Патрыятызм анлайн

Падзеі

“Хто такі патрыёт? Ён дарослы, як тата, ці маленькі, як я? Патрыёт – гэта прафесія такая?” Нашы маленькія дзеці-чамучкі часта задаюць пытанні, на якія дарослым бывае вельмі няпроста адказаць. Тут на дапамогу бацькам прыходзяць педагогі дашкольных навучальных установаў, якія маюць правільныя словы і цікавыя методыкі для гарманічнага, у тым ліку патрыятычнага выхавання нашай падрастаючай будучыні. Доказам таму – незвычайныя заняткі ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №2 горада Дзятлава, якія правяла педагог Аліна Гіго.

У занятках, прысвечаных абаронцам Айчыны, прымалі ўдзел выхаванцы старэйшай групы дашкольнай навучальнай установы . Аліна Аляксандраўна распавяла дзецям, хто такія абаронцы Айчыны і навошта яны патрэбны кожнай краіне. Педагог паспрабавала патлумачыць і нават паказаць дзецям, што такое вайна і чым яна страшная для чалавека.

— Вайна – гэта выбухі, агонь, слёзы, боль і пакуты людзей, – нагадала дзецям выхавальніца і паказала на макеце, якой была планета ў час вайны. – Усіх, хто абараняў сваю Радзіму, называюць героямі, патрыётамі.
Дзеці дэкламавалі вершы патрыятычнай тэматыкі, правялі разам з педагогам фізкульт-хвілінку, у час якой паказалі сапраўдную страявую падрыхтоўку.

Спрадвечная тэма абароны Радзімы загучала на занятках Аліны Гіго па-новаму дзякуючы выкарыстанню сучасных тэхналогій. Сярод іх – з’яўленне на экране інтэрактыўнага вядучага, палкоўніка 140-й часці пагранічных войскаў горада Мінска. Ён расказаў дзецям пра роды беларускіх войскаў і іх функцыі.
З дапамогай спецыяльнай адукацыйнай камп’ютарнай праграмы дашкольнікі, не пакідаючы свой родны горад, змаглі наведаць мінскі новы музей Вялікай Айчыннай вайны, пазнаёміцца з ваеннай тэхнікай і зброяй, баявымі ўзнагародамі. Экскурсаводам у час віртуальнай экскурсіі стала сама выхавальніца .
— Нават найноўшых камп’ютарных тэхналогій недастаткова, каб заняткі з дзецьмі былі эфектыўныя, – па заканчэнні ўрока падзялілася сваім меркаваннем Аліна Аляксандраўна. – Мы заўсёды спалучаем іх з іншымі відамі дзейнасці, дзе выхаванцы садка – непасрэдныя ўдзельнікі.
Таму пасля экскурсіі і гутаркі дзеці разам з педагогам заняліся разгадваннем крыжаванкі і рэбуса; з дапамогай загадзя зробленых нарыхтовак яны ўпрыгожылі планету Зямля, разам выклалі папяровымі зорачкамі самае галоўнае слова ўсіх часоў і народаў – МІР .

Нестандартныя па форме правядзення і метадах работы з дзецьмі заняткі закончыліся таксама сюрпрызам: дашкольнікі паўдзельнічалі ў акцыі-пераўвасабленні “Падары сардэчка Беларусі”. Кожны з іх загадаў і агучыў жаданне, якое з’явілася на экране, на карце Беларусі, у выглядзе маленькага каляровага сэрца.
2015 год, у які ўсе беларусы святкуюць юбілей Вялікай Перамогі, Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №2 горада Дзятлава праводзіць пад эгідай пазнавальнага развіцця і патрыятычнага выхавання дашкольнікаў. Работа ідзе ў некалькі этапаў. Першы – прысвечаны сям’і: гэта сумесныя гульнёвыя праграмы для бацькоў і іх дзяцей, фотавыставы “Мама, тата, я – шчаслівая сям’я”, “Мама, тата, я – здаровая сям’я”, “Я і мае сябры”; другі – падрабязнае знаёмства са сваёй малой радзімай: падрыхтоўка тэматычных насценгазет, экскурсіі па горадзе да сацыяльна значных аб’ектаў (краязнаўчы музей, дзіцячая бібліятэка, аддзяленне сувязі, Дом быту), помнікаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне; трэці этап – “Мая родная старана”, вывучэнне нашай краіны Беларусі, роднай мовы, традыцый, сімволікі. Цэнтральную ідэю педагагічнай работы, якая будзе доўжыцца на працягу года ў дашкольнай навучальнай установе, выказала намеснік загадчыцы ДЦРД №2 горада Дзятлава Марына Іванаўна Янушкевіч:
— Мерапрыемствы, якія праводзяцца сёлета і штогод у нашай навучальнай установе, накіраваны на тое, каб кожны дашкольнік не толькі развіваўся, атрымліваючы новыя веды, але з дзяцінства ўсведамляў сябе важнай часцінкай сваёй сям’і, роднага горада, нашай краіны – Рэспублікі Беларусь.

Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *