Сёлета адным з пошукавых заданняў для нашага экспедыцыйнага класа-атрада, які складаецца з адзінаццацікласнікаў Жукоўшчынскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, было сабраць звесткі аб кіраўніку партызанскага атрада, які дзейнічаў паблізу вёскі Жукоўшчына.
Пошукі пачаліся з размоваў з мясцовымі жыхарамі і вывучэння дакументаў, якія захаваліся ў сельгаскааператыве.
Акрамя таго, пры наведванні музея ў горадзе Лідзе мы даведаліся цікавыя факты: навуковы супрацоўнік музея, якая праводзіла для нас экскурсію, пачуўшы, што мы з Жукоўшчыны, сказала, што раней пісала навуковую працу па дзейнасці партызан на нашай тэрыторыі і пагадзілася падзяліцца інфармацыяй.
Дзякуючы гэтым матэрыялам, а таксама дакументам з фондаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, мы сабралі звесткі аб партызанскім атрадзе імя Варашылава, камандзірам якога быў Пётр Кузьміч Макараў. Ён арганізаваў групу з ваеннапалонных, якая ў 1941 годзе налічвала каля 20 чалавек, прыклаў шмат намаганняў для павелічэння атрада, які ўваходзіў у склад Ленінскай брыгады. Пасля першых паспяховых баявых і дыверсійных дзеянняў атрад пачаў карыстацца павагай мясцовых жыхароў, якія дапамагалі партызанам і самі папаўнялі іх шэрагі. На пачатку існавання група дыслакавалася ля вёскі Фальковічы. Мясцовыя жыхары называлі яе «Пецькаў атрад», пазней — «Лідскі». Партызаны наносілі адчувальныя ўдары па варожых камунікацыях, акупацыйнай адміністрацыі, усё часцей ляцелі пад адхон нямецкія эшалоны, узрываліся варожыя склады. Партызаны найчасцей з’яўляліся там, дзе фашысты іх не чакалі. 24 лістапада 1943 года, згодна з загадам, з партызанскіх атрадаў імя Варашылава, Кіраўскай брыгады імя Калініна, Ленінскай брыгады імя Дзяржынскага арганізавана партызанская брыгада імя Варашылава пад камандаваннем Пятра Макарава. Брыгада дзейнічала на тэрыторыі Дзятлаўскага, Казлоўшчынскага, Лідскага, Шчучынскага раёнаў і аб’ядналася з часцямі Чырвонай Арміі 15 ліпеня 1944 года ў агульнай колькасці 522 партызаны. Цікавы і той факт, што ў ноч з 16 на 17 красавіка 1944 года байцы атрадаў імя Варашылава, Калініна, Дзяржынскага, атрада «Барацьба» на чале з Пятром Макаравым арганізавалі налёт на гарнізон ворага ў вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна, які складаўся з ронаўцаў, колькасцю 150 чалавек. Бой доўжыўся гадзіну 20 хвілін, былі забіты 11 і паранены 9 паліцаяў.
У баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Пётр Кузьміч Макараў быў сур’ёзна паранены і страціў кісць правай рукі, але ваяваў да канца вайны. Пасля вызвалення тэрыторыі Заходняй Беларусі ад ворагаў каля года працаваў старшынёй Жалудоцкага райвыканкама, тры гады — старшынёй Лідскага райвыканкама, восем гадоў кіраваў калгасам у Дзятлаўскім раёне. Узнагароджаны ордэнам Леніна, медалём «Партызану Айчыннай вайны 1-ай ступені», прадстаўлены да ордэна Чырвонага Сцяга і прысваення звання Героя Савецкага Саюза.
Яго жонка, Марыя Уладзіміраўна Макарава (дачка партызана В. П. Говара), ваявала разам, удастоена медалёў «За баявыя заслугі», «Партызану Айчыннай вайны 2-ой ступені». У мірны час яна жыла ў вёсцы Жукоўшчына. А ў 1974 годзе — з сям’ёй сына ў вёсцы Дроздава Лідскага раёна, працавала ў калгасе імя Чкалава.
Байцы беларускіх партызанскіх атрадаў унеслі значны ўклад у барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Ю. КАСКО,
навучэнка Жукоўшчынскага д/с-СШ, удзельніца экспедыцыйна-пошукавага атрада