Новыя імёны Дзятлаўшчыны

Падзеі

Па выніках раённага адборачнага туру конкурсу «Новыя імёны Беларусі» права прадстаўляць Дзятлаўшчыну на абласным этапе атрымалі Ірына Гапоненка, Алеся Чурай, Мікалай Райко. Карэспандэнтка газеты пагутарыла з імі, папрасіла расказаць пра сябе і свет сваіх захапленняў.

У ТАЛЕНТА — НАРОДНЫЯ ВЫТОКІ
Ірына Гапоненка  валодае ярка выражаным «народным» голасам. Як лічыць сама дзяўчына, яна атрымала яго ў спадчыну: у свой час яе бабуля Аляксандра Шыдла спявала ў фальклорным гурце вёскі Погіры, з’яўлялася яго кіраўніком. Спявала ў гурце і Ірына. А вось прыйшоўшы ў Гезгалаўскі сельскі дом культуры, яна пачала асвойваць песеннае майстэрства «ўсур’ёз» пад кіраўніцтвам Святланы Русак. Тандэм прынёс плённыя вынікі: Ірына паспяхова прымала ўдзел у творчых конкурсах, сярод якіх «Звонкая раніца», «Масты надзей».
Цяпер Ірына вучыцца ў Лідскім музычным каледжы на дырыжора. Яна яшчэ і салістка эстраднага аркестра горада Ліды. У рэпертуары дзяўчыны шмат песень Ані Лорак, Паліны Гагарынай. Такі выбар не выпадковы: іх песні маюць шырокі дыяпазон, дазваляюць голасу загучаць у поўную сілу.
Як творчы чалавек, Ірына яшчэ піша вершы, малюе. Гэтаму навучылася самастойна. У калекцыі дзяўчыны шмат патрэтаў, сярод якіх ёсць і партрэты родных і блізкіх.
Дарэчы, менавіта тата і параіў Ірыне паўдзельнічаць у конкурсе «Новыя імёны». У дылеме, за які раён выступаць — за Лідскі ці Дзятлаўскі, Ірына аддала перавагу малой радзіме.
Як прызнаецца Ірына, перад выступленнем яна крыху хвалявалася. Аднак, мяркую, гэта было вядома толькі самой артыстцы: на сцэне яна трымалася вельмі ўпэўнена. Зразумела, спрыяў гэтаму вялікі сцэнічны вопыт. А яшчэ, на думку Ірыны, залог паспяховасці любога артыста ў тым, каб адчуваць душой і сэрцам песню, якую выконваеш, разумець, пра што спяваеш, быць сумленным на сцэне. І тады песня абавязкова закране сэрцы гледачоў.

МАДЭЛЬЕР, ЯКІ СПЯВАЕ
Як і Ірына Гапоненка, Алеся Чурай  — ураджэнка Дзятлаўшчыны. Яна родам з Белагурна. І менавіта дырэктар сельскага Дома культуры гэтага населенага пункта Святлана Венская прапанавала дзяўчыне паўдзельнічаць у конкурсе «Новыя імёны Беларусі».
У сям’і Алесі спяваюць мама і цёця. Сама дзяўчына спявае з шасці гадоў. Пасля заканчэння школы яна нават меркавала паступіць вучыцца ў Гродзенскі каледж мастацтваў. Аднак з-за абставінаў стала навучэнкай Баранавіцкага каледжа сферы абслугоўвання, атрымала спецыяльнасць мадэльера-канструктара. У час вучобы Алеся таксама не забывала аб творчасці, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці каледжа, у песенных конкурсах, якія праводзіліся ў горадзе Баранавічы, — «Рытмы маладосці», «Час зоркі».
Акрамя захаплення песняй, Алесі падабаецца яшчэ гуляць у валейбол, а таксама займацца рукадзеллем — вышываць крыжыкам карціны.
Па натуры Алеся — аптыміст. Менавіта гэта і дазваляе ёй дасягаць пэўных поспехаў, у тым ліку і на творчай ніве. А яшчэ, як лічыць Алеся, каб стаць сапраўднай артысткай, неабходна плённа працаваць. І не толькі над вакальнымі дадзенымі, але і над душэўным станам, сваім настроем.
— Здараецца ўсялякае, — адзначае дзяўчына. — Напрыклад, у цябе кепскі настрой, а трэба ісці выступаць на сцэну. Аднак, калі бачыш, што сярод гледачоў пануе пазітыўны настрой, яны падтрымліваюць цябе апладысментамі, то і твой кепскі настрой праходзіць.

ПРАЦУЕ НАД АЛЬБОМАМ
Мікалай Райко  — ураджэнец Іўя. Прыехаў на Дзятлаўшчыну пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта працаваць інжынерам-энергетыкам у СВК «Граніт-Агра».
У студэнцкія гады ён працаваў вядучым у клубах Мінска, цяпер разам з сябрам займаецца запісам альбома. Песні Мікалай піша сам — лірыку, хіп-хоп, рэп. Захапленне гэтым жанрам у маладога чалавека пачалося са знаёмства з творчасцю групы «Каста». А вось прыкладам артыста, які працуе ў жанры рэп, для Мікалая з’яўляецца расійскі спявак Васіль Вакуленка.
Спявае Мікалай з 12 гадоў. Самастойна навучыўся іграць на гітары. На гэтым малады чалавек спыняцца не збіраецца. У планах — асвоіць відэарэжысуру, мантаж кліпаў. Як кажа Мікалай, сёння гэтая сфера даволі запатрабаваная.
Ставячыся да асабістага часу, як да каштоўнасці, Мікалай не разменьвае яго на дробязі. Калі выдаецца свабодная хвілінка, ён піша песні, чытае. Кніжны густ даволі сур’ёзны — класіка замежнай літаратуры. А вось адпачынкам для Мікалая з’яўляецца наведванне басейна, гульня ў більярд.
З моманту прыезду на Дзятлаўшчыну Мікалай Райко з’яўляецца пастаянным удзельнікам раённых мерапрыемстваў, ён ужо добра вядомы гледачам,яны цёпла яго сустракаюць.
Шчыра вітала публіка і выступленне Мікалая на раённым этапе конкурсу «Новыя імёны Беларусі», паўдзельнічаць у якім маладому чалавеку прапанаваў старшыня раённага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *