагравальны кацёл, у доме Міхаіла Аляксандравіча Трубілы ўстаноўлена сігнальная гукавая ўстаноўка з вывадам сігналу вонкі.
На 1 красавіка 2015 года ў раёне жывуць 9816 пенсіянераў, 25 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку 3 тылавікі, 1 ветэран супрацьпаветранай абароны, 6 сем’яў загінулых у ваенны час, 66 былых вязняў канцлагераў, 79 воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання аказвае інвалідам 1 і 2 групаў, адзінокім і людзям, якія жывуць адзінока, непрацаздольным грамадзянам, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, аднаразовыя сацыяльна-бытавыя паслугі на даму па сацыяльна нізкіх цэнах. У першым квартале 2015 года аказана 636 сацыяльна-бытавых паслугаў на 12,7 мільёна рублёў. Дапамогу атрымалі 199 грамадзян пажылога ўзросту.
Маламаёмным, адзінокім і грамадзянам, якія жывуць адзінока, інвалідам 1 і 2 груп аказваецца матэрыяльная дапамога. Са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь матэрыяльная дапамога аказана ў 2014 годзе 518 грамадзянам на 139,2 мільёна рублёў, за першы квартал 2015 года – 131 грамадзяніну на 42 мільёны рублёў.
У раёне 4681 чалавек пажылога ўзросту, якія жывуць адзінока, 700 адзінокіх грамадзян. У сельскай мясцовасці жывуць 80 працэнтаў людзей з ліку адзінокіх. На абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на 1 красавіка 2015 года знаходзіліся 552 чалавекі. З гэтай колькасці 179 чалавек – адзінокія, 7 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, 2 інваліды вайны, 2 сям’і воінаў, загінулых у гады вайны. Іх абслугоўваюць 65 сацыяльных работнікаў. 21 чалавека абслугоўваюць бясплатна, з частковай аплатай абслугоўвання – 112 чалавек, з поўнай аплатай – 419.
Шпіталізацыя ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў раённую бальніцу ажыццяўляецца па-за чаргой у спецыяльна прызначаныя для гэтага палаты (4 палаты, 8 ложкаў). У 2014 годзе стацыянарнае лячэнне прайшлі 59 чалавек, за першы квартал 2015 года – 14, у шпіталі імя П. Машэрава ў 2014 годзе – 28 чалавек, за першы квартал 2015 года – 4. Аздараўленне ў санаторыях Рэспублікі Беларусь у 2014 годзе атрымалі 3 чалавекі (1 удзельнік вайны і 1 чалавек з сям’і загінулага ў вайну). У 2014 годзе выплачана грашовая кампенсацыя 26 ветэранам вайны за нявыкарыстаныя санаторна-курортныя пуцёўкі на суму 39 мільёнаў рублёў.
У раёне праводзіцца мэтанакіраваная работа па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў вайны. Доўжыцца пошук імён загінулых у час абароны Айчыны і збор інфармацыі пра безыменныя воінскія пахаванні. 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь знайшоў рэшткі савецкіх воінаў, якія загінулі ў пачатку вайны ў 1941 годзе. Урачыстая цырымонія пахавання воінаў прайшла ў час акцыі па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў вайны ў Дзятлаўскім раёне.
З 26 лютага па 25 сакавіка 2015 года ў раёне з удзелам школьнікаў, ГА “БРСМ”, працоўнай моладзі праводзілася патрыятычная акцыя “Раўненне на Перамогу”, прысвечаная 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Ветэранам вайны, былым вязням канцлагераў, турмаў, гета, іншых месцаў прымусовага ўтрымання ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаны юбілейныя медалі “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 г.г.”. Ад раённага савета ветэранаў віноўнікі ўрачыстасці атрымалі сувеніры, кветкі.
У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі 13 сакавіка 2015 года, напярэдадні Дня Канстытуцыі, ва ўрачыстай абстаноўцы прайшло ўручэнне пашпартоў юным грамадзянам нашай краіны. Патрыятычная акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі” прайшла сумесна з Дзятлаўскім раённым Саветам дэпутатаў, раённым выканаўчым камітэтам, райкамам ГА “БРСМ”. Юным грамадзянам уручаны сувеніры.
У лютым гэтага года ў раёне ў рамках Года моладзі прайшоў адкрыты фестываль патрыятычнай песні “Сэрца зямлі маёй”, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. Раённы савет ветэранаў заахвоціў удзельнікаў фестывалю прызамі. Праведзена раённая віктарына “Гераічнаму подзвігу жыць у вяках”, пераможцы ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі, дыпломамі. Варта адзначыць, што актыўна ўдзельнічаюць у віктарынах школьнікі Хвінявіцкай сярэдняй школы-дзіцячага сада – яны сталі пераможцамі раённага этапу абласной віктарыны ў 2014 і 2015 гадах.
На старонках раённай газеты, у эфіры радыё “Дзятлава” пастаянна асвятляюцца мерапрыемствы, прысвечаныя падрыхтоўцы і святкаванню 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Уведзены рубрыкі “Памяць”, “Да 70-годдзя Вялікай Перамогі”, “Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, “Жывая памяць пакаленняў”. Пад тэматычнымі рубрыкамі друкуюцца ўспаміны ўдзельнікаў вайны і былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, нарысы пра воінаў і партызанаў, чыімі імёнамі названы вуліцы.
Нашы ветэраны працы – актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Народны хор “Ветэраны ў страі”, які дзейнічае пры раённым Доме культуры, складаецца з 25 чалавек. Кіраўнік калектыву пастаянна абнаўляе рэпертуар хору, які ў канцэртных праграмах выконвае ваенныя-патрыятычныя і народныя песні. Штогод народны хор “Ветэраны ў страі” ўдзельнічае ў абласным аглядзе харавых калектываў вобласці “Не старэюць душой ветэраны”. Калектыў адзначаны ўзнагародамі за высокае выканальніцкае майстэрства.
Стала традыцыяй правядзенне абласной дэкады “Залаты ўзрост”, што прысвечана Дню пажылых людзей. Ветэранскія арганізацыі раёна актыўна ўдзельнічаюць у гэтым мерапрыемстве. Ветэранская арганізацыя аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама (старшыня арганізацыі Раіса Аляксандраўна Ганчарэвіч і намеснік старшыні Яўгенія Рыгораўна Савань) штогод арганізуюць урачыстую сустрэчу настаўнікаў-пенсіянераў. Ветэраны педагагічнай працы, якія актыўна ўдзельнічаюць у патрыятычным выхаванні моладзі, адзначаны каштоўнымі падарункамі, граматамі раённага савета ветэранаў, прызамі.

Кіраўнікі пярвічных арганізацый ветэранаў В. Сёмуха (Дварэцкі сельсавет), С. Дзянісік (Казлоўшчынскі сельсавет), Р. Ганчарэвіч (аддзел адукацыі райвыканкама) падзяліліся вопытам работы сваіх арганізацый. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі А. Камароў расказаў пра падрыхтоўку і праграму святкавання 70-годдзя Велікай Перамогі ў раёне. Раённы ваенны камісар Г. Суравец уручыў юбілейныя медалі “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 г.г.” старшыні пярвічнай арганізацыі ветэранаў Дварэцкага сельсавета В. Сёмуха і старшыні пярвічнай арганізацыі ветэранаў Казлоўшчынскага сельсавета С. Дзянісіку. Старшыня Дзятлаўскага раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Л. Кашко ўзнагародзіў граматамі раённага савета ветэранаў самых актыўных удзельнікаў ветэранскіх арганізацый і прадстаўнікоў іншых арганізацый і службаў, якія актыўна супрацоўнічаюць з ветэранскімі арганізацыямі, уручыў перавыдадзеныя экзэмпляры газеты “Красная звезда” ад 10 мая 1945 года.

IMG_4667
Б. ВАРНА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *