Фінансавыя веды — для школьнікаў

Падзеі

ААТ “Белаграпрамбанк” працягнуў добрую традыцыю і чарговы раз падтрымаў святкаванне рэспубліканскага Тыдня фінансавай адукаванасці дзяцей і моладзі.

Супрацоўнікі разлікова-касавага цэнтра №22 у горадзе Дзятлаве правялі ў банку экскурсію для вучняў 4-10 класаў СШ №1 райцэнтра, у час якой разам са школьнікамі скіраваліся ў захапляльнае падарожжа па краіне фінансавых ведаў разам з казачным талісманам банка Агрыкам.

Дзеці змаглі пабачыць работу банка “знутры”, наведаць кожны яго аддзел, пазнаёміцца з работай спецыялістаў.

Юныя ўдзельнікі мерапрыемства актыўна задавалі пытанні і прымалі ўдзел у адкрытых дыскусіях на зусім не дзіцячыя тэмы ў галіне фінансавай адукаванасці.

У размове са школьнікамі прыняў удзел і старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Іван Крахмальчык. Ён зазначыў, што ведаць фінансы сёння вельмі важна, што раёну патрэбны адукаваныя спецыялісты. Іван Іосіфавіч выказаў спадзяванне, што ўсе прысутныя на мерапрыемстве, атрымаўшы пасля заканчэння школы сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю ў навучальных установах рэспублікі, вернуцца працаваць у свой раён, каб рабіць яго квітнеючым.

Некалькі дзяцей ужо на самім уроку фінасавай адукаванасці былі гатовы аформіць заяўку на выпуск дзіцячай банкаўскай карткі, а таксама выказалі вялікую цікавасць да дзіцячай ашчаднай праграмы “Расці вялікі”.

Вясёлкавыя дзіцячыя ўсмешкі толькі пацвердзілі, што ўрокі фінансавай адукаванасці вельмі актуальныя для дзяцей і падлеткаў. Працягваючы гэту добрую традыцыю, мы ўпэўнены, што наша будучыня – у надзейных руках.

С. ШАФАРЭВІЧ,
намеснік начальніка РКЦ №22 у г. Дзятлаве



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *