Напрыканцы мінулага года споўнілася 55 гадоў з дня ўтварэння ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. З нагоды важкага юбілею шосты раз на гезгалаўскай зямлі, у мясцовым Доме культуры, сабраліся ветэраны ракетных войскаў і госці, каб разам павіншаваць адзін аднаго са святам.
Невыпадкова ўрачыстасці, прысвечаныя ракетным войскам, ладзяцца менавіта ў Гезгалах. У далёкім 1962 годзе гэты пасёлак быў створаны Міністэрствам абароны СССР у якасці жылога ваеннага гарадка для сем’яў вайскоўцаў з падраздзяленняў ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння Савецкай Арміі.
У гэты ж час была сфарміравана 49-ая ракетная дывізія, якая пазней, у перыяд з красавіка 1980 года да лістапада 1981 года, была пераўзброена на ракетны комплекс РСД-10 і з 5 снежня заступіла на баявое дзяжурства ў складзе пяці ракетных палкоў.
19 студзеня 1984 года 49-ая ракетная дывізія, у склад якой уваходзіў і Гезгалаўскі гарнізон, была ўзнагароджана вымпелам Міністра абароны СССР «За мужнасць і доблесць, праяўленыя ў вучэннях».
Урачысты сход распачаўся вынасам баявога сцяга 49-й Чырвонасцяжнай Станіслаўска-Будапешцкай ракетнай дывізіі. Мерапрыемства адкрыў старшыня савета ветэранаў працы і ўзброеных сіл Гезгалаўскага гарнізона Канстанцін Дзмітрыевіч Лунь. Ён павітаў прысутных і перадаў слова старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Івану Іосіфавічу Крахмальчыку.
— Дзень ракетных войскаў і артылерыі ў Рэспубліцы Беларусь святкуецца 19 лістапада, у дзень пачатку контрнаступлення савецкіх войскаў пад Сталінградам у 1942 годзе, – адзначыў кіраўнік раёна. – Але ў якой бы краіне мы ні жылі, у Савецкім Саюзе ці ў Рэспубліцы Беларусь, важным застаецца адно – захаванне і вернасць слаўным вайсковым і гераічным традыцыям пакаленняў.
Іван Іосіфавіч Крахмальчык уручыў Ганаровую грамату Дзятлаўскага райвыканкама А.В. Волкаву, адзначыў Падзячнымі пісьмамі В.У. Ісаенку, А.С. Жуйкова.
Намеснік старшыні савета ветэранаў працы і ўзброеных сіл Гезгалаўскага гарнізона Аляксандр Віктаравіч Волкаў згадаў гісторыю стварэння звышсакрэтных ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння ў складзе Узброеных Сіл СССР, павіншаваў прысутных са святам. Са сваімі вершаванымі словамі віншавання на сцэну Дома культуры падняліся і вучні Гезгалаўскай сярэдняй школы.
— Вы ўносіце вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі, павышэнне аўтарытэту арміі і прэстыжу вайсковай службы, вашы доблесныя справы дзеля Радзімы служаць прыкладам для сучаснага пакалення, – звярнуўся да ветэранаў-ракетчыкаў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Тадэвушавіч Суравец.
З нагоды 55-й гадавіны ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння ён уручыў памятныя медалі, нагрудныя знакі “55 год РВСП” і Ганаровыя граматы.
Урачыстую эстафету прыняў старшыня Дзятлаўскага савета ветэранаў Леанід Юльянавіч Кашко. Ён уручыў Ганаровыя граматы савета ветэранаў Г.М. Бяляўцавай, А.А. Шаплаўскаму, М.С. Губяйчуку.
Павіншаваць гезгалаўскіх ветэранаў-ракетчыкаў прыехаў член каардынацыйнага савета Міжнароднага грамадскага аб’яднання ветэранаў РВСП, старшыня савета ветэранаў 49-й ракетнай дывізіі Іван Васільевіч Кірычэнка, а таксама намеснік старшыні Лідскага савета ветэранаў Валерый Мікалаевіч Бушлякоў.
Фінальным акордам урачыстасці і падарункам усім прысутным стала тэматычная канцэртная праграма, падрыхтаваная работнікамі мясцовага Дома культуры і школьнікамі.
Н. АВЯРЧУК