Сцяпан Гліністы: Франтавік. Настаўнік. Чалавек.

Падзеі

У 1924 годзе ў вёсцы Нежаўка Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сям’і Гліністых нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Сцяпанам. Рос маленькі Сцёпка цікаўным, дапытлівым, рана навучыўся чытаць і пісаць. У шэсць гадоў сам пайшоў прасіцца, каб запісалі ў школу. Настаўнік не згаджаўся, ды пачуўшы, што малы чытае, як рэпу грызе, зрабіў выключэнне. Вучоба давалася лёгка, хлопец марыў, што падрасце і стане педагогам.

Але лёс рыхтаваў Сцяпану суровае выпрабаванне: пасля заканчэння Слуцкага педвучылішча замест работы ў школе юнаку давялося змагацца за свабоду сваёй Радзімы: пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Сцяпану Гліністаму тады было сямнаццаць гадоў, і ў войска яго не ўзялі. Ён застаўся дома, быў сувязным партызанскага атрада. Толькі пасля вызвалення родных мясцін ад немцаў, трапіў на фронт. У складзе 221 стралковага палка ўдзельнічаў у баях за вызваленне Польшчы. Яго полк адным з першых у верасні 1944 года з баямі перайшоў мяжу Германіі.

З пісьма з фронту Сцяпана Гліністага ад 3 лютага 1945 года:
«Добры дзень або вечар, родныя матуля і брат! Мы ваюем ва Усходняй Прусіі. Цяпер недалёка ад Кёнінгсберга. Родны брат! Слухай маці, жывіце добра. Мне весялей, калі я чытаю пісьмо, і ў вас аказваецца ўсё ў парадку. Бывайце здаровы!»
Доўгія вёрсты вайны, цяжкія боты, шынель, халодная зброя, раптам нясцерпны пранізлівы боль — прачнуўся ў шпіталі.

З пісьма Сцяпана Гліністага ад 21 сакавіка 1945 года:
«Месяц таму я быў паранены ў правую руку ніжэй локця і правую нагу вышэй калена. Косці цэлыя. Раны не небяспечныя. Цяпер я ў шпіталі…»

Дамоў Сцяпан вярнуўся толькі ў 1946-ым, з ордэнамі, медалямі і інваліднасцю. З гэтага часу ён поўнасцю прысвячае сябе любімай справе. Далейшы лёс Сцяпана Давыдавіча звязаны з вёскай Таркачы, куды пасля выздараўлення прыехаў настаўнік-франтавік. Прыгожыя краявіды, сасновыя бары і тутэйшыя шчырыя, адкрытыя людзі прыйшліся даспадобы маладому фізіку, ды і ён тут прыжыўся: сустрэў сваё каханне, жаніўся, пабудаваў хату, пасадзіў сад, выгадаваў дзяцей, а свой працоўны шлях прысвяціў Таркачоўскай школе, спачатку ў якасці настаўніка, а затым — дырэктара.

Усё сваё жыццё Сцяпан Давыдавіч займаўся грамадскай дзейнасцю. Узначальваў савет ветэранаў Таркачоўскага сельскага Савета. Да 50-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў Беларусі стваралася Кніга Памяці. Фатаграфічны гурток, які заснаваў Сцяпан Давыдавіч, перадаў у раённую камісію па напісанні Кнігі «Памяць» больш за 50 фотаздымкаў загінулых салдат, партызан і падпольшчыкаў, ахвяраў фашысцкага і сталінскага тэрору.

Памёр былы франтавік у 2008 годзе.

Гліністы

З УСПАМІНАЎ С. Д. ГЛІНІСТАГА:
У студзені 1945 года нашаму батальёну давялося браць адну нямецкую вёску недалёка ад Кёнінгсберга. Ноччу мы без шуму перайшлі вялікае поле, наблізіліся да вёскі і заселі ў гатовых траншэях. Раніцаю штурмам авалодалі будынкамі і занялі бліжэйшую вуліцу. Немцы пайшлі ў контратаку і выбілі нас да крайніх будынкаў. Далей было роўнае поле, на якім днём не было б паратунку. Камандзір батальёна выклікаў самаходныя гарматы. Яны на вялікай хуткасці ўварваліся ў вёску, пачалі страляць направа і налева. Пяхота адагнала немцаў і заняла бліжэйшя хаты. Я размясціўся з «пэтээрам» на стале ў адной з хат, выставіўшы ствол з акна ў бок немцаў, сяджу ў мяккім крэсле. Сцяпан Мялешка (мой сябар) шукае, што можна паесці, раптам заўважае праз акно немца, які, сагнуўшыся, бяжыць да сваіх. Сцяпан з вокрыкам «Хэндэ хох» кідае праз акно немцу пад ногі бутэльку, якую трымаў у руках. Немец падае — мусіць, палічыў яе за гранату. Нехта з нашых «прашыў» яго аўтаматнай чаргой. І тут я ўбачыў, што за пяць-дзесяць метраў ад маёй пазіцыі з драўлянага гумна амаль бясшумна выкатваецца нямецкі танк «Тыгр», разварочвае вежу ствалом у мой бок. На вучэбных стрэльбах я ўпэўніўся, што «ПТР» — трапная зброя. Мне захацелася патрапіць бранябойнай куляй у ствол танкавай гарматы, каб там узарваўся снарад. Я гатовы быў стрэліць, толькі чакаў, каб танкіст-наводчык лепш павярнуў ствол у мой бок. Сцяпан з крыкам: «Тыгр разварочвае сюды гармату», схапіў ружжо і выскачыў у іншы пакой, я выбег за ім — і ў гэту хвіліну хата задрыжала ад выбуху. Немцы стрэлілі па бліжэйшых будынках яшчэ некалькі разоў. Хутка ў перастрэлку з імі ўступілі нашы самаходныя гарматы. Танк кудысьці знік. А наш батальён пры падтрымцы «самаходак» да канца дня выйшаў на заходнюю ўскраіну вёскі, за якой праходзіла чыгунка на высокім насыпе. За ёй заляглі немцы. Наша пяхота заняла крайнія ад чыгункі будынкі. З намі ў адной гаспадарчай пабудове знаходзіўся салдат са снайперскай вінтоўкай. Я распытаў, як карыстацца яго зброяй, і заняў пазіцыю каля акна. У аптычным прыцэльным прыстасаванні вельмі добра былі відаць рэйкі з радам слупкоў, па якіх быў працягнуты дрот да семафора. З-за аднаго з такіх слупкоў паказалася і схавалася нямецкая каска, насаджаная на кіёк ці ствол аўтамата. Потым гэтак жа высунулася пілотка. Я падрыхтаваўся, чакаю, што будзе далей. Раптам з-за таго ж слупка выглянула галава немца ў касцы. Так выразна ўсё відаць, што знаёмы твар можна было б пазнаць. Я цэлюся паміж вачэй і плаўна націскаю спускавы кручок. Галава немца знікае, і больш не паказваецца ні пілотка, ні каска.
— Калі будзем жывыя, — кажу я Сцяпану, — то раскажам у Нежаўцы, як мы ваявалі і давалі немцам здачы.

А. КАРДАШ,
навучэнка Таркачоўскага д/с-БШ, старшыня савета клуба «Спадчына»



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *