Па Беларусі

Падзеі

ГРОДЗЕНСКІЯ ТАВАРЫ ПРАДСТАВЯЦЬ У КІТАІ

Гродзенская вобласць мае намер пашыраць гандлёва-інвестыцыйнае ўзаемадзеянне з кітайскай правінцыяй Ганьсу. Перамовы па пытаннях паглыблення супрацоўніцтва прайшлі ў панядзелак, 11 мая, у сталіцы.
У гэтыя дні Беларусь з афіцыйным візітам наведала дэлегацыя з Кітая на чале з Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. У рамках перамоў лідараў дзвюх краін быў падпісаны Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Кітаем. Прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый падпісалі больш за дваццаць пагадненняў і мемарандумаў, частка з якіх звязана з развіццем міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння. Што тычыцца інтарэсаў Прынёманскага рэгіёна, было падпісана пагадненне аб пашырэнні супрацоўніцтва паміж Гродзенскай вобласцю і кітайскай правінцыяй Ганьсу, замацаваныя подпісамі старшыні аблвыканкама Уладзіміра Краўцова і намесніка губернатара ўрада кітайскай правінцыі-партнера Ці Жунцана.

ДОСТУП ДА КРЭДЫТНЫХ ГІСТОРЫЙ ФІЗІЧНЫХ АСОБ І ДАНЫХ АБ КУПЛІ ІМІ ВАЛЮТЫ
Беларускія банкі будуць прадстаўляць работнікам падатковых органаў звесткі, якія ўваходзяць у склад крэдытнай гісторыі, а таксама даныя аб продажы за беларускія рублі замежнай валюты, плацежных дакументаў у замежнай валюце.
Пастановай вызначаны пералік звестак, што складаюць банкаўскую тайну фізічных асоб, якія банкі, нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі будуць прадстаўляць падатковым органам на аснове пагаднення, заключанага з Міністэрствам па падатках і зборах.
Такім чынам, работнікі падатковых органаў, згодна з пастановай, змогуць пры неабходнасці атрымаць «звесткі, што ўваходзяць у склад крэдытнай гісторыі, а таксама звесткі аб продажы замежнай валюты, плацежных дакументаў у замежнай валюце за беларускія рублі».
Пастанова МПЗ і Нацбанка нумар 10/258 ад 29 красавіка 2015 года ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

ЗАВЯРШЭННЕ ПЕРАХОДУ НА ЛІЧБАВАЕ ТБ
«Беларусь плануе своечасова завяршыць пераход ад аналагавага да лічбавага тэлевізійнага вяшчання.
У адрозненне ад іншых краін, якія пайшлі па шляху аднаразовага адключэння, мы зможам беспраблемна, у тым ліку для насельніцтва, выканаць усе неабходныя тэхнічныя мерапрыемствы», — растлумачылі ў Мінсувязі.
У ведамстве падкрэслілі, што да завяршэння мерапрыемстваў па пераходзе на лічбавае ТБ засталося некалькі дзён. «Сімвалічны поўны пераход будзе ажыццёўлены 15 мая 2015 года, калі аналагавае эфірнае тэлевізійнае вяшчэнне ў дэцыметровым дыяпазоне хваляў будзе спынена на апошніх 10 аб’ектах, у тым ліку на галоўнай РТПС краіны ў Калодзішчах», — падкрэслілі ў Мінсувязі.
Поўнасцю завяршыць пераход на лічбавае тэлевяшчанне Беларусь, як і іншыя краіны, павінна да 17 чэрвеня 2015 года. Для інфармавання насельніцтва аб пераходзе на лічбавае эфірнае тэлевяшчанне створана даведачная служба, куды можна пазваніць па кароткім нумары 172.

ПАВЫСІЦЦА ДАСТУПНАСЦЬ АКАЗАННЯ САЦЫЯЛЬНЫХ ПАСЛУГ
У Беларусі будзе ўдасканалена заканадаўства ў сферы прадастаўлення сацыяльных паслуг.
«Цяпер у сферы прадастаўлення сацыяльных паслуг праводзіцца работа па ўдасканаленні заканадаўства, што дасць магчымасць, перш за ўсё, павысіць даступнасць і спрасціць працэдуру аказання асобных сацыяльных паслуг, — сказала прадстаўнік міністэрства. — Акрамя таго, будуць пашыраны катэгорыі сем’яў з дзецьмі-інвалідамі, якія маюць права на атрыманне паслугі няні па сацыяльна нізкіх расцэнках. Для сем’яў, якія выхоўваюць двайнят, будуць павышаны нормы аказання паслугі няні — з 12 гадзін у тыдзень да 20 гадзін». Гэтыя новыя нормы будуць дзейнічаць з 14 чэрвеня 2015 года. Акрамя таго, будуць зніжаны расцэнкі на прадастаўленне паслугі сацыяльнай перадышкі.
Паводле слоў спецыяліста, у рэспубліцы паспяхова ўкараняюцца новыя сацыяльныя паслугі, якія прадстаўляюцца сем’ям з дзецьмі.
БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *