Чаму засталіся працаваць на Дзятлаўшчыне

Падзеі

Сёння адной з найбольш актуальных і абмяркоўваемых моладзевых праблем на Дзятлаўшчыне з’яўляецца замацаванне маладых спецыялістаў, у якіх скончыўся тэрмін адпрацоўкі. Яна хвалюе не толькі саму моладзь, але і кіраўнікоў раённых прадпрыемстваў, арганізацый і гаспадарак, якім часта даводзіцца вырашаць кадравыя пытанні з-за нежадання ўчарашніх маладых спецыялістаў застацца на Дзятлаўшчыне або ў складзе калектыву.

Карэспандэнтка газеты пацікавілася ў маладых работнікаў, якія вырашылі застацца жыць і працаваць у раёне, што паўплывала на іх выбар.
Аляксандра Гліністая, дыспетчар ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас»:
— На Дзятлаўшчыну я трапіла па размеркаванні. Працаваць пачынала майстрам лесу ў Лявонавіцкім лясніцтве. Работа складаная для маладой дзяўчыны: трэба кантраляваць дарослых мужчын, некаторыя з якіх шмат гадоў у прафесіі. Але калектыў прыняў мяне цёпла, асвоіцца ў прафесіі дапамог мой непасрэдны начальнік, ляснічы Лявонавіцкага лясніцтва Анатоль Валянцінавіч Сліж, за што я яму вельмі ўдзячная. Праз паўтара года мне прапанавалі стаць дыспетчарам, і я пагадзілася. Працаваць у Дзятлаўскім лясгасе мне падабаецца, адчуваю падтрымку калектыву, што, лічу, вельмі важна для чалавека, які прыехаў з іншага раёна, «адарваўся ад каранёў». Дарэчы, на Дзятлаўшчыне я знайшла сваю «другую палавінку» — Аляксандра Гліністага. Нядаўна мы згулялі вяселле. Мяркую, родная старонка мужа стане і мне другой радзімай.
Пакуль мы, як маладая сям’я, наймаем кватэру. Праблема ўласнага жылля застаецца адкрытай: крэдыты не выдаюцца, а назбіраць грошай на пакупку ці будаўніцтва не атрымліваецца. Вельмі спадзяёмся, што ў бліжэйшы час у нашай краіне штосьці ў гэтым плане зменіцца: зноў адкрыецца льготнае крэдытаванне ці будуць унесены папраўкі ў закон аб службовым жыллі.
Наогул, я лічу асноўнымі крытэрыямі, якія спрыяюць замацаванню маладых спецыялістаў, — правільны выбар прафесіі, добры калектыў, службовае жыллё.
Яўген Дворык, галоўны заатэхнік СВК «Граніт-Агра»:
— Я нарадзіўся ў вёсцы Лапушна. Пасля заканчэння школы сам выбраў прафесію і вырашыў, што абавязкова буду працаваць у СВК «Граніт-Агра», дзе праходзіў пераддыпломную практыку і паспеў станоўча сябе зарэкамендаваць. Таму маё размеркаванне сюды можна назваць планавым.
Сапраўды палюбіць сваю прафесію, стаць энтузіястам выбранай справы атрымалася дзякуючы старшыні гаспадаркі і намесніку па жывёлагадоўлі. Яны прывілі мне пачуццё абавязку, адказнасці за свае дзеянні і ўчынкі. Ужо праз год работы я ўпэўнена мог сказаць, што абавязкова застануся тут. Дарэчы, нядаўна гаспадарка выдзеліла мне новы дом. У СВК «Граніт-Агра» ёсць шмат маладых людзей, якія засталіся ў калектыве пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі, і ў гэтым вялікая заслуга старшыні С. С. Мазура, які зацікаўлены ў маладых кадрах, умее выслухаць работніка, дапамагчы ў вырашэнні праблем.
Думаю, для таго, каб сярэднестатыстычнаму беларускаму маладому спецыялісту застацца пасля размеркавання, яму варта яшчэ пры паступленні разумець, якую спецыяльнасць сабе выбірае. Дзяржава траціць грошы на наша навучанне, і мы павінны гэта кампенсаваць стараннай працай, любоўю да прафесіі. Дарэчы, поспех гаспадаркі, добрыя зарплаты работнікаў напрамую залежаць ад укладу ў агульную справу кожнага члена калектыву. Калі разам збіраюцца энтузіясты, будзе і вынік.
Аляксандр Лімдзьянаў, дырэктар дзяржаўнай установы «Дзятлаўскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб»:
— Дзятлава — мой родны горад, па гэтай прычыне я трапіў сюды працаваць па размеркаванні. Спачатку працаваў у цэнтры турызму і краязнаўства, затым з’явілася магчымасць кар’ернага росту і работы непасрэдна па спецыяльнасці, чым і скарыстаўся. Мне цікава працаваць з людзьмі — дзецьмі і дарослымі, — ладзіць для іх спартыўныя спаборніцтвы. Работы ў нас заўжды хапае: спартыўныя секцыі, якія працуюць пры ўстанове, запоўнены.
Паколькі я мясцовы жыхар, то льготамі, прадугледжанымі для маладых спецыялістаў, мне скарыстацца не давялося. Але лічу, што замацаванню моладзі ў раёне найчасцей спрыяюць атрыманне службовага жылля, камфортная атмасфера ў калектыве, памер заработнай платы.

 Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *