Раённы адборачны этап рэспубліканскага моладзевага вакальнага конкурсу «Новыя імёны Беларусі», арганізатарам якога выступае Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры і Нацыянальнай Белтэлерадыёкампаніі, прайшоў на Дзятлаўшчыне. Сваё вакальнае майстэрства на ім прадставілі 12 канкурсантаў.
Канцэртная праграма адбылася ў раённым Доме культуры. Падтрымаць канкурсантаў сюды прыйшлі іх родныя і блізкія, сябры, калегі. Яны дарылі выканаўцам апладысменты і кветкі. А кампетэнтнае журы на чале з намеснікам старшыні райвыканкама М. В. Мацюкевічам ацэньвала вакальнае майстэрства канкурсантаў, іх уменне трымацца на сцэне, сцэнічны вобраз.
Па выніках раённага адборачнага этапу сертыфікат удзельніка атрымалі Марына Шаўчук, Кацярына Сцяпура, Алена Мялян, Іван Кашко, Марына Варган, Аляксандра Палечык, Кацярына Горбач, Інеса Лупач, Яўгенія Крывіня. Яўгенія адзначана і спецыяльным прызам журы. А вось удзел у абласным этапе конкурсу «Новыя імёны Беларусі» прымуць Мікалай Райко, Ірына Гапоненка, Алеся Чурай. Імёны пераможцаў агучыў старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў А.Д. Сатараў, пажадаў ім поспехаў на абласным этапе конкурса. Згодна з палажэннем, абласны адборачны тур рэспубліканскага конкурсу «Новыя імёны Беларусі» пройдзе 19 сакавіка ў Гродне.
А.ДУБРОЎСКАЯ