5-7 мая ў Мінску пад слоганам «Слова на службе міру і стваральнасці» прайшла 19-я Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі», удзел у якой прынялі больш за 400 вядучых медыя-сродкаў не толькі краіны, але і замежжа.
Сёлета лейтматывам медыяфоруму стала 70-годдзе Вялікай Перамогі. На пляцоўках СМІ былі прадстаўлены ўнікальныя фотаздымкі і падпольныя газеты часоў Вялікай Айчыннай вайны.
На адкрыццё выставы завітаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі. Ён зачытаў прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі да ўдзельнікаў форуму. Таксама прысутнічалі намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава, міністр інфармацыі Лілія Ананіч.
На пляцоўцы выставачнага цэнтра «Белэкспа» былі прадстаўлены стэнды друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, інфармацыйных агенцтваў, тэлеканалаў, выдавецтваў. Прысутнічалі і аператары кабельнага тэлевяшчання.
У час выставы журналісты паўдзельнічалі ў форумах, творчых сустрэчах, абмеркавалі праблемы і накірункі развіцця сучаснай журналістыкі. Для наведвальнікаў выставы было падрыхтавана мноства сюрпрызаў. У ліку іх — сустрэчы з пісьменнікамі, выступленне ўдзельнікаў тэлевізійных праектаў «Акадэмія талентаў», «Я спяваю!».
Таксама ў час выставы былі падведзены вынікі штогадовых творчых конкурсаў, узнагародамі адзначаны журналісты і калектывы сродкаў масавай інфармацыі. За актыўны ўдзел у рэспубліканскім конкурсе на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой Пахвальную грамату атрымала рэдакцыя Дзятлаўскай раённай газеты «Перамога». Грамата ўручана галоўнаму рэдактару газеты А.М. Кудзінаву.